Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
— Там Скаловіч сядзіць. Фу. Пайшлі адсюль.
— І праўда… Вось халера… А чаго гэта ты пра яго — “фу”?
— Дык ён жа на НКУС працуе. Усе ведаюць. Даносіць.
Хлопец неўразумела паціснуў плячыма.
— Ну і правільна робіць. А што, мы не павінны паведамляць савецкай уладзе пра ўсякія варожыя вылазкі? Шпіёны ж паўсюль, белыя, кулакі, нацдэмы замаскіраваныя… У нашым універсітэце таксама.
Дзяўчына трохі сумелася.
— Ну, так… Але... Ну вось ты, Міхась, хіба пасьля лекцыі Нічыпаровіча пабег даносіць, што ён хваліў князя Радзівіла?
Міхась стаяў да мяне сьпіной, і я ня бачыла ягонага твару. Але заўважыла, як вушы яго, злёгку аттапыраныя, пачырванелі.
— А што, хваліць эксплуататараў, па-твойму, савецкі выкладчык мае права? Тэатр, разумееш, крывасмок пабудаваў, галерэю карцінную… Ня сам жа будаваў! Прыгонных сваіх змушаў! Бізунамі! Дай волю такім нічыпаровічам — яны вернуць царскі лад, пры якім у іх была прыслуга і залатыя талеркі.
— Якія залатыя талеркі? — дзяўчына зазлавала. — Глупствы вярзеш. Галоўнае — чалавек абазнаны. Любіць Беларусь, перадае нам свае веды, робіць гэта самааддана, цікава…
— А трэба — не “цікава”, а так, каб па-нашаму, па-пралетарску. Цікава — гэта ў кафэшантане. Вунь тры гады таму гэтыя “пісьменьнікі”, што паступілі ва універсітэт без іспытаў — Дудар, Александровіч, Дарожны, Глебка, Лужанін, Кадура — памятаеш, якімі фацэтамі хадзілі? У капялюшыках, пры гальштуках, з кульбачкамі буржуйскімі… З “простымі” студэнтамі не размаўляюць. А калі пра іх фельетон зьмясьцілі ў насьценгазеце — у “Савецкую Беларусь” напісалі. “Беларускіх пісьменьнікаў у Дзяржуніверсітэце прыціскаюць!” А потым — што? Пасьля правільнай партыйнай крытыкі? Усе прыпаўзьлі прабачэньня прасіць. І дзе цяпер яны самі, і дзе іх капелюшы?
Дзяўчына бліснула на хлопца шэрымі вачыма.
— І ўсё роўна… Калі чалавек памыляецца — пра гэта трэба сказаць на сходзе, адкрыта, каб той, каго абвінавачваюць, мог выказацца, прызнаць памылку, а пасьля выправіцца.
— Вось і давай абмяркуем цябе на наступным камсамольскім сходзе, — вельмі сур’ёзна прапанаваў хлопец. — Спытаем у таварышаў, ці мела ты рацыю, калі асуджала прафесара Скаловіча за шчырае супрацоўніцтва з Наркаматам унутраных спраў і апраўдвала прафесара Нічыпаровіча за ўхвалу эксплуататарскіх класаў.
Я пабачыла, што дзяўчына спалохалася. Нават рабацінкі, якія шчодра ўсыпалі ейны круглы тварык, збляднелі. Яна амаль шчыра засьмяялася.
— Ну, можа, я і памылілася. Ты ж многа раз казаў мне, што я занадта даверлівая. Проста… Нічыпаровіч зусім стары… А Скаловіч такі… няветлівы. Ён жа і на цябе адзін раз накрычаў.
— Так, тып, трэба прызнацца, непрыемны…— неахвотна прабурчэў Міхась. Дзяўчына схапіла яго пад руку і разьвярнула да вуліцы.
— Ну, пайшлі да мяне ў інтэрнат.
— Ты ж не хацела? — падазрона прамовіў Міхась.
— А я перадумала.
Твар хлапца асьвяціўся ўнутраным задавальненьнем, нібыта ад доўгачаканай перамогі. Ён шырока ўсьміхнуўся і рушыў з дзяўчынай пад руку… Я нейкі час глядзела ім усьлед.
Быў час, быў век, была эпоха…
А цяпер трэба знайсьці Скаловіча. Я зайшла ва ўнутраны дворык… Вось — чорная фігура на лаўцы. У той жа паставе смуткуючага… Я наблізілася і пачула, што прафесар — вось дзіва — нешта напявае ціха-ціха і змрочна. Да таго ж па-ангельску.
І тут мяне “накрыла” “хваля вяртаньня”.
Гульня №6
Генусь, прабегшыся па Сеціве, запэўніў, што гэта дзіцячая сярэднявечная песенька. У пачатку мінулага стагоддзя ангельскія “жаўранкі”-беспрытульнікі расьпявалі яе на вуліцах, як расейскія — “Разлуку”… І з той жа мэтай. “Падайце, Хрыста дзеля, чырвонец залаты”.
А фалькларысты лічаць гэтую песьню водгукам звычаю прыносіць у ахвяру новаму мосту жывое дзіця.
Значыць, Скаловіч пажыў і ў Лондане.
Я зноў і зноў ва ўсіх дэталях пераказвала ўбачанае падчас візіту Туды. Макс, як дасьведчаны архівіст, стварыў ужо цэлы архіў гісторыі нашага асваеньня мінулага. Кожны персанаж — нават эпізадычны — у яго меў уласнае дасье. На Антаніну Аксючыц дасье аказалася зусім кароценькае. Ніякіх зьвестак. Можа быць, справа ў тым, што мы ня ведалі ейнага дзявочага прозьвішча, пад якім яна дзе-небудзь і мільганула ва універсітэцкім справаводстве? Камсорг Аксючыц адзін раз згадваўся — у “звяздоўскім” матэрыяле пра камсамольскі сход, на якім студэнты асудзілі сваіх палітычна блізарукіх таварышаў, што напісалі ліст у абарону беларускамоўных лекцыяў.