Белая муха, забойца мужчын
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 9789857140077
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:
«Што за фігню ты вярзеш, — яна пачухала голую нагу. — Са сьцягам гэта было няблага прыдумана, але… Ты прычапіўся да мяне, таму што ў мяне ўлада і таму што я, на твой погляд, не такая страшная, як мае дзеўкі. Спрацаваў проста інстынкт, вось і ўсё. Аўтаматычны выбар самкі, зь якой можна мець справу. Дык вось — хуй табе!»
Апошнія словы яна выкрыкнула амаль з асалодай. На парозе зьявілася Нямона Ліза, флегматычная, з мутнымі вачыма забойцы, і Босая паказала на яе пальцам: «Чаму ты не гаворыш зь Нямонай Лізай, напрыклад? А ў яе ёсьць што расказаць. Цікавая гісторыя, вельмі цікавая! Хочаш паслухаць? Харошая будзе казачка на ноч…»
Так я даведаўся, хто такая Нямона Ліза. Сама яна, зразумеўшы, што нас трэба пакінуць адных, далікатна прычыніла дзьверы. Босая расказвала мне, трымаючы маю галаву ў сябе на каленях, а я перакладаў гэты аповед на сваю мову, мову Грыльдрыга ў драўлянай скрыні, якую падвесілі на крук — і скрыня гайдаецца, гайдаецца, а цені вялікія і чорныя, а галава кружыцца ў млосным танцы, і пахне крывёй і прэлай скурай.
18. Гiсторыя пра руку
Некалі даўно, калі гэтую краіну яшчэ не называлі Краінай Замкаў, але ўжо інтэнсіўна думалі, як бы завабіць сюды турыстаў, дзяўчына Ліза жыла ў сталіцы і хадзіла ў мастацкую школу. Лізе было тады гадоў пятнаццаць — а можа, і меней; цалкам магчыма, што ёй было трынаццаць гадоў, а верагодна, што і чатырнаццаць: галоўнае, што назваць яе маленькай ніхто ўжо ня мог, нават калі б хацеў. А больш за ўсё гэтага хацела яна сама: Ліза не любіла сваё цела, вялікае, нязручнае, пукатае з усіх бакоў, яшчэ нядаўна такое мілае, такое сваё, а цяпер — чужое, як мачаха. Цела жыло сваім жыцьцём, а Ліза — сваім.
Ліза малявала гуашшу, алеем і пастэльлю. Цела Лізы таксама малявала — у такіх месцах, пра якія Ліза нікому не казала. Ліза любіла маляваць краявіды і жывёлаў і не любіла маляваць людзей, а цела Лізы малявала што хацела. Гэта было вельмі свавольнае цела. Дужа вялікае і вельмі свавольнае.
Цела хадзіла разам зь Лізай у мастацкую школу, цела прачыналася разам зь ёй, сьнедала і пачынала мучыць Лізу, клэпаючы сюды-туды і не адстаючы ад яе ні на крок — да самага вечара, а, бывала, і ўсю ноч, у сьне. Насамрэч, вядома ж, цела Лізы і яна сама хадзілі мала — часьцей за ўсё яны езьдзілі ў тралейбусе.
Бо мастацкая школа была далёка ад іхнага мікрараёну, трэба было сесьці ў адзін тралейбус, праехаць дзесяць прыпынкаў паўз аднолькавыя дамы і шырокія непрытульныя вуліцы, а потым выйсьці і пасьпець на іншы, і праехаць яшчэ дзесяць прыпынкаў паўз такія самыя шэрыя, на адзін твар, дзевяціпавярховікі і роўныя, як пад лінейку выпісаныя праспэкты, і потым выйсьці проста перад будынкам мастацкай школы, дзе раней быў дзіцячы садок, які пакінуў на памяць пра сябе пах кашы і какашак. Ліза чамусьці любіла гэты пах — можа, таму, што ён нагадваў ёй час, калі яна і яе цела жылі разам і не варагавалі.
Лізу не любіў ніхто, апрача мамы і таты. Пра Лізу казалі, што яна інфантыльная і паводзіцца, як дзіця. Ліза была занадта вялікая, і ад яе скуры непрыемна пахла. «Ты зусім не такая вялікая, як ты думаеш, проста ты з буйнымі формамі», — сказала мама, калі Ліза аднойчы наважылася загаварыць зь ёй пра гэта. Мама прамовіла гэта, як падалося Лізе, досыць абыякава, і больш Ліза на такія тэмы не загаворвала.
Лізу пазьбягалі, і хто ведае, што яна зрабіла б аднойчы са сваім непаслухмяным і нязручным целам, калі б не маляваньне. Ліза была як дзяўчына-асілак з драўлянай скрыняй на каленях, поўнай нармальных людзей. Ёй трэба было насіць іх з сабой і выносіць неяк іхныя позіркі.
Да пары ўсё гэта можна было неяк трываць. Пра цела можна было на хвілінку забыцца — асабліва, калі занурыцца ў маляваньне або купіць сабе нешта смачнае. Дый цела часам забывалася пра Лізу, занятае сваімі справамі. Усё гэта можна было неяк цярпець, пакуль у тралейбусах не пачала езьдзіць Рука.
Упершыню Рука зацікавілася Лізай у адзін шэры восеньскі панядзелак. Ліза і яе Цела ехалі ў перапоўненым тралейбусе, і Ліза старанна ўдавала, што яна не знаёмая з гэтым недарэчным і пачварным Целам, а Цела, наадварот, усяляк падкрэсьлівала, што яно належыць Лізе і яны закадычныя сяброўкі. «У жанчын няма кадыкоў, — шаптала сама сабе Ліза. — Таму мы ня можам быць закадычнымі». Цела ня слухала і займала прастору. Шмат прасторы — як падавалася Лізе, ледзьве ня паўтралейбуса. Цела было шчыльна ўціснутае ў чалавечае цеста. Цела дакраналася да тоўстых торбаў, мускулістых заплечнікаў, крывых сьпінаў, кашчавых плячэй і мокрых парасонаў. Цела замінала ўсім.