Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Паўлюка Шукайлу, паэта-футурыста, дасталі і ў Ленінградзе. Ён зьехаў туды у 1932-м, пасьля таго, як удалося адвесьці абвінавачваньні па справе “Саюза вызваленьня Беларусі”. Там з ягоным харызматычным характарам таксама прабіўся — нават на пасаду віцэ-прэзідэнта Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. А потым — зноў пагроза арышту. Зьбег у Маскву… Хаваўся… Жыў абы-дзе… Ды ад савецкай улады не схаваешся! Расстралялі ў 1939-м, пасьля паўгоду допытаў. Але — вось рэдкасьць! — вінаватым сябе не прызнаў. З характарам быў наш першы футурыст.
Выпадкова пабачаная мною студэнцкая парачка так і засталася неапазнаная.
Мы спрачаліся, сварыліся, мірыліся... Тэрмінатар нападаў на Макса, Даліла на ўсіх… Едрусь па-сяброўску ляпаў мяне па плячы: “Трымайся, старая…”
Ад гэтага сяброўскага тону мне хацелася злосна і тужліва выць, як кінутаму ваўчаняці.
А Едрусева мама яшчэ ўчыніла: у паэтычным салоне, куды яна хадзіла, ёй канчаткова затлумілі галаву ейным высокім талентам. Гаспадыня салону, вядомая артыстка, любому гатовая была пазычыць крылаў. Томік вершаў з аўтографам выбітнага паэта Анатоля Сыса ляжаў у яе ў адным стосіку з рускамоўнай графаманіяй — і на тых жа правах. А чым горшая ад Сыса паэтка, якая пайшла працаваць стрэлачніцай, каб быць далей ад зямной мітусьні, і напісала сто санетаў, прысьвечаных савецкаму сьпеваку Юрыю Антонаву? Прынамсі, яна ж ня п’е. І не памрэ, як Сыс, перад уласнай прыбіральняй, захлынаючыся ад крыві і паху таннага віна, і ведаючы — няма каму прыйсьці, знойдуць, дасьць Бог, дні праз тры-чатыры.
Карацей, Едрусева мама напісала нават ня сто — тысячу вершаў па матывах Жывой Этыкі Рэрыхаў. Аўры-шмаўры. Шамбала-камбала. Вядома, гэта адкрыцьцё, шэдэўр, падзея, і неадкладна трэба выдаць кніжку.
Ніхто з салонных “ахальшчыкаў” ахвяраваньняў сваіх, аднак, на “шэдэўр” ня даў. І паэтэса — зарплата бібліятэкаркі вядома якая — вырашыла прадаваць кватэру.
Не, не, яна ўсё прадумала — не застанецца без жытла, замест двухпакаёўкі купіць аднапакаёвую, дзе-небудзь на ўскраіне. А ўвогуле дастаткова і маленькага пакойчыка ў камуналцы.
Шкада? На ТАКОЕ шкада? Усяго за пяцьсот долараў можна, кажаце, кніжку выдаць? Не ТАКУЮ, спадарове! Наклад і выданьне мусяць быць вартымі зьместу.
Адзіная замінка выйшла ў “геніяльнай паэткі”: у кватэры па-ранейшаму быў прапісаны яе недалужны сын Эдуард. І без ягонай згоды кватэру нельга было ні прыватызаваць, ні прадаць.
І вось аднойчы са сцэны клуба “Арэна”, пасярэдзіне песьні пра пляцы і палацы, Едрусь забачыў між дзяўчатак у марынарках і чорных кашулях ружовую з белымі карункамі блузачку сваёй матулі, што засяроджана, грэбліва падціснуўшы вусны, прабіралася да ганебнага ўзвышэньня, на якім гарлалі нешта непрыстойнае “наркаманы” з гітарамі, адзін з якіх ейны прапашчы нашчадак Эдуард.
Я сама прапанавала Едрусю прысутнічаць разам з ім пры перамовах — ён быў у такім адчаі, што згадзіўся. Але, баюся, мае завушніца ў ніжняй губе і фарбаваны басмай, чорнай і індыйскай, “вожык” на галаве не дадалі ўзаемаразуменьня пакаленьням. На жаль, я таксама падпадала пад катэгорыю “наркаманкі”.
Едрусь хутка ў чарговы раз пераканаўся, што заклікаць да розуму матулю дарэмна. Як ні абяцаў, што сам зьбярэ грошы на ейную кніжку, што ня трэба прадаваць кватэру — толькі абвінавачваньні ў бездухоўнасьці і карысьлівасьці. Увесь у татачку пайшоў. А выдаваць ТАКУЮ кніжку на грошы, здабытыя невядома як, хутчэй за ўсё антымаральным і антыграмадскім спосабам, яна нізавошта ня стане. Калі б Эдуард згадзіўся на дыягностыку кармы…
Тады Едрусь махнуў рукой і пакорліва пайшоў падпісваць усё, што падсоўвалі натарыусы.
А я яшчэ зрабіла глупства. У пэўны момант, абураная да пячонак, пачала раскрываць вочы паэтычнай мамачцы на сапраўдную мастацкую вартасьць ейных “хвостапісаў”, як называе падобную ўзвышаную ахінею мая знаёмая паэтка Наталка. Едрусь вельмі груба мяне “заторкнуў”, і, па-мойму, дасюль крыўдуе.
Маўляў, нельга пазбаўляць чалавека ілюзій, якія трымаюць яго ў гэтым жыцьці.
Сентыментальны… Шкадуе… А сам застаўся, лічы, без жытла і без прапіскі. “Бомж” натуральны. А паколькі рокерскае жыцьцё час ад часу сутыкае з міліцыяй — я ўжо ня ведаю, чым гэта для Едруся можа скончыцца.