Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Захоп Беларусі марсіянамі
Захоп Беларусі марсіянамі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Захоп Беларусі марсіянамі

Электронная книга - «Захоп Беларусі марсіянамі». Краткое содержание книги:

Падзеі ў рамане «Захоп Беларусі марсіянамі» адбываюцца ў сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя і на пачатку XXI стагодзьдзя пераважна ў Полацку. Сярод галоўных герояў твора вядомыя гістарычныя асобы: паэты Алесь Дудар і Міхась Чарот, палітычны дзеяч, гісторык і пісьменьнік Вацлаў Ластоўскі. У 1925 годзе ў Полацак прыехаў Алесь Дудар, адзін са стваральнікаў літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк». У старажытным горадзе над Дзьвіной ён павінен заснаваць філію сваёй пісьменьніцкай арганізацыі…
1 ... 28 29 30 31 32 33 34 35 36 ... 39
Перейти на страницу:

— Падземны ход.

— Што. падземны ход? — перапытаў Кроква і падумаў: «Знайшоў час пра падземны ход гутаркі весьці. Тут зараз накрые з галавой, калі не спыніць гэты абстрэл».

— Ад Богаяўленскага сабору празь Дзьвіну да бэрнардынскага кляштару, у якім зараз вар'ятня, вядзе падземны ход. Трэба выслаць туды хлопцаў.

Ластоўскі зноў прыўзьняўся, заклаў два пальцы ў рот і гучна сьвіснуў. Так гучна, што ў Кроквы заклала вушы. «Во дае», — з палепшаным настроем падумаў пра Ластоўскага Кроква. На сьвіст Власта азірнуўся той самы «бязвусы» лейтэнант, які камандаваў артылерыйскім разьлікам. Ластоўскі махнуў яму рукой, і той пабег да Барысава каменя. І калі лейтэнант амаль дабег, недзе побач засьвісьцеў снарад. Ластоўскі ўпаў на яго і накрыў сабой. Праз колькі хвілінаў пыл разышоўся і яны абодва ўсталі цэлыя.

— Са мной нічога ня будзе, галоўнае, каб з табой было ўсё ў парадку, — сказаў Ластоўскі лейтэнанту. Затым нешта патлумачыў яму, і яны разам, прыгінаючыся, пабеглі ў бок Богаяўленскага сабору.

Частка пятая

Літаральна праз тыдзень пасьля ад'езду Дудара з Полацка яму прыслалі замену — Валяр'яна Сянкевіча. Да гэтага ён працаваў у Віцебску мэтадыстам-арганізатарам, быў сярод заснавальнікаў Віцебскага краязнаўчага таварыства, а таксама сябрам віцебскай філіі «Маладняка». У Полацку яго чакалі пасады інспэктара сацыяльнага выхаваньня і кіраўніка полацкай філіі «Маладняка».

Сянкевіч вырашыў зьмяніць маладнякоўскую тактыку ў горадзе князя Ўсяслава Чарадзея. Ён ня стаў, як раней Дудар, вызначаць якасьць мясцовых літаратурных кадраў і наракаць на іх апатычнасьць і слабую літаратурную і ідэйную падрыхтаванасьць, а спалучыў працу маладнякоўскай філіі зь дзейнасьцю мясцовага краязнаўчага таварыства. Справа пайшла лепш. Мясцовыя краязнаўцы, а гэта перадусім былі настаўнікі, пачалі ўдзельнічаць у мерапрыемствах «Маладняка», якія сталі больш цікавымі і масавымі. Зь іншага боку, маладнякоўцы пранікаліся гістарычнымі тэмамі і пісалі вершы пра Францыска Скарыну, родны Полацак. Справа зрушылася ў бок уласнага літаратурнага альманаху.

Полацкія маладнякоўцы пачалі больш уважліва прыглядацца да роднага гораду. Найбольш іх абурала непавага да галоўнага архітэктурнага і гістарычнага помніка Полацка — Сафійскага сабору, які занепадаў з-за недагляду. Мясцовыя краязнаўцы і маладнякоўцы ўздымалі гэтае пытаньне пры любой нагодзе. Сам Сянкевіч напісаў адпаведны артыкул у галоўную рэспубліканскую газэту «Савецкая Беларусь».

Увосень 1925 году полацкія гарадзкія ўлады прынялі рашэньне стварыць у Сафійскім саборы краязнаўчы музэй. Мясцовая інтэлігенцыя ўспрыняла гэта як сваю ўласную перамогу.

