Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Белая муха, забойца мужчын
Белая муха, забойца мужчын - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Белая муха, забойца мужчын

Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:

Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?
1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 ... 69
Перейти на страницу:

Мне патрэбныя былі новыя героі. А іх акурат хапала: ва ўнутраным двары Замку сноўдалі тэрарысткі, весела перагукаючыся зь сяброўкамі, якія вартавалі муры. І я міжволі зноў залюбаваўся імі. Дзеўкамі без цара ў галаве.

15. Тонкасьцi панаваньня

Яны маглі б застацца звычайнымі беларускімі жанчынамі.

Яны маглі б выйсьці замуж і нарадзіць дзяцей — і назаўтра выкінуць іх з вокнаў сваіх пабудаваных у крэдыт кватэраў. У той час гэта было модна, выкідваць немаўлят з акна; ня ведаю, як цяпер. Дзеці ляцелі ўніз, як зьнічкі ў жніўні, наклады рэспубліканскай прэсы ішлі ўгару, шклопакеты не прапускалі шмат шуму, як і абяцала рэкляма. Маці-забойцы выплаквалі сабе дараваньне ў судзьдзяў: судзьдзі-мужчыны сэнтымэнтальныя і ня любяць жаночых сьлёзаў, ні дома, ні на рабоце. Так, яны маглі б застацца звычайнымі беларускімі кабетамі, сьвятарнымі істотамі, яешняй зь дзяржаўных яйцаклетак — маглі б танчыць на дыскатэках пад модных дыджэяў, выстукваючы даўгімі нагамі любоў і нееежнасьць, і вернасьць традыцыям, і патрыятызм, і проста вернасьць мужу. Яны маглі б выйсьці замуж «заграніцу» — бо ўсе жанчыны мараць пра гэта, а хто ня марыць, той не жанчына, а мужык у спадніцы.

Яны маглі б рэзаць вяндліну на бутэрброды для мужчынскіх фуршэтаў, рэзаць тонка, ашчадна, прыгожа, мужчына так ня ўмее і ніколі не навучыцца, бо трэба выбіраць нешта адно: або рэзаць вяндліну, або рабіць гісторыю, у мужчыны рукі не для дробязяў, а для Важных Справаў. Кожнага разу, калі я бачыў, як жанчына рэжа вяндліну на бутэрброды для мужчынскага фуршэту — мне здавалася, што жанчыны рэжуць адна адну. Тонка, ашчадна, прыгожа адразаюць адна ад адной кавалачкі мяса і кладуць на белы, намазаны маслам хлеб. Вяндліна нагадвае жаночую плоць: вільготная, бліскучая, ружовая. Фуршэт мае пачацца праз паўгадзіны — нічога, мы пасьпеем, жанчыны робяць гэта надзіва хутка: спрытна разразаюць адна адну на акуратныя апэтытныя лусты. Ня дзіва, што калі фуршэт пачынаецца, іх ужо не відаць, гэтых гаспадарлівых і клапатлівых паненак. Нідзе не відаць. Зусім не відаць. Дзе жанчыны? Дзе жанчыны, крэвэткі і кветкі? — крычаць захмялелыя мудрыя мужы. Бязь іх скушна. Скушна кушаць. Дзе красата? За што піць трэці тост? Каму жаліцца на суворы лёс і люэс сэрца?

Яны маглі б застацца звычайнымі жанчынамі. Выконваць даручэньні, купляць букеты, гатаваць каву, супакойваць, цешыць вока і ведаць месца. Ведаць месца і ведаць месцы, дзе мужчыну прыемна. Падносіць хлеб-соль. Калі я бачыў жанчын, якія падносяць людзям хлеб-соль, мне заўжды здавалася, яны нясуць Высокім Гасьцям свае грудзі і вагіны. Госьць адшчыкне кавалачак, як за цыцку схопіць, апусьціць у соль, як палец засуне — «Добра», кажа госьць, расплыўшыся ў пахабнай, нейкай пахвіннай усьмешцы. Прыемна.

Яны маглі б працаваць сенцамі ў мужчынскія кабінэты, дзе вырашаюцца Важныя Справы. Ружовымі дзьвярмі ў белы пакой Мудрасьці. Кожная жанчына, у якой за сьцяной Мужчынскі Кабінэт, — дачка, якую трэба выхоўваць. Кожны мужчына, які займае нават самую нізкую і нікчэмную, але пасаду — бацька, якога трэба слухаць. Яны маглі б зрабіцца нармальнымі жанчынамі, вушамі, у якіх захоўваюцца нудныя мужчынскія жарты, вуснамі, якія трэба расьцягваць ва ўсьмешцы, бо так патрабуе традыцыя: калі мужчына жартуе, жанчына абавязаная хаця б усьміхнуцца. А лепш засьмяяцца, агаліўшы зубы і дзясны: традыцыя паслушэнства — гэта сьвятое.

Яны маглі б, гэтыя дзеўкі. Маглі б. А замест гэтага ўзялі нас у закладнікі і прымусілі выконваць іхную волю. Яны захапілі Замак. Наш Замак, мужчынскае вынаходніцтва, Замак, у якім жанчыны заўжды былі або каштоўным скарбам, або госьцямі, або разьменнай манэтай. Але ніколі — гаспадарамі.

Разглядваючы тэрарыстак з акна нашай турмы, якая больш чым за суткі пасьпела ўжо страціць строгі музэйны водар і прапахла чалавечымі і жаночымі подыхамі, уздыхамі і дымамі, я, вядома, яшчэ ні пра што такое ня думаў. Я проста любаваўся імі, іхнымі рухамі, у кожным зь якіх адчуваліся чыста мужчынскія воля і вольнасьць — і разважаў пра тое, што само слова «Замак», спрадвечна мужчынскае слова, пачынае пад уладай гэтых шалёных кабет губляць вастрыню свайго канчатку. Жалезнае, вострае, цяжкое слова дзеўкі Босай зрабілі чужым, бескарысным, бяскрыўдным. Слова зьмяніла пол. Быццам у гульні ў перастаноўку літар: з замка атрымлівалася самка. Самка, якая ўсё вырашае сама.

Босая самка.

Мне вельмі трэба было да яе патрапіць. Як мага хутчэй. Ішоў другі дзень нашага палону ў Замку — і я дзіўным чынам не адчуваў больш нянавісьці да тых, хто зьняволіў нас у гэтым музэйным пакоі. Я любаваўся і быў на дзіва спакойны — па шчырасьці, мне даўно ўжо не было так добра. І за гэта я быў злы на сябе, злы лютай мужчынскай злосьцю. Я прыехаў у Замак па мужчынскіх справах. Пазлаваць Р-скага і пазначыць тэрыторыю, задраўшы хвост уласнага шляхецтва. Мне тэрмінова трэба было ўзьненавідзець Босую сучку. Але нянавісьці не было — быццам яна засталася там, за мурамі, ля брамы, побач зь міліцэйскімі машынамі, у ачапленьні, у кароткіх дзелавітых перамовах па рацыях, у сьлядах ад колаў грузавікоў з надпісам «Люди». Там мусілі стаяць іншыя грузавікі, з надпісамі «Женщины».

1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 ... 69
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)