Захоп Беларусі марсіянамі
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Захоп Беларусі марсіянамі». Краткое содержание книги:
— За Кастрычніцкую, — падтрымаў прапанову Броўка. — Прынамсі ў нас няма прэтэнзій да новых парадкаў. — І ён нэрвова засьмяяўся.
— Спадзяюся, у вас там не было праблем, — сказаў Дудар, кульнуўшы ў рот першы кілішак.
— Як не было! Было! Мы яго ж друкавалі ў нас у газэце, яшчэ ў «пахары». Усіх цягалі на допыты, і рэдактара таксама.
— Трэба табе адтуль зьяжджаць, пакуль цэлы.
— Вось і я пра гэта думаю. Хачу сёлета паступаць ва ўнівэрсытэт. Усё, што мог, я зрабіў. Жадаючых пераняць маё працоўнае месца дастаткова.
Дудар зноў наліў у кілішкі. Гарэлка яго ня бра-ла. Ён згадаў, што недзе месяц таму атрымаў ад Сімакова ліст, які расейскі паэт даслаў у рэдакцыю «Маладняка». На пакаменчаным аркушыку, які ляжаў у капэрце, было ўсяго два словы: «Скоро встретимся». Т толькі цяпер да Дудара пачаў даходзіць злавесны сэнс гэтых слоў.
* * *
Гэта ня быў жарт або розыгрыш, як адразу падумаў Кроква, атрымаўшы па электроннай пошце новае паведамленьне ад Палачаніна. Таемны эпісталярны знаёмы нарэшце напісаў, якім чынам Васіль можа трапіць у полацкія лёхі.
Для экспэдыцыі пад зямлю Кроква абраў раніцу бліжэйшай нядзелі. Трэба было наладзіць падарожжа таемна, але ў сьветлы час сутак.
Па словах Палачаніна, уваход у лёхі знаходзіцца на стромкім схіле Верхняга замка, які, да самай рачулкі Палата, быў шчыльна зарослы кустоўем і дрэвамі.
Кроква, пасьля паўгадзіны росшукаў, поўзаючы па схіле, нарэшце знайшоў патрэбны сухі куст ляшчыны. Гэта быў нават ня куст, а хутчэй корч. Кроква пацягнуў за яго. і дзьверы ў лёхі адчыніліся.
* * *
Дудар ня жыў, а гарэў. Трэба было вучыцца ва ўнівэрсытэце, працаваць у часопісе і пісаць для газэты, а таксама не забываць пра вершы. Вершы ён складаў штодня. Дакладней, для іх заставалася толькі ноч. А яшчэ трэба было мець час для сяброў і калегаў. На розныя афіцыйныя пасяджэньні, а таксама неафіцыйныя сустрэчы — у буфэце Дома пісьменьніка або ў кагосьці на кватэры. А тут яшчэ Дудар закахаўся ў паэтку Натальлю Вішнеўскую, якая неўзабаве стала яго жонкай. І галава зусім пайшла кругам. Часу катастрафічна не хапала. Але Дудару падабалася такое сталічнае жыцьцё. Быць у гушчыні падзеяў. Штодзень сустракацца і размаўляць зь вядомымі людзьмі — пісьменьнікамі, журналістамі, дзяржаўнымі дзеячамі. І яго, можна сказаць, яшчэ жаўтаротага юнца, тут, у сталіцы, усе ўспрымалі сур'ёзна (ня так, як у Полацку), амаль як роўнага. Як чалавека, ад якога штосьці залежыць, які шмат робіць для Беларусі, у рэшце рэшт як дзяржаўнага чалавека. І Дудар сапраўды пачынаў верыць, што ад яго штосьці залежыць у родным краі. Ён пэрыядычна ў друку выступаў з вострымі матэрыяламі на тэму культуры і нацыянальнага будаўніцтва. Па-ранейшаму змагаўся з чыноўнікамі-русацяпамі. Затым уключыўся ў дыскусію пра нацыянальны тэатар. Даводзіў, што беларускі тэатар мусіць быць самабытным, з уласным рэпэртуарам, а ня соўгацца па задох расейскай тэатральнай сцэны. З гэтай нагоды зь сябрамі-маладнякоўцамі напісаў адмысловы артыкул у абарону нацыянальнага тэатру. Разгарэўся чарговы скандал. Падпісантаў ліста пачалі цягаць па высокіх кабінэтах і абвінавачваць у нацыянал-дэмакратызме. У газэтах зьявіліся артыкулы, у якіх заклікалі «даць па рукох» тэатральным рэнэгатам і апартуністам.
Дудар успрыняў цкаваньне як унутраную барацьбу, якая тады набірала моцы паміж літаратурнымі і партыйнымі групоўкамі ў Беларусі. Здавацца або проста зацішыцца ён не зьбіраўся.
Наступную балючую праблему ў нацыянальным будаўніцтве Дудар і яго сябры бачылі ў нявырашаных пытаньнях з вышэйшай адукацыяй, якая па-ранейшаму ня мела нацыянальнага зьместу і не імкнулася да навучаньня па-беларуску. Таму губляўся сэнс беларускамоўнай пачатковай адукацыі. Так зьявіўся «ліст трох» з крытыкай Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Скандал разгарэўся яшчэ большы, чым пасьля тэатральнай дыскусіі. Аўтараў у друку закляймілі як контррэвалюцыянэраў.
Над Дударом пачалі зьбірацца хмары. Ён адчуваў гэта. Але спыніцца ўжо ня мог.
* * *
Сьвятло ліхтара ўпала на сьцены сутарэньня. Падземны ход быў выкладзены з цэглы, цяжка ўжо сказаць якога колеру, бо каменныя бакі лёхаў і столь шчодра пакрываў слой зялёнага налёту, нібыта яны мядзяныя і ад вільгаці пакрыліся пацінай. Але зялёнымі сьцены выглядалі толькі на пачатку шляху: там, куды яшчэ час ад часу трапляла сьвятло. Далей яны былі ўжо чорнымі, як быццам бы ў фоташопе прыбралі колер. Столь упрыгожвалі плямы ад сажы. Відаць, некалі тут хадзілі з паходнямі. У разрэзе падземны ход уяўляў сабой усечанае кола, бо падлога ўсё ж была роўнай, шырыня не сягала за мэтар.