Маўчанне травы: Паэма лёсу
- Автор: Зуёнак Васіль
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маўчанне травы: Паэма лёсу». Краткое содержание книги:
Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.
Перейти на страницу:
А бацька — цок ды цок:
Хай з навіны праснак
У печы смажыць бок,
Каб мы паелі ўсмак.
«Як будзем пры харчах —
Хвост загудзе трубой»,—
І гэханнем з пляча
Стырнуе малацьбой.
Падцокваем і мы,
Хоць жываты звяло,
Бо хлеба ад зімы
Ў роце не было.
Сутонне халадком
Збівала стому з плеч.
Духмяным праснаком
Дыхнула ў душы печ.
Патэльня — на загнет,
А мы ўжо тут як тут.
I мама толькі ўслед
Выносіла прысуд.
Паспела насушыць,
Паспела намалоць,
Цяпер адно крычыць:
— Не пхніце жываглоць!..
Пячэ руку праснак,
Гарачы, скача ў рот!..
I соладка размяк,
Як ап'янеў, жывот,
I цягне ўжо на бок,
I вочы мружыць сон,
I вогненны чубок
Плыве, як парасон,—
Ад лямпы ўсё далей,
Шырэе і расце...
Як дожджык-вадалей,
Шуміць сянцом пасцель.
Я дыхаю травой,
Як самы траўны цар,
I цёпла, з галавой,
У сон даю нырца.
Нарозмашкі грабу,
A хтосьці ў глыбіні
То дзьме, як у трубу,
То камаром звініць.
То адступае шум,
То зноўку наплыве...
I я наверх спяшу,
І сон ляціць з павек.
I той жa ў лямпе кнот
Трапеча аганьком,
I той жа мудры кот
Пад лаваю клубком,
I той жа... той... не-не —
А чый жа гэта цень
Сагнуўся на сцяне,
І хто там — на куце?..
Над скрыпкаю шчака,
Зажураны абрыс,
I са смычком рука
Ляціць то ўверх, то ўніз.
A ўпобачкі — хлапчук,
А ля сцяны — кіёк...
«Аніска»,— я шапчу.
— Паслухай, Васілёк...
Дык вось хто з глыбіні
Лягнуў наверх мяне,—
То на басах бубніў,
То стоена звінеў.
Аніску я пазнаў.
«Паслухай...» — гэта ён
Да бацькі так сказаў
I ўзяў ціхутка тон.
І раптам: як узмах
Забытага крыла,
Як ноччу сонца гмах,—
І хата ажыла.
Яна ляцела ўслед
За песеннай струной,
І ўжо з надзеяй свет
Схіляўся нада мной.
І ўжо як для мяне
Лавіў Аніска лад,
I ў цемры палымнеў
Яго сляпы пагляд.
Яшчэ крануць струну
Смычок не паспяваў,
А голас — праз вайну,
Праз жах і смерць — спяваў.
І ў хаце паміж нас ён,
Ён як жывы, стаяў,
Бо ў сэрцах не пагас:
«Страна... Москва моя...»
I веяла цяплом
I радасцю вясны.
Далёка за сялом
Мае блукалі сны...
Суцішыла струну
Аніскава рука,
Спалохана зірнуў
Васіль на хлапчука,
Спазна перасцярог:
— Ды дзеці ж тут якраз,
Яшчэ, хай крые бог...
— Ён хлопец свой у нас,—
Аніска твар узняў.—
Ды й твой жаўрук не спіць,
Дыханне, бач, уняў,—
Знаць, і яму карціць...
І дзіўна мне адно
Было: адкуль, чаму
І ўсё яму відно
І чутна ўсё яму?
Але маўчу, ляжу.
А бацька — шэп ды шэп,—
І нешта пра дзяжу,
І нешта ўсё пра хлеб.
«Куліна, ты ж кабет
Надзейных выбірай...» —
I зноў пайшоў сакрэт...—
«Вайна не каравай...»
