Маўчанне травы: Паэма лёсу
- Автор: Зуёнак Васіль
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маўчанне травы: Паэма лёсу». Краткое содержание книги:
Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.
Перейти на страницу:
Цяжка, цяжка немцу гаспадарыць
У дзікунскай гэтай чарадзе.
Дзе сістэма? Дзе які рэжым?
Ні табе законаў, ні парадку...
Нос прыкрыеш — стукнуць па азадку,—
Стой над кулямётам і дрыжы:
Ці адтуль, куды нацэлен ён,
З тых кустоў, прасуне хтосьці рулю,
Ці з-за тыну ўсодзіць раптам кулю?..
Не жыццё, a д'ябальскі праклён.
Цыгарэтку немец суне ў рот,
Пальцы зябка гнуцца для паслугі,
Падае з пачырванелай глюгі
Кропля на застылы кулямёт.
Ды пагрэцца ёсць усё ж намер
У абодвух: немцу й кулямёту
Атрымаць спаўна сваё ахвота:
Ці кажух, ці спапялення звер.
Ён ужо абнюхвае страху,
I вуглы, і сцены крайняй хаты.
А за ёй — над кожнаю дзесятай
Вогненную вызначыў вяху.
Крайняй — значыць, нашай, як заўжды.
Потым перабраць было ўжо лёгка:
На другі дзесятак падаў Ёха,
Сілівей — на трэці... А тады...
Ды лічыць далей Васіль не змог:
Ля варот спынілася фурманка,
I, штурхнуўшы дзверы, проста з ганку
Трыханок гукнуў цераз парог:
— Што — чакаеш пеўня пад страху?!
Падпякуць!.. Як жабу на агнішчы.
Ці табе ладней на папялішчы
Будзе зімаваць у кажуху?
— Дзе кажух? Які цяпер кажух?
Быў, ды ў немца абмяняў на газу.
— Ты мне не адбрыквайся, зараза,
Лепш нясі, пакуль дабром кажу,—
I пабег. Як уцякаў з агню,
Як пачуў, што ўжо нясе гарэлым,
На каня галёкнуў азвярэла...
А Васіль пайшоў на паграбню.
Цеплынёй дыхнула жарало,
Як з накрыўкі пацягнуў кажару:
Будзь што будзе — мабыць, ад пажару
Неяк і ўратуецца сяло.
На дрывотню кінуў і дручком
Вытрасаў кастру і пыл з аўчыны,
Быццам шлункі выбіваў з нямчыны,
Што качаўся перад ім нічком.
То каротка ўрэжа па гарбе,
То ніжэй лапатак перацягне,—
Хто ён там: ці Кант які, ці Вагнер —
Кожнаму загрывак паскубе!
Водгулле за вёскаю плыло,
Бы дручком нямецкі дух адвейваў.
Хто ён там: ці з фугай, ці з ідэяй —
Ix для Васіля як не было.
Ix не знаў Васіль. Адно крыху
«Пакуміўся» з немцам у акопах.
Ды цяпер яшчэ во...—
І з прыхлопам
Зноў дручок хадзіў па кажуху.
І душу адводзіў і руку —
Біў Васіль, як цешыўся: ca смакам.
Прымаўляў:
— Так і стрыгуць сабаку:
За хваста — ды палкай па баку.
I пад пахай — на абшчынны воз,
Што стаяў ля Лосікавай хаты,
Нёс Васіль аўчынную адплату,
Водкуп нёс — ваенны той узнос.
Па дарозе Ёха супыніў, Задзівіўся:
— Дык і ты на пару
З Трыханком здаваць апратку шпарыш?
— Шпару, каб не скварыцца ў агні.
— Што ж, пагрэй дублёнкай немчуру,
I яны цябе, глядзіш, прыгрэюць.
А па мне — няхай там дзервянеюць:
З гэтакіх лягчэй здымаць кару.
— Ды заткнуць жа глотку гадаўю
Хоць ашмоццем трэба?.. Па сакрэту...
Плюнуў Еха і расцёр:
— А гэтак
З кажухом і душы прадаюць.
— Ды паслухай ты: во развяжу
Свой сакрэт — глядзі... Чырвоны грэбень
Каб не ўскінуў певень, я з прыгрэб'я
Накрыўку нясу, а не кажух,—
І Васіль той скрутак разгарнуў,
Збіты з дзюрак, дзюр і латак дробных.—
Ён ім адагрэе ўсім вантробы,
Ён паможа завяршыць вайну.
— А дарэмна з пограба валок...
— Ну а ты як? Падпякуць жа мігам.
Засмяяўся:
— Падпякуць? А фігу!
Я лічыў: дзесяты Трыханок.
— То хіба ж сябе падпаліць ён?
Не, брат, песню ты пяеш не тую.
Ды і хто твой хорам уратуе
Ад пажару — дзе такі заслон?
— Во! І я кажу: адзін клубок,—
Ухапіўся за падказку Ёха.—
Тут ужо абодвух спляжыць чохам.
Хай пячэ!.. I свой падсмаліць бок.
Павярнуўся Ёха і на двор —
Як бы нават весела — пакрочыў,
Як сказаў: паддайся так аднойчы,
Пусцяць, нібы ліпку, на абдзёр.
Не сцярпеў, з-за веснічак дадаў:
— То нясі, калі нясеш,— ратуйся.
Толькі ўжо хоць гэтак не пластуйся:
Не галоўная яшчэ бяда...
Як для нас, яно, і тут вайна,
Ну а мой жа там, пад малацьбою...
Што ж ты хочаш, каб і я з табою
Супраць сына немца апранаў?
Трыханок таксама панясе:
Цэлы воз дабра прыгнаў з блакады.
Ды спажыць ці ўдасца?..
Як ад гада,
Людзі адварочваюцца ўсе.
Вунь да Мотры ўнаначкі палез,
Хустку прывалок на падарунак,
Дык турнула з хаты:
— Свой рабунак
Іншым пасулі на інтарэс!..
Нават Мотра!..
Перейти на страницу: