Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Белая муха, забойца мужчын
Белая муха, забойца мужчын - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Белая муха, забойца мужчын

Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:

Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?
1 ... 38 39 40 41 42 43 44 45 46 ... 69
Перейти на страницу:

«А давайте на раздевание! — прапанаваў з шчырай ухмылкай пераможца, спрытна тасуючы карты. — Бля, что-то настроение сразу поднялось!»

«Я за, — коратка падтрымаў яго Кунцэ. — Пусть Шпэцль порадуется».

Насуплены Шпэцль, які сядзеў у куце са складзенымі на каленях рукамі, уздрыгнуў, пачуўшы сваё імя, і з надзеяй зірнуў на Кунцэ. Але Кунцэ быў занураны ў карты, і позірк Шпэцля зноў пагас.

Ну вось чаму мне заўжды дастаюцца такія «немцы», думаў я, тупа ўслухоўваючыся ў кароткія перамовы Фалічных Сымбаляў, што рабіліся ўсё радзейшыя. Усе мае знаёмыя ў сталіцы мелі замежных сяброў, калегаў ці проста рэгулярна каталіся за кардон. Яны прадстаўлялі мяне самым розным людзям адтуль, зь не такіх замкавых, як гэтая, краінаў, адтуль, дзе адбывалася ўсё самае цікавае і значнае. Палякам, літоўцам, немцам, чэхам, ангельцам. Мы ціснулі адно аднаму рукі і вялі цікавыя гутаркі, і яны казалі на разьвітаньне, што я вельмі цікавы чалавек і нам нельга губляць кантакт. Быў нават нейкі швэйцарац, які аб’яжджаў Эўропу на дзіцячым самакаце і завітаў па дарозе да нас. Як яго звалі? Эжэн? Той Эжэн ніколі не расставаўся са сваім самакатам, ён нават у прыбіральню хадзіў зь ім, баючыся, што жыхары Краіны Замкаў скрадуць ягоны транспартны сродак і ён так і не даедзе да Ўладзівастоку. «Эжэн, але Ўладзівасток — гэта ж ужо не Эўропа?» — спытаў я на сваёй нямецкай, адной зь дзяржаўных моваў Канфэдэрацыі. Ён не зразумеў, у чым праблема і чаго я ад яго хачу.

Напэўна, ён проста кепска валодаў нямецкай…

Я перазнаёміўся з процьмай іншаземцаў — і ніводная з гэтых сустрэчаў не завяршылася нічым. Яны зьнікалі з майго жыцьця, але працягвалі ліставацца з маімі знаёмымі, запрашаць іх у госьці, арганізоўваць зь імі праекты і піць піва на праспэктах і гарэлку ў іх на лецішчах. Яны былі чароўныя, гэтыя людзі з вольных Эўропаў: свабодныя позіркі, карэктнасьць, культура ў кожным слове, кожным жэсьце. А мне нават візу ніхто не даваў. Быццам лёсам для мяне было падрыхтванае зусім іншае спакушэньне Эўропай. Быццам мне ад Эўропы засталіся нейкія крошкі, што проста высыпалі ў адзін выпадкова абраны турыстычны аўтобус, каб я іх падзёўб і супакоіўся. Кунцэ і Шпэцль былі той Эўропай, якую я заслугоўваў. Мусіць, віной была мая любоў да гісторыі. Нашай велічнай і старажытнай Гісторыі, якую ўжо нікому ня ўдасца сфальсыфікаваць.

20. Новы Год

Калі табе шаснаццаць, пад тваім акном выбіваюць дываны, а ў суседнім пад’езьдзе жыве дзяўчынка, якая любіць саджаць сабе на смочкі ліліпутаў — ты думаеш чым заўгодна, але не галавой.

Сустрэчы з маёй новай сяброўкай былі патрэбныя мне, як зельле. На мяне пачалі пазіраць скоса, я перастаў бачыцца з прыяцелямі — хіба я мог прамяняць сустрэчы з маёй Глюмдалькліч на нейкіх дэбілаў, у якіх усё было так прадказальна і прымітыўна? У яе таксама не зьявілася блізкіх знаёмых — яна ніколі не расказвала пра гэта, але, здаецца, у нашай школе яе не любілі. Ды я і не ўяўляю сабе, як яе мог нехта любіць. Выходныя цягнуліся доўга — але і на выходных мы рабілі ўсё, каб пабачыцца: хаця б на некалькі гадзін, за школай, у лесе, ля чыгункі… А потым здарылася тое, што мусіла здарыцца.

Усе ў нашай школе ведалі гэтую гульню. У жаночай разьдзявальні выключалі сьвятло і туды, акурат у той момант, калі дзеўкі пераадзяваюцца пасьля спартзалі, забягае нехта з маіх аднаклясьнікаў. Забягае з выцягнутымі рукамі і… Хто больш грудзей намацае, той і выйграў. У нашай школе нават праходзіў чэмпіянат па гэтым відзе спорту: былі свае лідэры, былі аўтсайдэры, але большасьць, вядома, была гледачамі. Дзяўчаты самі прызнаваліся, каго схапілі, а каго не — ды гэта было і так ясна, па крыках, сьлёзах і рогаце. Я ў такіх забавах ня ўдзельнічаў — хаця мусіў: таму мяне аднойчы проста запіхнулі ў цёмную разьдзявальню і паабяцалі абвясьціць байкот, калі я выйду з нулявым вынікам. Нейкая з аднаклясьніц — цяпер я думаю, што яна была ў мяне закаханая — віскнула, іншыя замерлі. Па адной, высока трымаючы падбародзьдзі, дзеўкі выйшлі, абмінаючы мяне, на калідор. Я застаўся стаяць у цемры, як дурань. Усё скончылася мірна… У шаснаццаць гадоў у такія гульні гуляеш ужо ня надта ахвотна — калі ты толькі ня поўны ідыёт. А вось у клясе маёй Глюмдалькліч забава квітнела на ўсю моц. Толькі новенькая да пары пра гэта ня ведала.

Але нешта заўжды здараецца першы раз. Хлопец, які з выстаўленымі наперад далонямі ўбег у разьдзявальню, дзе разам зь іншымі была мая таемная сяброўка, быў не з найгоршых. Проста ён хацеў прызнаньня, мужчынскага і жаночага, і лічыў, што гэта проста такая гульня. Пачуўся звыклы лямант, дзеўкі выскоквалі з разьдзявальні адна за адной, некаторыя — так і не пасьпеўшы да канца зьмяніць спартовую форму на цывільнае адзеньне; тыя, хто чакаў у калідоры, з абыякавымі ўхмылкамі лічылі: раз, два, тры… І тады з разьдзявальні пачуўся нейкі зусім неверагодны гук. Так, гэта таксама быў крык. Але не дзявочы. Гэта быў крык маладога параненага самца. Ён паўтарыўся, ён зрабіўся проста невыносны. Нехта ўключыў сьвятло, зазірнуў усярэдзіну — і сутыкнуўся з тым самым гульцом, які вырашыў паставіць рэкорд.

1 ... 38 39 40 41 42 43 44 45 46 ... 69
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)