Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Алітэрацыя і асананс у адной квантэме не абмяжоўваюцца аднатыпнымі сугуччамі, у выніку адбываецца пэўная дэканструкцыя семантыкі слоў. У наступнай квантэме алітэрацыя адбываецца адразу праз шыпячыя «ч» і «ж» і праз мяккі «к». Тут жа адзначым ўнутраны асананс на націскны «э»: «над межамі імжа / спажытак кажа / каменням мякка / манекен чужы» [95, с. 124].
Калі далей мы будзем казаць пра эвалюцыю пункціра ў межах жанру, то пра квантэму гэтак казаць не выпадае. Яна эвалюцыянуе ў форму з большай ступенню празаізацыі – вершаказ, дзе праз гукапіс і ўнутраную рыфмоўку будзе працягвацца пошук новай семантыкі. Пасля кнігі «Вастрыё стралы» квантэмы болей не будуць уваходзіць у паэтычныя зборнікі паэта. Свайго канчатковага выгляду гэтая эксперыментальная форма дасягне ў публікацыях канца 1980 – пач. 1990 гг., пакінуўшы па сабе шэраг паслядоўнікаў (А. Мінкін, В. Дранчук, Хв. Кашкурэвіч): «ікона пераконвае / дупло / захоўвае шкарлупіну / карпее / употай скон / шурпатая кара» [100, с. 125]; «ацэньваюцца рэчы / побач бог / упрочкі / скіроўваюцца крокі / на сцяне / чыесьці цені» [100, с. 126]. Як бачым, структура твора становіцца больш адкрытай, сінтаксічныя адносіны між словамі пашыраюцца. Пры гэтым, гульнёвы складнік і падтэкставасць застаюцца: творы нагадваюць асацыятыўныя шэрагі з усё тым жа інтанацыйным і сэнсавым вынікам-падсумаваннем, гэтым як бы заклікаючы чытача да сумоўя, самастойнага думання, уцягваючы яго ў працэс сутворчасці.
Такім чынам, квантэма ўяўляецца нам найбольш сугестыўнай, пазакантэкставай паэтычнай формай А. Разанава, дзе рацыянальнае саступае месца інтуітыўнаму, а аўтарскі «мэсыдж», схаванае паведамленне, часта затойваецца ў падтэксце. Медытатыўны пачатак стварэння тэксту (інтуітыўнае сузіранне), пра які казался на пачатку, тут выяўлены найбольш, хаця ў вялікай ступені прысутнічае і ў пункцірах.
Пункцір – першая і самая трывалая паэтычная эксперыментальная форма А. Разанава (датуюцца з 1966 г. і працягваюць стварацца да апошняга часу). Ніжэй мы ўмоўна вылучаем тры структурныя тыпы пункціраў: рыфмаваны, пераходны і канчатковы, што матывавана фармальнымі і зместавымі паказчыкамі, а таксама – храналогіяй іх узнікнення.
Упершыню ўзоры разанаўскіх пункціраў з’явіліся ў аднайменнай нізцы зборніка «Назаўжды» і ўяўлялі сабой паэтычныя мініяцюры ў чатыры – дзевяць радкоў, найчасцей маючы памерам чатырохстопны харэй. Праз гэта і частую незавершанасць думкі пункціры аднаго памеру разам могуць успрымацца як накіды да агульнага твора. Нярэдка яны завяршаюцца рытарычнымі запытамі: «Развей няведання туман / і адкажы нам, / непазбежнае, / ці гэта час належыць нам, / ці гэта мы яму належныя?» [93, с. 63], альбо лаканічнымі высновамі са спробай філасофскага абагульнення: «Блакіт нябёсаў, луг стракаты / больш не узрадуюць таго, / хто страціў сэнс. / Бо сэнсу страта – / то, пэўна, страта усяго» [93, c. 70]. В. Вітка, дарэчы, разглядаючы квантэмы А. Разанава ў артыкуле «Традыцыя, пошук, эксперымент», скарыстаў апошні пункцір у якасці ілюстрацыі тэзы пра адсутнасць «перспектыў для наватарства» у квантэмах, у якіх, на думку даследчыка, зместу «прынцыпова няма» [33, с. 5].
Акрамя рыфмаваных сілаба-танічных, маецца ў кнізе «Назаўжды» і некалькі верлібравых пункціраў, якія можна аднесці да пераходнага тыпу. Адзін з іх, які адкрывае нізку, праз вялікую ступень сэнсавай кандэнсаванасці, разглядаецца крытыкай як паваротны. Так, А. Кабаковіч, разважаючы пра перавагу выяўлення быційнага кантэксту чалавечага існавання над бытавым у творах А. Разанава, на прыкладзе гэтага пункціра адзначае выхад паэта «за межы плоскаснага жывапісання» і «новую змястоўнасць» [50, с. 171]: «Не вернецца воін, / вандроўнік не вернецца, / вернецца сейбіт…/ Заўсёды / вяртаецца сейбіт» [93, c. 61].
Гэтая паэтычная мініяцюра хаця і мае, у адрозненне ад пазнейшых пункціравых узораў, выразную метрычную дамінанту (амфібрахій), задае каардынаты для развіцця вобразнай сістэмы паэта, дзе няма вытлумачанасці, «лабавога» тлумачэння думкі і вобраза, але пакідаецца прастора для чытацкага роздуму. Вобразны ланцуг воін – вандроўнік – сейбіт у нейкім сэнсе адлюстроўвае шматпланавасць творчых іпастасяў самога паэта. Паэт-сейбіт кідае «зерні праўды» на ўзараную глебу паэзіі. Паэт-воін стварае «слоў і думак процібой» (гэтыя словы ўжывае Я. Гарадніцкі для характарыстыкі ранніх паэм Разанава). А паэт-вандроўнік? Ён назірае рэчаіснасць, не ўцягваючыся ў яе. І занатоўвае.