Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Даліла хацела прапісаць яго ў Разаліну хату — хаця б як субкватаранта. Але рокер наш пакуль цешыцца са свайго бамжоўскага статусу.
Што ж, лепшы сродак здушыць боль і крыўду — зрабіць іх тэмай жартаў.
Ці ня так рабіў Скаловіч?
Наконт хіміка меркаваньні тусоўкі падзяліліся. Адны лічылі яго апошнім мярзотнікам, другія — проста мярзотнікам. Макс, які пазнаёміўся з Нічыпаровічам, згадваў, што той Скаловіча шкадаваў. А Даліле ўпарта хацелася знайсьці ворага, з якім можна змагацца. Яна абяцала Разаліі Іванаўне выправіць выпадак з ігрушай і тварам хіміка, па якім згаданая ігруша сьцебанула. І яна выправіць.
А я… Мне не спадабалася, як Скаловіч паводзіў сябе з Антанінай. Але ж яна за нешта яго кахала? І верыла яму…
Што ж, адзін і той чалавек можа ўспрымацца рознымі асобамі абсалютова па-рознаму. І нават адзін можа быць розным. Аўтар назвы самай адыёзнай навукі, ідэалогіі — француз дэ Трасі, апазіцыянер Напалеона. Эпоха асьветніцтва, васемнаццатае стагоддзе… І вось учынілі браткі-асьветнікі рэформу навучаньня. І дэ Трасі напісаў падручнікі для тых школ, у якіх вучылі дзяцей, што мусілі, вырасшы, кіраваць грамадствам. А потым ён жа напісаў падручнік для школ, у якіх вучылі будучае быдла — тых, хто мусіць слухацца і выконваць. І гэта аказаліся зусім іншыя падручнікі, з іншай гісторыяй Францыі.
І нельга ж сказаць, каб ідэйны француз маніў — проста ў кожным падручніку была патрэбная праўда.
Гісторыя пра дэ Трасі — адзінае, што я запомніла з лекцый па ідэалогіі. Таму залік па згаданай сьпецыяльнасьці шчасьліва заваліла.
Засталася без стыпендыі. Супер.
Генусь падкінуў “халтурку” — рабіць вокладкі для пірацкіх дыскаў. І па начах я сядзела ў падвальчыку, дзе месьцілася туманістая кампутарная фірма, у якой ён працаваў, і цягала з Інтэрнэту патрэбныя кадры. І час ад часу засьпявала сябе на тым, што ў абліччах старых галівудскіх артыстаў спрабую ўгледзець рэзкія рысы Валяр’яна Скаловіча. І мімаволі вяртаюся да лёсу гэтага чалавека.
З сям’і артыстаў… Якіх менавіта? Аперэта? Драма? Дзе ігралі? На сталай сцэне ці ў антрэпрызе? Звычайна дзеці, якія вырастаюць у тэатральных сем’ях, самі рана пачынаюць выходзіць на сцэну. Часта іх выносяць туды яшчэ ў пялюшках. “Зорка” нямога кіно Мэры Пікфард, напрыклад, ужо ў пяць гадоў была прафесійнай актрысай, яе сястра таксама. Ад дзяўчатак кармілася маці, кінутая мужам, дзяцінства праходзіла ў гастролях… Танныя вагоны, халодныя грымёркі, боязь вырасьці з роляў анёлападобнага дзіцяці… Дарэчы, калі Мэры вырасла і нават выйшла замуж, маці, звыклая цалкам распараджацца талентам дачкі-зоркі, змусіла яе разьвесьціся і таемна зрабіць спарон, і бязьдзетная Мэры сьпілася. Стужкі са сваімі фільмамі ўсе спаліла.
Якое ж дзяцінства было ў Скаловіча? Мяркуючы па ягоным паскудным характары, ня надта шчасьлівае.
А ў нас — у каго было шчасьлівае?
А ці мы можам зрабіць чыёсьці дзяцінства шчасьлівым?
Дачка Далілы падхапіла ангіну. Даліла ўзяла бюлетэнь і лётала па кватэры з рознымі гогалямі-могалямі. Макс спрабаваў перадаваць апельсіны-цукеркі, накупіў адмыслова чорнага горкага шакаладу, які любіла сама Даліла — але тая хлопца турнула. Сама можа купіць. У доме ля могілак беспрытульны Едрусь брынкаў на гітары і нават паклаў на музыку адзін з вершаў сваёй апантанай мамачкі: на матыў “Запрагайце, хлопцы, коней…” сьпяваў “Медитацией спасёмся”.
Час ішоў. Крыжы на могілках патроху абрасталі мохам і заглыбляліся ў зямлю, нібыта хацелі схавацца ад цьмянага беларускага сонца. Але мы ўсе ведалі, што нашы падарожжы ня скончаны. Што настане час, і нехта зноў адправіцца Туды. Макс усё часьцей загаворваў пра таямніцы мінулага… Зьніклыя рукапісы…
Але ўсё вырашыла Даліла. Як заўсёды.
Кінула ўсім па эсэмэсцы — “Зьбіраемся”, а калі мы прыйшлі, то пабачылі нашу сяброўку апранутай у тую самую чорную сукенку, у якой яна хадзіла ў Засьценьне мінулы раз, і з тым самым рашучым выразам твару. “Мае грудзі, ваша амбразура, пацалуйце за мяне Пазьняка”.
Мы не пасьпелі толкам паспрачацца. Едрусь увогуле маўчаў, седзячы на ложку нябожчыцы і ўтаропіўшыся ў нефарбаваную драўляную падлогу колеру гнілой анучы. Мільганула чорная сукенка — і чакайце нас з таго сьвету.
А, яшчэ Даліла перад адыходам кінула Максу:
— Паклапаціся пра Віку!
Макс, зьбялелы, моўчкі нахіліў галаву.
А Едрусь і Генусь кінулі на яго вельмі аднолькавыя позіркі. Ня надта добрыя і надта тужлівыя.