Захоп Беларусі марсіянамі
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Захоп Беларусі марсіянамі». Краткое содержание книги:
Такім чынам, можна ўжо канстатаваць, што гэткае жыцьцё дастала і чыноўнікаў. Яны сасьпелі для новых зьменаў. Пытаньне толькі — на чый бок чыноўнікі стануць. Можа так здарыцца, што сёньняшні прэзыдэнт здолее другі раз перацягнуць іх у лягер сваіх прыхільнікаў. Зымітуе зьмену курсу, паабяцае эканамічныя рэформы, сфармуе новую каманду, дазволіць чыноўнікам беспакарана нажывацца за кошт пасады. Праўда, цяпер гэта будзе зрабіць складаней. Бо, па-першае, чыноўнікі ўсё прыхільней ставяцца да Захаду і цяперашняя антызаходняя гістэрыя ім не падабаецца. Па-другое, прэзыдэнт працягвае сьпісваць усе беды на чыноўнікаў. Пачаліся арышты, канфіскацыі маёмасьці, суды. Чыноўнікі стаміліся існаваць у сытуацыі беззаконьня, калі вінаватым цябе могуць зрабіць у любую хвіліну. Праўда, ня ўсе чыноўнікі гатовыя да змаганьня. Значная частка чакае пераменаў з Усходу: хто спадзяецца на расейскую мілітарысцкую ўладу, хто на расейскі капітал, які прыйдзе ў Беларусь і навядзе свае парадкі. Але сорам прачнуўся ўва многіх. Вось якімі словамі заканчвае сваё інтэрвію Віктар Сазон: "Мне ўвесь час сорамна. Сорамна, калі зрэдку гляджу праграму беларускага або мясцовага тэлебачаньня; сорамна, калі па дыяганалі знаёмлюся зь дзяржаўнай прэсай. Прабачце — дэградацыя. Сорамна за сёньняшняе лісьлівае халуйства. Да таго ж гісторыя вучыць, што заўтра гэтыя ж людзі першымі ўтопчуць у гразь таго, хто сёньня на троне"».
* * *
Пры першай сустрэчы пагаварыць з Чаротам пра полацкія лёхі ў Дудара не атрымалася. Доўгі час не было ні нагоды, ні пэўнага настрою. Чарот усё больш рабіўся чыноўнікам. Падоўгу быў у розных камандзіроўках, пераважна ў Маскве. Шмат сілаў і часу забірала рэдагаваньне галоўнай дзяржаўнай беларускай газэты «Савецкая Беларусь». Ды і Дудар сам паціху ўлазіў у чыноўніцкі хамут — па вяртаньні ў Менск, яго прызначылі кіраўніком менскай сэкцыі «Маладняка», затым стаў рэдагаваць аднайменны часопіс. Да таго ж Алесь неўзабаве пачаў навучацца ва ўнівэрсытэце.
Час ад часу ён згадваў пра сваё жаданьне пагаварыць з Чаротам на таемную тэму, пачынаў яго шукаць па ўсім Менску, не знаходзіў і зноў забываўся пра гэтае жаданьне на некалькі тыдняў.
Нагода надарылася выпадкова. 7 лістапада на кватэры ў Чарота адзначалі ягоны дзень народзінаў. Было чалавек дзесяць — пісьменьнікі, журналісты, дзяржаўныя дзеячы. Калі ўсе разышліся, Дудар застаўся з Чаротам сам-насам.
— Міхась, даўно табе хацеў расказаць адну дзіўную гісторыю, — пачаў свой аповед Алесь і ўсё падрабязна распавёў.
Чарот, палячы другую запар цыгарэту, уважліва выслухаў сябра.
— Табе нічога не прытрызьнілася? — Чароту захацелася перавесьці пачутае ў жарт.
— Якое прытрызьнілася! У мяне яшчэ шнар на руцэ застаўся, калі я ў тым лёху бразнуўся.
Дудар закасаў рукаво кашулі і паказаў невялікі чырвоны шнар.
— Якое прытрызьнілася! Я быў у тым падзямельлі! І яно нейкім чароўным чынам зьнікла. Дакладней, зьнік уваход у яго.