Маўчанне травы: Паэма лёсу
- Автор: Зуёнак Васіль
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маўчанне травы: Паэма лёсу». Краткое содержание книги:
Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.
Перейти на страницу:
Пайшоў Аніска ў свет,
Бяздомны цар дарог.
І хто яму наўслед,
Хто пазайздросціць мог?..
Ці квецень у гульбе,
Ці вецер у быллі:
Дарога — на гарбе,
У зрэбным хатулі.
Завейным цаліком,
Двухжыллем каляін,
Пякучым жарсцвяком —
І сэнс, як свет, адзін:
Ахвоч ці не ахвоч,
Залева ці сухмень —
Дарога — дзень і ноч,
Дарога — ноч і дзень...
Даўно і мой парог
Сцяжынку адарваў,—
Ніхто не асцярог,
Ніхто не затрымаў.
Сцяжынку, што вяла
Мяне ў няблізкі рай:
Ад горкіх дум сяла
Ў лясны птушыны край.
Ён быў за паўвярсты,
Дзе цераз рэчку мост,—
Драздовыя кусты,
Крыжанак шызы плёс,
Калыска салаўіх —
Зялёная лаза,—
Загадка дзён маіх,
Што век не развязаць:
Чаму, з якіх прычын,
Як толькі сум кране,
Парог, дарог зачын,
Усё вяртае мне:
Лазу, кусты і плёс —
Вяртае — задарма,
Ды ўслед смяецца лёс:
Сцяжынкі той — няма.
З блуканнямі сувой
Ён кінуў мне ўзамен,
Задзервяніў травой
Мой след на сем кален.
Праз сем людскіх вякоў —
Сівых стагоддзяў дым —
Вярнуся да высноў —
Прыгожы, малады.
I ў гэтым шчасце ёсць —
Знаць, што ў нашчадках ты
Паўторыш маладосць —
Абраннік хваль крутых.
А бераг мой, аднак,
Усё далей, далей.
I Млечны Шлях — як знак:
Зямному паралель.
I наяву, і ў сне —
Парога пракляццё:
Дарога — праз мяне,
Дарога ўсё жыццё...
Пайшоў Аніска ў ноч,
I ўсё за ім пайшло:
Кіёк і торба ўзбоч,
Як зрэбнае крыло.
Пайшоў, як і хадзіў,
Да новых сёл і хат.
Пайшоў — заўжды адзін,
Усім — і сват і брат.
Ні клопату, ні бед
Няма і не было:
Пайшоў Аніска ў свет,
І ўсё за ім пайшло...
На цэлы свет, відаць,
Адзін Васіль вось так
Падумаў і шаптаць
Наўслед не стаў: «Бядак...»
Правёў цераз прагон
Гасцей да сасняку —
І пазайздросціў ён
Бяздомнаму кійку...
Перейти на страницу: