Захоп Беларусі марсіянамі
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Захоп Беларусі марсіянамі». Краткое содержание книги:
— Здароў, Будзіцель! — з радасьцю ў голасе павітаўся Дудар.
Тупіцын рэзка павернуўся, ён ніяк не чакаў, што нехта ідзе ўсьлед за ім. На ягоным твары чытаўся спалох.
— А, гэта ты, Алесь, — Анатоль, пабачыўшы сябра, адразу палагаднеў і ўжо роўным, прыязным голасам сказаў: — А я нядаўна пра цябе згадваў.
— І што згадваў?
— Што ты мяне запрашаў паступаць ва ўнівэрсытэт, а я адмовіўся.
— І што, шкадуеш?
— Не, не шкадую, — упэўнена адказаў Ана-толь. — У мяне тут лес, грыбы. А ў цябе ў сталіцы толькі звады і даносы. — Будзіцель узьняў кошык і паказаў Дудару, колькі ён сёньня назьбіраў баравікоў.
— Ты ведаеш, я не пасьпеў табе расказаць адну дзіўную гісторыю.
— І пра што яна?
— Пра падземны ход у Полацку. Я давяраў та-бе і павінен быў расказаць.
— Дык раскажы зараз.
Сябры сышлі з дарогі і селі на цёплы, мяккі мох. І Дудар пачаў распавядаць усё ад самага пачатку: ад сустрэчы зь дзедам у кабінэце рэдактара полацкай газэты.
— А ты ведаеш, у мяне нарадзіўся сын, — выслухаўшы сябра, сказаў Анатоль.
— Віншую! А хто твая абраньніца?
— А ты яе павінен памятаць, гэта Валя, камсамолка, мая былая вучаніца, якая затым працавала бібліятэкаркай у нашым Доме культуры.
— Добрая дзяўчына, віншую! — Дудар задумаўся і дадаў: — Вось і я ўзяў шлюб. Толькі штосьці мяне непакоіць. Ці будзе ў нас шчасьце?
— І яшчэ адна навіна. Па восені мяне пераводзяць выкладаць у Полацкі пэдтэхнікум. Хачу і бацькоў забраць з сабой у Полацак. Абяцаюць кватэру.
— Ня ведаю, ці мушу з гэтай нагоды цябе віншаваць. Але добра, што ты пачуў гісторыю пра падземны ход.
Сябры ўсталі і абняліся.
— Бывай, Анатоль!
— Бывай, Алесь!
* * *
Кроква адчуў дотык чыёйсьці далоні на сваім ілбе. Гэта яго абудзіла. Ён ляжаў на сырым пяску ў полацкіх лёхах. Ліхтар адкаціўся мэтры на тры, але па-ранейшаму сьвяціўся, дасылаючы прамень у адзін з бакоў падземнага ходу. У вушах гудзела, як пры пасадцы ў самалёце. Ён пазнаў яго адразу, хоць твар чалавека, які паклаў сваю далонь на яго лоб, амаль нельга было добра разгледзець. Гэта быў Власт.
— Ну што, ачуняў? — такім знаёмым голасам спытаў Ластоўскі.
— Нібыта, — адказаў Кроква, спрабуючы зрабіць нейкія рухі рукамі, але ў яго не атрымалася.
Задаваць пытаньне — адкуль узяўся Власт у надземных ходзе — было недарэчы. Таму Васіль спытаў зусім пра іншае:
— Дык сапраўды нельга вярнуцца?
— А ў які бок ты зараз пайшоў бы, каб вярнуц-ца? — пытаньнем на пытаньне адказаў Власт.
— Ня ведаю, так адразу і не адкажу, — шчыра прызнаўся Кроква.
Яму было цяжка дыхаць, і ён гаварыў зусім слабым голасам.
— А куды дзеліся тыя кадэты, якія пайшлі ў падземны ход і не вярнуліся? — Кроква раптам згадаў дзіўную гісторыю, якую яму распавёў краязнаўца Міхась. Ці ён сам захваляваўся, што можа не вярнуцца з гэтага падарожжа, ці проста тая гісторыя не давала яму спакою.
— Нікуды яны ня зьніклі. Вырашылі зьехаць у Амэрыку. Прыдумалі такую гісторыю, што пойдуць у падземны ход і нібыта ня вернуцца. А самі скіраваліся ў Пецярбург, наняліся на карабель матросамі, даплылі да Амэрыкі і засталіся там жыць.
— Вось як. — Кроква памаўчаў некалькі сэкундаў і расчаравана дадаў: — Усе тамніцы аказваюцца банальным ашуканствам.
Власт прыняў сваю далонь, якую трымаў увесь гэты час на лбе Кроквы, раздумліва хмыкнуў і сказаў:
— Ну чаму ўсе. Вось ты ляжыць у падземных лёхах — і ніякае гэта не ашуканства.
— Але ў чым тут таямніца? — Васіль пачаў думаць, што пара ўжо неяк выбірацца з гэтай падземнай пасткі.
— Таямніцы яшчэ наперадзе, — неяк загадкава адказаў Власт.
Кроква раптам згадаў, што адно істотнае пытаньне па-ранейшаму засталося без адказу.
— А хто напісаў на гарышчы езуіцкіх муроў, што «нельзя вернуться»? Адкуль нельга вярнуцца?
— Гэтую загадку табе трэба будзе разгадаць самому, — Власт сказаў гэта так, нібыта настаўнік задаў свайму вучню хатняе заданьне.
Кроква адчуў, што можа варушыцца. Ён перавярнуўся, устаў вокрач і папоўз у бок ліхтарыка. Узяў яго ў рукі і пасвяціў назад, дзе застаўся Ластоўскі. Ліхтарык сьвяціў досыць цьмяна. І ўсё ж можна было разгледзець, што Власта на ранейшым месцы ўжо не было.
Васіль пачаў разважаць, у які ж бок сапраўды яму трэба вяртацца. Ён пачаў дасьледаваць пясок пад нагамі і заўважыў сьляды, што ішлі якраз з таго боку, дзе ляжаў ліхтарык. Кроква выпрастаўся і рушыў у пошуках выйсьця.
Ён спрабаваў глыбока ўдыхаць, і падалося, што яму гэта дапамагло ачомацца. Кожны крок даваўся з цяжкасьцю. Мэтраў праз трыццаць Васіль адчуў, што ў лёхах пасьвяжэла паветра, а затым у падзямельлі пасьвятлела. Да выхаду, напэўна, было ўжо недалёка. Мужчына прысьпешыў крок і зрабіў памылку. Ня варта было губляць асьцярожнасьць. Правая нага падвярнулася, і Кроква зноў бразнуўся долу на сыры пясок. На гэты раз ён не страціў прытомнасьці. Ён паспрабаваў устаць, але зь першай спробы не атрымалася. Васіль стаў апірацца на мокрую, сьлізкую цагляную сьцяну. Калі ён амаль падняўся, правая рука адчула невялікую нішу — у кладцы не хапала цэглы. Далонь намацала нейкі мэталічны прадмет. Ён дастаў яго зь нішы і пасьвяціў ліхтарыкам. Гэта была вялікая латунная гільза, відаць ад буйнакалібэрнага кулямёта. Прычым гільза ня мела кулі, а была заткнутая кавалкам тканіны. Кроква паклаў гільзу ў кішэнь камізэлькі і асьцярожна рушыў далей.