На пачатку наступнага году музэй у Сафіі быў адкрыты. З нагоды падзеі ў Полацак прыехаў Алесь Дудар. Маладнякоўцы Полаччыны правялі адмысловае паседжаньне, на якім менскі госьць прадставіў сваю новую кнігу «Сонечнымі сьцежкамі», агучыў гадавую справаздачу «Маладняка», а таксама распавёў пра сталічныя маладнякоўскія справы.

У гэты ж дзень Дудар напісаў санэт.

Ў музэі залатую бранзалетку

я бачыў за празрыстым шклом —

яе пад старажытным курганом,

пазелянеўшую, знайшлі малыя дзеці.

I ў тыя дні раслі на полі кветкі...

I ланцужком, сатканым з васількоў,

стары мастак прывычнаю рукой

аздобіў залатую бранзалетку.

Мастацкі дух ніколі не памрэ.

Не пахаваць яго пад курганамі,

не вычарпаць гадамі і вякамі.

Яму ў агні пякельным не згарэць.

Ён вырвецца з багны разводдзем буйных рэк

і загарыцца зноў бліскучымі агнямі.

* * *

Гэты матэрыял Кроква напісаў без замаўленьня рэдактара. Праўда, у друк ён не пайшоў.

«Галоўныя баромэтры сацыяльнага клімату ў грамадзтве — чыноўнікі. Яны выключна адчуваюць усе перапады ціску ў калідорах улады, набліжэньне перадынфарктных сытуацый у эканоміцы, хваляваньні ў грамадзтве. Але менавіта такія неспакойныя і рэвалюцыйныя пэрыяды ў гісторыі любой краіны зьяўляюцца залатым часам для чыноўнікаў. Трэба толькі ўмець іх выкарыстаць. Апошнім пераломным пэрыядам у Беларусі быў 1994 год. Згадайма галавакружныя кар'еры шэрагу сёньняшніх высокіх асоб. Як кажуць у народзе: з гразі ў князі. Уладу здабылі дробныя чыноўнікі, якія не пабаяліся рызыкаваць у час смуты і неспакою. У 1994 годзе ім не было чаго губляць, акрамя сваіх падзертых нагавіцаў, і яны сталіся рэвалюцыйнай клясай. Праблемы ж пачаліся, калі гэтая кляса дамаглася ўлады. Брак адукацыі, досьведу, урэшце культуры хутка даў аб сабе знаць. Краіна неўзабаве ўвайшла ў паласу раздраю. Вышэйшая чыноўніцкая кляса не магла дараваць гэткага нахабства сваім былым падначаленым. Да таго ж малаадукаваныя пераможцы ўвайшлі ў канфлікт з творчай элітай. Паўсталі праблемы ў эканоміцы, культуры, нацыянальным пытаньні, міжнародных дачыненьнях. Новая рэвалюцыйная сытуацыя пачала няўхільна набліжацца. Тое, што працэс пайшоў, было заўважна па паводзінах чыноўнікаў. У апошнім нумары незалежнай газэты "Віцебскі кур'ер" зьмешчана інтэрвію з начальнікам упраўлення па ўліку і разьмеркаваньні жыльля Віцебскага гарвыканкаму Віктарам Сазонам. Трэба сказаць, вельмі сьмелая і рызыкоўная гутарка. Вось што Сазон кажа ўвогуле пра беларускіх чыноўнікаў: "Чыноўнік і баязьлівец — гэта сынонімы. Гэта бяда не асобнага чалавека, а ўсёй сыстэмы, якая нараджае палахліўцаў. Паверце, кожны асобна — часам цікавы чалавек, які мысьліць разумна і сьмела. Але як толькі мяняецца яго асяродзьдзе і ён патрапляе на высокае пасяджэньне або ў начальною кабінэт, ён ператвараецца ў шэрую, бясколерную, безгалосую істоту". А вось што гаворыць віцебскі вэртыкальшчык пра нашае сёньняшняе жыцьцё: "Неверагодна, але мы і будаваць ня ўмеем. Паставіць-скалаціць свой дамок ня можам. Нават не спрабавалі. Усё імкнемся пад нечы вялікі-вялікі дах падлезьці і ня бачым, што той дах даўно дзіравы. А іншыя нашыя суседзі — з другога берагу — ужо тое-сёе пабудавалі. І вынікі відавочныя. Добрыя вынікі. Не раўня нашым пражэктам у 100 даляраў".

1 ... 28 29 30 31 32 33 34 35 36 ... 39
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)