Маўчанне травы: Паэма лёсу
- Автор: Зуёнак Васіль
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маўчанне травы: Паэма лёсу». Краткое содержание книги:
Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.
Перейти на страницу:
— Мы з табой, Васіль, адной вяроўкай
Звязаны. Не разарве і чорт,—
Трыханок да бацькі будзьздароўкнуў.—
І ніхто не выкіне за борт.
Без такіх, як мы з табой, улада
Ні адна яшчэ не пражыла.
На гарбе вязём любы парадак,—
За шчакой у Трыхана жаўлак
З агурком хадзіў...
— Але не густа
Возчыкаў такіх, як паглядзець...
— А чаму? — рот захліпнуўся хрустам.—
Бо ў запечку хочам прасядзець.
Вось і ты грабешся ў дэзерціры,—
Я прыкмеціў хітры твой шлагбаум:
Старшынёй служыў не для блізіру,
А парадак новы занядбаў.
Толькі адкрудіцца ў нас не проста,
Станеш супраць — вывернем каўбы.
— Помніцца, сёй-той і старшынёўствам
Васілёвым недавольны быў.
— Ну-у, ты снег залеташні не згадвай.
Ды і хто цяпер рассудзіць нас?
Можа, ўсё рабілася для чаду,
Каб не так стараўся на калгас.
— Я стараўся для зямлі, для хлеба,
Для жыцця стараўся. А цяпер,
Пагляджу, дык і яны пад небам
Не заўжды шануюць мой намер.
Пошасці такой нагадавалі,
Што за цэлы век не разграбеш...
— Гэта ўсё тры грошы за міндалі.
Час цяпер такі, што рэж ды еш.
— Біць ды рэзаць — не мая навука.
— Што, ...размаць, становішся на ўлік
У святыя? Выціраеш рукі?
— Не, у кроў макаць ix не прывык.
— Кроў не кроў, а грэбаваць уладай
Не рэкамендую. Кожны так
Затуліць у кут ахвоч азадак.
— Хопіць... Не для гандлю я пятак.
Здаў падатак, нават і сабачы,
I пясок на грэблю адцягаў,
На абшчыну Лосік вунь прызначан,—
Так што я вам болей не слуга.
— Го! Паслужыш — ды яшчэ з прысвістам:
Як мышэй, усіх пацягнем з нор.
Кажаш вунь — падаткі здаў начыста,
А ці чуў ты пра ваенны збор?
Не? Дык знай: не сёння — заўтра новы
Па абшчынах давядзём загад.
Не застанься ж дурнем базгаловым
I да ўлад не паварочвай зад.
Во і Зіну ўзяць: чаму ж у дзеўках
Ёй сядзець ды марнаваць узрост? —
Трыханок да справы неўспадзеўку —
Да галоўнай — павярнуў наўпрост.—
Ці няма дастойных кавалераў?
Думаю, што ёсць,— і Трыханок —
Збоку — сам сваю паставу змераў,
Даланёй прыгладзіўшы чубок.—
Дык чаму во нам не парадніцца?
Чым не зяць?
Але Васіль на жарт:
— Ты мяне тут сватаеш як быццам? —
Жаніхоў перакруціў азарт.—
Я ж не дзеўка. І твае ўгаворы
Для мяне — як аб сцяну гарох.
Я ў замужжы вунь ссівеў і спорна
Працу гэту ладзіў, бачыць бог.
Так што выбачай...
— Не тую песню
Запяяў і закруціў хвастом
Не туды,— ca злосцю Трыхан трэснуў
Кулаком, аж пахіснуўся стол.—
Я канкрэтна.
— Можна і патрэтна,
Як ты кажаш... Зараз і патрэт
Намалюю: смерць вісіць над светам —
Не відаць, дзе той, дзе гэты свет.
Што патрэт — крывёю рукі пахнуць.
Тут не да вяселля...
Трыханок
Захлібнуўся нейкім п'яным жахам:
— Я памыў. I ем во агурок.
— Еш сабе, калі яшчэ ён лезе.
Закусіць жа трэба: гэткі баль!..
— I балюю. Мне за Падбярэззе,
Калі хочаш, выпадзе медаль,—
Зноў на весялейшы троп узбіўся
Трыханок і з твару памякчэў.—
Я б, глядзі во, з ёю і злюбіўся
I па-людску зажылі б яшчэ...
Лялькаю была б. Павідла б ела,
Розную там панскую яду...
Мне зямлі цяпер хоць тры надзелы
Выбірай — любую аддадуць.
Ды і ты б, каб галавой кумекаў
I трымаўся за мяне ямчэй,
Стаў бы не апошнім чалавекам.
— Дзе ўжо мне... Не для маіх плячэй
Гэткія шнуры ды эпалеты...
— Дбай пра Зіну, покуль у цане.
Ці ў яе надзея на Саветы?
Думае, што вернуцца? О не!
Не дапусцім. А яна хай знае:
Ёсць яшчэ і гэткі варыянт:
З пункта А да пункта Б — прамая
Напрасткі дарога ў фатэрланд.
— Ну і што табе ў вясковай дзеўцы?
На тваім бы месцы я не браў
Згарача:
далі пасаду немцы,
То падкінуць нейкую і фраў.
A ў цябе вакансіі не будзе...
— Ты мялі паменей языком,
Дык паменей, можа, напаскудзіш
Сам сабе, бо Я цяпер закон.
Перейти на страницу: