Захоп Беларусі марсіянамі
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Захоп Беларусі марсіянамі». Краткое содержание книги:
— І што ты мне прапаноўваеш? Выправіцца з табой шукаць тое падзямельле?
— Ня ведаю. Нічога не прапаноўваю. Хачу пачуць тваю параду.
— Мая парада наступная. Забудзь. Прынамсі на гэты складаны палітычны час. Прыйдзе наш час — і мы ўсё высьветлім, усё там вывучым і абшукаем. Але ня сёньня. А вось полацкіх русацяпаў трэба паставіць на месца. І газэту перавесьці на беларускую мову. Я заўтра ж параю каму трэба, каб накіравалі ў Полацак сакратаром акруговага камітэту КП(б)Б Алеся Адамовіча. На Калініншчыне ён ужо парадак навёў. А мы са свайго боку накіруем туды ўзмоцнены маладнякоўскі дэсант. Як думаеш, каго?
— Было б добра Алеся Звонака. І яшчэ Валерыя Маракова.
— Так і зробім.
* * *
У лютым 1926 году Алеся Адамовіча прызначылі сакратаром Полацкага акруговага камітэту КП(б)Б. Для чыноўнікаў старажытнага гораду надышлі цяжкія часы. Працэс беларусізацыі на берагах Дзьвіны пайшоў больш хуткімі тэмпамі. У гэтым жа годзе газэта «Полоцкий па-харь» перайшла на беларускую мову і зьмяніла назву на «Чырвоная Полаччына». У 26-м полацкая філія «Маладняка» выдала свой першы літаратурны альманах «Надзьвіньне». Адмыслова для альманаху Алесь Дудар напісаў верш «Полацак». Неўзабаве, упершыню ў старажытным горадзе, урачыста адзначаць скарынаўскае сьвята 400-годзьдзя беларускага друку. У Полацку тады працавалі: адна польская, адна расейская, дзьве габрэйскія і дзесяць (!) беларускіх школаў.
Як і паабяцаў Чарот, у якасьці журналістаў у «Чырвоную Полаччыну» прыбыў адмысловы маладнякоўскі дэсант, які й выканаў асноўную працу па пераводзе газэты на беларускую мову. У 26-м у «Чырвонай Полаччыне» працавалі выключна маладнякоўцы. З 1925 па 1927 гады адказным сакратаром полацкай газэты быў Алесь Звонак. Некаторыя маладнякоўцы працавалі ў «Чырвонай Полаччыне» вахтавым мэтадам, па некалькі месяцаў, і за два наступныя гады на берагах Дзьвіны пабывала каля дзесяці маладых літаратараў з «Маладняка». Прыяжджалі яны сюды да таго часу, пакуль на Полаччыне не падрасьлі свае кадры. Асноўным мясцовым кадрам стаў паэт Пятрусь Броўка, які ў 1927-1928 гадах працаваў адказным сакратаром «Чырвонай Полаччыны», зьмяніўшы на гэтай пасадзе Алеся Звонака.
Павячэраўшы, Анатоль традыцыйна пачаў знаёміцца з друкам з «Савецкай Беларусі». Гэтая газэта часта зьмяшчала матэрыялы Алеся Дудара, якія ён чытаў у першую чаргу. Вось і гэтым разам Анатоль хутка знайшоў артыкул сябра. Праўда, пад артыкулам было ажно тры подпісы: Андрэй Александровіч, Алесь Дудар і Міхась Зарэцкі. Аўтары ў матэрыяле жорстка крытыкавалі Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт празь непарадкі ў справе беларусізацыі. Прычым ня толькі з-за таго, што многія прадметы не выкладаюцца па-беларуску, але і з-за цкаваньня пісьменьнікаў-студэнтаў, якія вучацца ў БДУ. Аўтары ў артыкуле згадвалі шэраг беспадстаўных крытычных выступаў у насьценгазэце ВНУ. Маўляў, гэтыя маладыя пісьменьнікі ганарыстыя, ня ўдзельнічаюць у грамадзкім жыцьці ўнівэрсытэта, фарсіста апранаюцца — носяць капелюшы і гарнітуры. Пратэстуючы супраць такога стаўленьня да іх, трое аўтараў артыкула заявілі, што кідаюць унівэрсытэт і будуць шукаць іншае месца для навучаньня, магчыма, ва Ўкраіне.
«Я ж яго папярэджваў нікуды ня ўлазіць! І гэта ўжо ня першае яго нацыянал-дэмакратычнае выступленьне ў друку», — з горыччу падумаў Анатоль.
У гэты вечар ён спаліў у печы ўсе лісты ад Дудара, а заадно і ўсе свае напісаныя творы.
«Яны яму не даруюць, — сказаў з хваляваньнем сам сабе Анатоль. — Не даруюць. Вось і мне трэба быць далей ад гэтай небяспечнай літаратурнай справы».
Петруся Броўку Дудар сустрэў у рэдакцыі часопіса «Маладняк». Адказны сакратар «Чырвонай Полаччыны» прывёз новыя творы для друку. Алесь запрасіў госьця ў буфэт Дома пісьменьніка. За сьняданьнем Броўка расказаў апошнія весткі з Полацка. Галоўнай навіной быў арышт Аляксандра Сімакова.
— Гэты пісака ўсіх падвёў пад манастыр, — абураўся Броўка. — Разам зь ім арыштавалі яшчэ некалькі настаўнікаў, ягоных сябрукоў.
— І што ён такога нарабіў? — спытаў Дудар, хаця здагадваўся, што мог нарабіць Сіма.
— Што, што... Паэму контррэвалюцыйную напісаў. «Трэцяя» называецца. Усіх, у каго знайшлі перапісаную копію паэмы, арыштавалі.
— І што за паэма? — Дудар і тут здагадваўся, пра што магла быць тая крамольная паэма, але мусіў неяк падтрымліваць размову.
— Заклікаў да трэцяй рэвалюцыі, якая вярнула б ранейшыя парадкі. Вось пра што! Разумееш, што яму сьвеціць!
— Дзіўна, што яго раней не забралі ў ГПУ. Відаць, легендарнае мінулае ратавала. — Дудар наліў са штофу ў кілішкі сабе і госьцю. — Ну што, вып'ем за Кастрычніцкую рэвалюцыю.