Белая муха, забойца мужчын
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 9789857140077
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:
І тады Ліза азірнулася.
Рука кінулася назад, панічна высьлізнула з-пад Лізіных майтак, пакінуўшы на скуры свой уладны і мярзотны дотык.
За сьпінай Лізы стаяў непрыкметны мужчынка у надзьмутай куртцы. Маленькі такі мужчынка, з тых, каго мама Лізы пагардліва называе «мужичишка». Зусім маленькі мужчынка гадоў сарака. А можа, і пяцідзесяці, а можа, і шасьцідзесяці. Галоўнае, што назваць яго маленькім хлопчыкам ніхто ня мог, нават калі б захацеў. А менш за ўсё гэтага хацеў сам мужчынка, які цяпер хаваў у кішэні… хаваў у кішэні яе… яе…
Руку.
Ён засоўваў Руку ў кішэню, а яна не залазіла. Рука была разьдзьмутая, як ягоная кітайская куртка, Рука была ўзбуджаная, разагрэтая Лізіным цяплом, напоеная за ўсе мінулыя дні Лізінай скурай, Рука была ўладная і варушыла пальцамі, якія працягвалі шукаць штосьці, але ўжо не знаходзілі. Рука не зьмяшчалася ні ў кішэнь, ні ў тралейбус, ні ў Лізіны вочы. Рука была відавочная, Рука была брыдкая, валасатая, чужая, брудная, Рука, якая ператварала ў магільную зямлю ўсё, да чаго дакраналася.
Мужчынка зь нянавісьцю паглядзеў на Лізу, адвярнуўся, зноў зірнуў на яе спадылба, не даючы рады сваёй Руцэ, і потым выпучыў свае маленькія вочы, стаў красавацца перад Лізай, паказваючы ёй усім сваім выглядам, што гэта быў ён, ён, ён, гэтая ягоная Рука прысабечыла Лізу і карысталася ёй увесь гэты час. Мужчынка глядзеў на Лізу, і на маленькім твары ягоным быў выраз пераможцы, выраз чалавека, які мае права рабіць зь Лізай усё, што захоча, мужчынка ганарыўся тым, што ён зрабіў, ён ганарыўся сваёй Рукой, ён шчыра не разумеў, што тут такога.
«Табе ж спадабалася, праўда?» — было напісана ў яго на твары.
«Ты ж нікому ня скажаш пра чарадзейную Руку, якая дала табе так шмат асалоды?» — было напісана на ягоных вусіках.
«Ты ж разумная Ліза?» — было напісана ў яго на кадыку.
«Што вылупілась? — закрычаў мужычок. — Што ты вылупілась, карова?»
Ліза маўчала, ня здольная адвесьці вачэй ад ягонага перакошанага твару.
«Да каму ты нужна! — закрычаў мужычок. — Красавіца, блядзь, нашлась! Карова!»
Спачатку Ліза спадзявалася, што ён п’яны. Але цяпер было ўжо ўсё роўна.
«Да ты на себя пасматры! — мужчынка крычаў, ужо нібыта апраўдваючыся, але пры гэтым заклікаючы ў хаўрусьнікі іншых пасажыраў. Тыя глядзелі на іх зь Лізай — а дакладней, на іхныя адбіткі ў цёмных вокнах, і думалі пра вечныя каштоўнасьці. — На себя, гавару, пасматры, малая! Карова ты, блядзь, сала адно, скажы спасіба, что жопу тебе памацал, ніхто ж ня купіцца большэ!»
Тралейбус спыніўся на прыпынку, як нічога ніякага. Дзьверы адчыніліся, увайшла восень, пачала правяраць білеты. Тралейбус стаяў з адчыненымі дзьвярыма і быццам чагосьці чакаў. Лізіна Цела зноў не належала Лізе. Усё вярталася, усё зноў навальвалася, душыла, крактала, прыладжваючыся да старой каляіны. Цела Лізы жыло сваім жыцьцём, а Ліза сваім. Цела Лізы ўдарыла мужчынку ў надзьмутай кітайскай куртцы ў кадык. Мужычок згубіў раўнавагу і паляцеў у восень. Ягоная галава прызямлілася проста на бардзюр, і з галавы палілася чырвоная фарба, самая любімая фарба Лізы. Ратуючыся, Рука сутаргава паспрабавала ўхапіцца за край тратуару — ды так і засталася ляжаць там, учапіўшыся ў яго пальцамі. Дзьверы тралейбуса зачыніліся, і ён паехаў далей, паўз аднолькавыя, засыпаныя бляклымі шкельцамі сьвятла дамы і роўныя, як пад лінейку выпісаныя вуліцы. Ліза так і ня выйшла з таго тралейбуса, і ніколі ўжо ня выйдзе. Мо яна проста ў яго ніколі і не садзілася? А дзяўчына, якую звалі Нямона Ліза, што вярнулася ў той вечар дахаты, — гэта ўжо зусім іншая істота і іншая гісторыя, і калі некаму прыйдзе ў галаву паблытаць яе зь Лізаю, дык я б на вашым месцы гэтага не рабіў, бо ці мала што здараецца ў горадзе Менску цёмнымі восеньскімі вечарамі.
19. Жар-птушка
Рокат прыйшоў з усходу, з боку сталіцы, нечаканы і няўхільны, як антыцыклён. Ён усё нарастаў, і мае браты па няшчасьці, якія яшчэ нядаўна сядзелі па кутах асавелыя, нібы п’яныя, цяпер мігам працьверазелі і па чарзе страпянуліся. Моцна, мярзотна, па-мясному гуло недзе над самай вежай — і нават шыбы ледзь чутна забразгаталі ў вокнах, адгукаючыся на гэты прызыўны гук.
«Нас што, бамбіць зьбіраюцца? — падышоў да акна Паўлюк. — Ня самае лепшае рашэньне, га, Міхаіл Юр’евіч?»
«Не дай бог», — перахрысьцілася гаспажа Ацтэцкая.
«Десант сбрасывать будут, — са змрочнай упэўненасьцю кінуў праз плячо Міхаіл Юр’евіч. — Счас хлопцы им покажут, тварям».
Падобна на тое, што гэта і праўда быў вайсковы гелікоптэр — з нашай вязьніцы яго было не відаць, але ён існаваў і натужна гудзеў недзе зусім блізка, здавалася, што нам нават было чуваць, як вібруюць каменьчыкі ў шчылінах замкавых муроў. Я ўявіў сабе гэтую цёмназялёную, як кавалак вырванага зь зямлі лесу, птушку з каронай на галаве, вусьцішную фантастычную істоту з казак Баршчэўскага, якая завісла над узгоркам, пільна ўзіраючыся ў сваю зусім блізкую цэль. Калі Міхаіл Юр’евіч мае рацыю, зараз птушка агледзіцца і пачне несьці яйкі — галавастых ліліпутаў на вяровачках, першы пайшоў, другі пайшоў, а трэцяму не дала… Ліліпуты разаб’юць акно, устаўленае сюды нядаўна на дзяржаўныя грошы, ліліпуты ўварвуцца ў пакоі майго Замка, ліліпуты ні да кога ня будуць мець літасьці.