Захоп Беларусі марсіянамі
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Захоп Беларусі марсіянамі». Краткое содержание книги:
Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем.
Пасьля 40-50 мэтраў стала цяжка дыхаць. Кроква не зьвярнуў на гэта ўвагу і рушыў далей. Праўда, асьцярожны рух наўрад ці можна было б назваць шпацырам. Васіль сунуўся хутчэй як мінэр па замінаваным полі. Спачатку яму здавалася, што можа абрынуцца столь і яго засыпле. Ці яго самога, ці выхад з падзямельля. Затым яму пачало мроіцца, што нехта ў гэтых лёхах ужо ёсьць і сочыць за ім. Ён нібыта чуў гукі таропкіх крокаў, нейкія ўсхліпы і шоргаты. Спыняўся, прыслуховаўся, і дзіўныя гукі адразу зьнікалі. Нібыта той ці тыя, хто былі ў лёхах, умэнт заціхалі.
Ён ужо пачаў шкадаваць, што пацёгся ў гэтае падзямельле адзін. Навошта было так рызыкаваць? Але не хацелася ні з кім дзяліцца адкрыцьцём. Апошнім часам Кроква нікому не давяраў. Нехта зусім падсеў на грошы. Нехта проста стаў падазроным. Нехта сьпіўся і дэградаваў. Не, давяраць не было каму. Ён ня мог так рызыкаваць: усё трэба рабіць самастойна. І не таму, каб сабраць усе ляўры. Не было ўпэўненасьці, што хтосьці не захоча пагрэць рукі на тым, што схаванае тут ад хцівых позіркаў.
Дыхаць стала зусім цяжка. Васіль спыніўся і адчуў, як гулка тахкае сэрца ў грудзёх. Здаецца, яго стук разьлятаўся па ўсім падзямельлі. Затым мужчыну хіснула і падалося, што сэрца спынілася. Як быццам бы ў тэлевізары раптам на экране зьявіліся перашкоды ў суправаджэньні гучнага сьвісту. Гэты сьвіст імкліва нарастаў, і Кроква адчуў, што траціць прытомнасьць.
* * *
Дудар трызьніў. У турэмнай камэры было халодна, вільготна і смуродна. Паэт старанна захутваўся ў свой нядошлы палітончык. Але ад холаду ён амаль не ратаваў. Варта было Алесю толькі заплюшчыць вочы, як пачыналіся трызьненьні. Спачатку яму прымроіўся Сімакоў. Ён сядзеў на лавачцы ля дамініканскага касьцёлу. Пасьміхаўся і паліў самакрутку з газэты. Прычым былі выразна бачныя надрукаваныя тры словы на самаробнай цыгарцы: «Александр Симаков. Стихи».
«Я же тебе говорил, что мы вскоре встретимся, — картава прамовіў Сімакоў і зайшоўся кашлем. — Я тебя предупреждал. А ты мне не верил. Вот мы и встретились, поэт». Сімакоў выцягнуў левую руку на захад і, зьвяртаючыся хутчэй да сонца, сказаў: «Только солнце им не под силу поработить. И скоро мы станем детьми солнца. — Сімакоў засмяяўся: відаць, яму спадабалася гэтае параўнаньне, і ён яшчэ раз паўтарыў: — Да, ко-нечно, мы будем детьми солнца». Устаў з лаўкі і, як самнамбул, пайшоў на захад, у бок сонца.
Затым Дудару прытрызьніўся Чарот. Ён сядзеў у той самай вязьніцы, што і Алесь, яны нават аднойчы па недаглядзе сустрэліся ў турэмным калідоры. Чарота было цяжка пазнаць. Ягоны твар заплыў ад пабояў і недасыпаньня. «Відаць, я выглядаю ня лепш», — падумаў тады Дудар. З турэмнай пагалоскі ён ведаў, што ў той самай вязьніцы знаходзілася каля сотні беларускіх пісьменьнікаў. Практычна ўсё сярэдняе і маладзейшае пакаленьні беларускай літаратуры.
Дудар заплюшчыў вочы, зноў занурыўся ў трызьненьне і пабачыў Чарота. Ён сядзеў у сваім кабінэце. Не за рэдактарскім сталом, а пасярод пакоя, у венскім крэсьле.
— Ты ведаеш, мне спадабаўся твой верш, — зь непаўторнай чаротаўскай усьмешкай на вуснах сказаў ён Дудару.
— Які верш? — Алесю, у прынцыпе, было ўсё роўна, які верш, і ён спытаў хутчэй па інэрцыі, на аўтамаце.
— Ну як які... Той самы... «Пасеклі наш край папалам...».
— А ты ня думаеш, што за гэты верш у турму трапіла ўся нашая літаратура? — з сумам спытаў Дудар.
— Ну, прынамсі, у яе цяпер ёсьць апраўданьне, за што пакутуе, — і Чарот засьмяяўся.
Некалькі хвілін яны маўчалі. Чарот устаў, прайшоўся па пакоі ўзад-уперад, зноў сеў у крэсла. Тады нахіліўся ў бок Дудара і сказаў:
— Няўжо ты думаеш, што за адзін верш могуць пасадзіць у турму ўсю патую літаратуру?
І гучна засьмяяўся чаротаўскім аглушальным сьмехам. Заціх, зноў нахіліўся да Алеся, прамовіў:
— А ведаеш, ты меў рацыю. Мы згубілі пэрспэктыву, бо не вялі змаганьня.
Зноў устаў з крэсла, падышоў да стала, узяў у рукі пачак цыгарэт, дастаў зь яго цыгарэту, прыпаліў ад запалкі, сеў на ранейшае месца.
Дым ад цыгарэты пачаў актыўна запаўняць пакой, і хутка абрысы Чарота сталі ледзь бачнымі, а неўзабаве й зусім зьніклі.
Калі дым расьсеяўся, Дудар зразумеў, што ён у лесе. Восеньскае сонца яшчэ грэла, і ягонае цяпло нібыта разьлівалася па ўсім целе.
Дудар выйшаў зь верасовага сасновага бору на лясную дарогу. У які бок яму трэба ісьці, ён ня ведаў, таму павярнуўся тварам да сонца і пайшоў на захад. Вельмі хутка ён заўважыў наперадзе постаць, якую даганяў. Калі іх разлучала ўжо мэтраў пяць-шэсьць, Дудар пазнаў яго — гэта быў Анатоль Тупіцын. Ён ішоў з поўным кошыкам белых.