Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Выбудоўваючы форму пункціра, шукаючы спосабы і прыёмы для яе стварэння, паэту даводзіцца тлумачыць (найперш самому сабе) сваю ролю ў іх. Стан сузірання, які можна суаднесці з усходнім прынцыпам У-Вэй, ня-дзеяння (падобны матыў мы адзначалі ўжо пры разглядзе вершаў першага зборніка Разанава) яскрава выявіўся ў пункцірах «пераходнага» тыпу: Сяджу дома – / не падарожнічаю, не вандрую. / Падарожнікі апавядаюць / пра свае ўражанні і назіранні – / назіраю адно за імі [99, с. 138].
Такім чынам, нават у нібыта сядзенні лірычнага героя на месцы няма бяздзеяння: ён назірае – дзейсніць медытацыю. Але ў тым, што аўтар прамаўляе пра сваё назіранне, уласна назірання яшчэ няма. Назіранне з’яўляецца тады, калі ён становіцца вандроўнікам. «...пункціры і заўважаюцца на дарозе, – кажа паэт. – Седзячы дома, іх не напішаш. Трэба быць у дарозе, каб заўважыць тое, што адбываецца на дарозе» [134, с. 7]. І ў тым, што лірычны герой медытуе вандруючы, няма парадоксу: увесь сусвет знаходзіцца ў перманентным руху, і ўсе мы, прыгадваючы энергетычныя радкі з верша М. Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...» (дарэчы, адзін з першых беларускіх верлібравых тэкстаў), – «Толькі падарожныя, / – папутнікі сярод нябёс. / Нашто ж на зямлі / Сваркі і звадкі, боль і горыч, / Калі ўсе мы разам ляцім / Да зор?» [15, с. 212].
Пункціры далейшых зборнікаў – «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), «Паляванне ў райскай даліне» (1995) і «Рэчаіснасць» (кніга датуецца 1998 г., але нізка пункціраў – 1995 – 1997 гг.) вызначаюцца большай устойлівасцю жанравых межаў. Адзначыўшы тэндэнцыю да змяншэння страфы і лаканічнасці думкі і вобраза з кожнай наступнай кнігай, будзем разглядаць іх асаблівасці і характэрныя паэтычныя прыёмы ў агульным блоку, без спецыяльнага агаворвання крыніцы цытавання.
Для пункціраў сярэдзіны 1990-х характэрны такі троп, як адухаўленне. Часам яно адбываецца проста праз зварот да пэўнага прыроднага аб’екта, рыхтык да жывой істоты, як у наступным прыкладзе. Такі прыём адсылае да фальклорнай традыцыі. Акрамя ручая тут адухаўляецца (надзяляецца здольнасцямі памяці) і рака: «Не бойся цячы, ручай, / у яры і ў яму: / рака / цябе не забудзе» [102, с. 62].
Нярэдка пункцір заканчваецца рытарычным запытам з адценнем незавершанасці, што графічна абазначана спалучэннем пытальніка, клічніка і кропкі (?!.). У наступным творы прысутнічаюць адухоўлены аб’ет (мост), ад імя якога гэты рытарычны запыт і дзейсніцца: «Рэчка замерзла. / Мост / здзіўляецца лёду: / адкуль ты ўзяўся?!.» [102, с. 58]. Іншы прыклад нечаканага і трапнага адухаўлення маем у творы, дзе гліне, архетыповаму слову-сімвалу, надаецца такая чалавечая якасць, як скрайняя прагнасць: «Якая прагная гліна!.. / І з жабрака / сцягвае боты» [102, с. 77].
Нярэдка паэт скарыстоўвае прыём проціпастаўлення (у наступным пункціры ў гэтых адносінах знаходзяцца прыметнікі «лёгкі» – «цяжкі»): «На першым снезе / лёгкі заечы след / і чалавечы – цяжкі» [102, с. 58]. Вось прыклад проціпастаўлення пераносных значэнняў дзеясловаў («снег настае» – «наваколле растае»). Варта дадаць, што гэтыя значэнні не толькі пераносныя, але і кантэкстава не ўжывальныя і ствараюць новы, аказіянальны, сэнс: «Зімовыя прыцемкі: / снег настае, / растае наваколле» [102, с. 60].
Даволі рэгулярна ў пункцірах скарыстоўваецца сінтаксічны паралелізм: «Ветраны ранак. / З дрэў / цярушыцца лісце, / з вачэй / точацца слёзы» [104, с. 189]. Надзвычай метафарычны сінтаксічны паралелізм прадстаўлены ў наступным пункціры, дзе другі перыяд паэтычнага маўлення – адасоблены ад другога працяжнікам – вынікае з першага: «Вяду вясноваю вуліцаю / з бальніцы / маці сваю старую – / вяду / сваю старасць» [102, с. 65].
Вобраз бальніцы досыць ужывальны ў мініяцюрах зборніка «Паляванне ў райскай даліне». Тут жа заўважаем рэгулярную паўтаральнасць памянёных «сезонных» слоў, што часта ўзыходзяць да сімвалаў: снег (у самых разнастайных вобразных варыянтах), дождж («першыя кроплі дажджу, кроплі дажджу пастукаліся ў акно, злоўлены язь ловіць ротам дажджынкі»); куст бэзу («бэзавы куст заквітнеў»), матылёк («Сеў матылёк на куст/ квяцістага бэзу – і ўбачылі ўсе адразу,/ які фіялетавы бэз,/ а матылёк – бялюткі!»); іншыя раслінавыя вобразы («Бульба цвіце./ У рамонкаў/ круглыя вочы»; «шчаслівіцывербы», «бяроза каля царквы», «бярэзіна ўсохла», «вішня наўскрай дарог», «вішні цвітуць») і інш.