A ўголас маме сам
Аніска гаварыў:
— Як ападзе раса,
На гэтым сухары
Хлеб замясі ў дзяжы,
А як спячэш, адзін
Свой бохан накажы
Размножыць на зачын.
На сем часцін пакрой —
Хай будзе сем па сем,—
Хай гэткаю ж парой
Замесяць хлеб усе.
Хай потым і яны
Зачын перададуць,
Хай па шляхах вайны
Твой бохан панясуць.
Астатнія ўсе шэсць
На сухары сушы,
Каб той, хто крошку з'есць,
Дужэў на тры душы.
А хто ён будзе — той —
Я не паспеў узнаць:
Калі, якой вярстой
Прыедзе ix узяць...—
I ўжо ад мамы ўбок,
Да бацькі, праз руку:
— Мужчынам дай намёк,
А бабы — хай пякуць...
I потым — зноў услых:
— Бывай жа, пасланец,
Як дойдзеш да сваіх,
Дык і вайне канец...—
Паклаў на стол замес —
Кавалак сухара:
Вяртайся, брат, у лес,
А мне,— сказаў,— пара.
— Куды ж такі паспех?
Ці гоніць хто праз ноч?
— Яно, спачыць не грэх,—
Аніска ўстаў наўзбоч,
Намацаў свой кіёк
I гэтак жа бачком
Ступіў:
— Пайшлі, сынок,
Нам лепей цемнячком...—
Праз хату наўскасяк
Хіснуўся доўгі цень,—
Мне ж, браце мой, няўзнак,
Ці ноч у вас, ці дзень.
А вочы вось мае,—
Пагладзіў хлапчука,—
Мы ўсюды з ім свае!
Не ўпершыню блукаць...—
Пявунню і смычок
У торбу палажыў
І тату за плячо
Крануў:
— Няхай ты жыў,
Во толькі што нацям
Прыйшло табе сказаць,
Хоць мог бы ты і сам
Вузельчык завязаць:
«Чаму ж гэта на смык
Жалейку ён змяняў?»
— Ды я ўжо так прывык,
Што ты на ўсім іграў.
— Іграў, ды не мяняў.
Жалейка ёсць, браток.
А скрыпка... Ты пазнаў?..
Пазнаў ты, чый смычок?
— Цяцерскага?
— Яго...
Пайшоў музыка наш
Да іншых берагоў,—
Бывай, зямны кірмаш...
Памёр ад бізуна:
Адзін галаварэз
Ці здуру, ці сп'яна
Ўсё з допытамі лез:
«Дзе скарбы пан хаваў?
Дзе быў ягоны спрат?..»
A ён, Цяцерскі, знаў...
Хоць і не вельмі шмат.
Адкрыўся тайны схоў
Музыку-лесніку:
На выспе, між імхоў,
Засечка на пяньку.
A ўзбоч — стары капец.
I пэўна, незнарок
Круціўся там хлапец —
Тваёй сястры сынок,—
Аніска Васіля
Схіліцца папрасіў
I мовіў напасля:
— Ён быццам там касіў.
Але прыкінь, адкуль
Хлапец вязьмо гранат
Цягнуў — і памяркуй:
Ні знаў Цяцерскі шмат?..
Ды толькі мне шапнуў.
I скрыпку перадаў...
Так з тыдзень працягнуў —
«І ўсё,— сказаў,— гайда...»
Вось гэткі, браце, спрат...
Маўчаў Цяцерскі наш...
А хто рабіў той склад,
Слядоў, сказаць, нямаш...
«3ахар!..— ледзь-ледзь Васіль
Не ўсклікнуў, як праз сон...—
Відаць, і калясіў
У Падбярэззе ён...
Відаць...»
Ды сцяўся ком
У горле: «Памаўчы...
Не ляпай языком
На вецер без прычын...»
Перейти на страницу: