Белая муха, забойца мужчын
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 9789857140077
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:
«Але чаго вы патрабуеце? — асьцярожна запытаўся я. — Пакуль што я чуў толькі пра карову…»
«Жуту яны не адпусьцяць, — сумна пасьміхнулася Босая. — Для іх гэта нават важней, чым адпусьціць людзей. Але пачакай, я акурат прыдумала, якім чынам мы пажартуем».
Яна рэзка павярнула да сябе свой белы ноўтбук.
«Мы запішам ім кіно. Такое, каб мароз па скуры. Усё па законах жанру. Сядай сюды».
І яна паднялася са стала, паставіла каля сьцяны крэсла і накіравала на яго вока відэакамэры.
«Сядай».
Я паслухмяна апусьціўся на крэсла.
«Недзе ў мяне быў ножык… Пазычаны ў музэі…» — Босая пашукала ў шуфлядзе стала і, ухвальна рохкнуўшы, дастала сапраўдны даўгі кінжал — адзін з тых халодных, зь вітай, абсыпанай бурштынам ручкаю, з матавым бляскам і кропляй сьвятла на кончыку вострага ляза. Такі мой продак Саха-Якуцкі насіў збоку, а такі самы, але меншы, у адным з чаравікаў. Не заўжды насіў, вядома, але калі ішоў у паход на чужынскія зграі. На быстрым кані, падкруціўшы ліхія вусы, натачыўшы вострую шаблю. І падпаліўшы босыя ногі той, якая… Не, лепш пра гэта ня думаць.
Босая, між тым, завязала хусткаю твар так, што заставаліся відаць толькі вочы. Цёмныя, бязьлітасныя вочы з водбліскамі будучых прыгодаў, вочы, як менская ноч дзевяностых.
«Чагосьці не хапае», — сказала яна.
«Сьцяга на сьцяне, — раптам вырвалася ў мяне. — Сьцяга».
Вочы недаверліва зірнулі на мяне, але ў іх ужо зьявіўся непадробны інтарэс, які Босая ўсяляк намагалася схаваць.
«Сьцяга?»
І тады я зрабіў гэта.
Далібог, я здолеў зрабіць гэта.
Я падняўся і падышоў да Босай, адарваў кавалак яе сукенкі і, трымаючы яго ў руках, хутка апынуўся там, дзе жыла гэтая ачмуральная, духмяная, як толькі што скошаная трава, кроў. Пазбавіўся ад лішняга, стаў на калені перад ружовымі дзьвярмі. Босая дапамагла мне, яна села на стол і рассунула ногі. Мой рух быў хуткі і асьцярожны, і вось у мяне ў руках быў кавалак тканіны, пасярод якога гарэла пунсовая пляма, няроўная, наўскос, мудрагелістая, як герогліф. А можа, гэта мне толькі падавалася, што яна гарэла, гэтая пляміна — а насамрэч проста кавалачак Босай скочыў на белую тканіну, і запах так пякуча, што ў мяне ў вачах зьявіліся сьлёзы.
Мы моўчкі прыладзілі сьцяг на сьцяну. Я сеў на крэсла, я, нашчадак магната, слаўнага князя Саха-Якуцкага, якому належаў Замак, і тое, што вакол Замка, і пад ім, і неба, і хмары, і сонечны прамень. Босая ўключыла камэру і стала ў мяне за сьпінай. Я адчуваў, як кінжал лёг на маю шыю, падабраўся пад адамаў яблык, ціхенька зашаргатаў аб шчэць на ім. Я адчуваў цеплыню цела Босай, яе грудзі былі ў мяне над плячом. Яе подых ішоў проста ў мае валасы, і валасы варушыліся, нібыта я быў бясконца напужаны, напужаны, як дзіця ўначы, але не, мне не было страшна.
Мне было добра. І так добра, як у гэты момант, мне не было ніколі.
Камэра глядзела на мяне, як вычварэнец, што зазірае ў чужыя вокны.
«Перадай ім ад мяне прывітаньне», — шапнула Босая. І я пачаў гаварыць.
Гульня захапіла мяне адразу, нават ня трэба было настройвацца на патрэбны лад: я проста расказваў пра тое, чаму навучыўся за гэтыя дні. Кінжал на маёй шыі цьвярдзеў, а рука, што трымала яго, падрыгвала. Я скончыў свой зварот тым, што папрасіў выканаць усе патрабаваньні тэрарыстак, я не агучваў іх, а проста сказаў «усе», я прасіў падумаць пра мяне і ўсіх закладнікаў, інакш… «Інакш нам ня выйсьці адсюль жывымі», — сказаў я і замаўчаў. Кінжал уціснуўся ў маю шыю зь небясьпечнай сілай, здавалася, зараз ён пырсьне крывёй, ягонай халоднай кінжальнай крывёй, або маёй блакітнай, або падобнай да туману ў цемры крывёй Замку. Мы памаўчалі крыху, пазіраючы ў камэру, як дурні, і толькі потым Босая прыбрала лязо і, стомленая, выціснутая, высокая, як цень на мурах, падышла і выключыла гэтае непрыстойна-неміргатлівае вока.
«Зрабі мне добра», — папрасіла яна, разглядваючы мой твар так недаверліва і патрабавальна, быццам бачыла яго ўпершыню.
17. Дачка велiкана
Цяпер, азіраючы зь вежы ўжо знаёмы краявід, я змог нарэшце ацаніць, што насамрэч робіцца вакол Замку. Па пэрымэтры была мёртвая зона, мэтраў дзесяць, а там, дзе яна канчалася, стаялі карычневыя аўтафургоны. Вельмі шмат карычневых фургонаў, што дакраналіся адзін да аднаго квадратнымі азадкамі і тупымі пысамі. Фургоны бяз вокнаў. За імі мільгалі людзі ў чорным, людзі ў шэрых касьцюмах, людзі ў масках, людзі са зброяй. І ніводнай жанчыны. Адны людзі. Нібыта іх прыгнала сюды нейкай выбуховай хваляй. А далей, за карычневым поясам, якім быў падпяразаны Замак, нічога не зьмянілася. Гэтаксама, як і раней, як стагодзьдзі таму, жаўцела дарога і зелянеў луг. Усё гэтак жа выглядвала з-за далягляду вялікае і справядлівае, як апошняе пакараньне, сонца.