Маўчанне травы: Паэма лёсу
- Автор: Зуёнак Васіль
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маўчанне травы: Паэма лёсу». Краткое содержание книги:
Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.
Перейти на страницу:
балада пальца
Ён быў маленькі,
Вельмі маленькі,
Нават самы маленькі —
Мезены.
Ён з краёчку
Хінуўся да жменькі,
Як сірата на хрэсьбінах:
«Сарока-варона
Дзеткам кашу варыла,
На прыпечку студзіла,
Памялом мяшала,
Чапялой давала.
Гэтаму дала,
I гэтаму дала,
I гэтаму дала,
І гэтаму дала,
А гэтаму не дала:
— Ты, малы, круп не драў,
Вады не насіў,
Дзяжы не мясіў.
Ідзі, малы, па вадзіцу,
У сцюдзёную крыніцу...»
Дык вось гэта быў якраз ён,
Той самы
Прымоўнічак,
Ад якога смяшлівая мама
Чакала помачы.
Чакала,
доўга чакала —
I дачакалася:
Дарога сына забрала —
Не запыталася.
Курсант праднавальнічнага
Саракавога...
«Ідзі, сынок, да крынічанькі...»
Маўчыць строга.
Маўчыць і вайна —
Пакуль што.
Прыцэл рэвальвера
Курсант — сэрцабойным культам —
Для фота прымераў.
А побач, на тым жа здымку,
Сябры баявыя —
З надзеяй:
У далечы дымнай
Чыёсьці сэрца заные...
Паслалі
І, колькі чакаць ix,
Сваім наказалі абранніцам...
А сэрца заныла ў маці:
Прыбегла да нас раніцай.
За ёю — і дзядзька Змітра.
Спаткнуўся цень ля пapoгa.
На жонку — не то што сярдзіта —
Зірнуў, як прасіў падмогі.
Даводзіў: «Ну й розум жаночы!
Ніяк не ўталкуеш:
Ды той жа фатограф што хочаш
На здымку ўраз адштукуе.
Ды ён табе правую з левай
Руку пераставіць можа».
Не слухала цётка Ева,
Плакала: «Божачка-божа!..
А дзе ж твой, сыночак, палец?..
Мая ж ты крывіначка ранняя...
Стралялі тамака, стралялі
I пэўна знячэўку
Ранілі...»
Схіліліся — дзеці, мужчыны
I маладзіцы:
На здымку курсанцка-гарэзлівым
Пальцы лічылі —
Няма, як пабег па вадзіцу
Той самы, маленькі,
Мезены.
I кожны суцешыць ахвочы.
Адны разважалі: «Падкурчыў»,
Другія: «Ды дзе вашы вочы —
ён проста фасоніў для дзевак...»
А цётка Ева
Пякучай
Слязою:
«Сыночак, сыночак,
А як жа табе балюча...»
Пакуль грамацеі ў школе —
Мяне пасадзіла на лаву,
Бо літары я адолеў,
На пісарства сцвердзіўшы права
Сяджу за сталом і «друкую»:
«А што ж там, Сямёнка, такое?»
Дыктуе.
А хто супакоіць?..
Ніхто і ніколі...
Дваццаць гадоў чакала
Адказу.
Шчадрыла цыганкам сала —
Не скрыўдзілі ані разу:
«Жывы. А вось і дарога —
Заедзе,
Як вылучыцца нагода...»
Пазелянелай меддзю
Вынырнула з-пад нарога
Ў Падмаскоўі гільза
Сорак першага года.
Прозвішча лейтэнанта
І адрас дамашні,—
Усё, што паперка згарнула.
Прыпіска: «Нашли на пашне,
Где насмерть стояли наши...»
Усё, што вайна вярнула.
Плакала цётка Ева,
Вочы запалі.
Плакала цётка Ева,
Пакуль і яе пахавалі.
Плакала перад сконам,
На сынава фота глядзела.
«А дзе ж той пальчык ягоны...»
Сэрца шчымела.
«А як жа табе балюча»,—
Пошаптам гаварыла...
Перейти на страницу: