Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
На матэрыяле творчасці А. Разанава прапануецца размежаванне паняццяў «медытатыўны верш» і «верш-развага (роздум)», што вынікае ад дыяметральнай адрознасці тэкстастваральных падыходаў – медытатыўнага (заснаванага на інтуітыўнасці і назіральнасці) і разумова-рацыяналістычнага (скіраванага да фармулявання і раскрыцця пэўных ідэй, канцэптаў, усталёўвання прычынна-выніковых сувязей паміж прадметамі і з’явамі рэчаіснасці і г.д.). Першы падыход выўляецца ў квантэмах і пункцірах, другі – у версэтах і вершаказах.
Пачнем з разгляду квантэм з прычыны меншай празаізаванасці гэтай формы адносна пункціраў у іх канчатковым выглядзе. Найбольш грунтоўна ў разанавазнаўстве гэтую паэтычную форму (у параўнаўча-тыпалагічным супастаўленні з вершаказамі) даследавала Г. Кісліцына ў раздзеле «Жанр і стыль у паэзіі Разанава» сваёй манаграфіі [56, с. 124 – 130]. Тут разглядаецца канцэптуальны, ідэйна-тэматычны бок твораў. Таму нас будзе цікавіць найперш семіятычны бок: спосабы арганізацыі тэксту, канкрэтныя стылёвыя прыёмы і канатацыі.
Першыя квантэмы А. Разанава змешчаны ў паэтычнай кнізе «Шлях-360» (1981). В. Вітка наступным чынам рэагуе на з’яўленне гэтай эксперыментальнай формы: «Пункціры», стаўшы «квантэмамі», страцілі не толькі выразнасць формы, а і звычайную яснасць думкі» і называе іх «радкамі рассыпанага друкарскага набору», а таксама – «рахітычнымі істотамі, вырашчанымі ў колбе» [33, с. 5]. Пры відавочнай жанравай ўзаемаперацякальнасці, даследчык, на нашую думку, памыляецца ў тым, што пункціры сталі квантэмамі, бо гэтыя дзве разанаўскія формы верша на той час існуюць паралельна і кожная з іх мае свае адметнасці.
Найперш, вонкава, квантэма адрозніваецца ад пункціра адсутнасцю знакаў прыпынку (рэдкі вынятак – шматкроп’і). Квантэма, як правіла, яшчэ карацейшая за пункцір (большасць мае памер у тры-чатыры радкі): «насенне самародзіць / помніць вырай / рай унутры» [95, с. 92].
Квантэма сапраўды выглядае куды больш абстрактнай, штучна «вырашчанай» у параўнанні з пункцірам. Пры яе стварэнні задзейнічаны найперш інтуітыўна-сугестыўны складнік. Квантэма, да ўсяго, і вельмі статычная, амаль не відазмяняльная форма. У нейкім сэнсе гэта забаўка, алітэрацыйная гульня (з паэтычнай энергіяй – квантам?), «чыстае» эксперыментатарства: «я адымаецца / шчыльнеюць рыштаванні / чысты час18» [95, с. 77].
Большасць квантэм заснавана на такіх прыёмах гукапісу, як алітэрацыя і асананс. Форма сапраўды тут у нейкім сэнсе абумоўлівае змест. Але, падаецца, тое, што «яснасць думкі страчана» не ёсць хібай: у сваёй эксперыментальнай лабараторыі паэт намагаецца праз сугуччы і супастаўленні-збліжэнні на першы погляд не супастаўляльных слоў адшукаць іх новыя семантычныя адценні: «іржавы жвір / што / ловяць / нараджэнні / умуравана вежа ў засцярогу» [95, с. 92]. Як бачна з працытаванага, элементамі тэкставай арганізацыі ў квантэмах выступаюць рытм і інтанацыя. Так, у прыведзенай квантэме словы «што», «ловяць» і «нараджэнні» хаця і ўтвараюць асобныя радкі, чытаюцца без цэзураў. Як правіла, у апошнім радку змяшчаецца свайго роду падсумаванне, што падмацоўваецца і інтанацыйна.
Руіны запарушваюцца / рунь / уваскрашае руны / неба блізка [95, с. 120]. Гэтая мініяцюра адкрывае квантэмную нізку зборніка «Вастрыё стралы» (1988). Як бачым, і тут прысутнічае гукапісальная дамінанта (абыгрываецца няпоўная аманімія словаў «руіны», «рунь» і руны»). Падобную рытміка-сінтаксічную інтанацыйную схему сустрэнем у шматлікіх іншых квантэмах. Так, апошні радок заўжды інтанацыйна вылучаны. Гэта надае квантэме завершанасць. Часцяком у гэтым радку-падсумаванні маецца назоўнік (аб’ект) у назоўным склоне з дапасаваным азначэннем альбо акалічнасцю месца ці часу: вернутая вера, леташнія гнёзды, частае аблічча, вострая самота, старое веча, серп на мяжы, упартая апора, шурпатая кара і інш.
Г. Кісліцына дае наступную дэфініцыю рытміка-інтанацыйнай будовы квантэмы: «Квантэма ўяўляе сабой монастрафічны верш, рытмічная арганізацыя якога будуецца на ўліку колькасці часу, неабходнага для сэнсаакцэнтаванага вымаўлення слова ці групы слоў, і з’яўляецца характэрнай для народнага, ці, інакш кажучы, квантытатыўнага, вершаскладання, якое ўжывалася[...] ў беларускім фальклоры» [56, с. 126]. Адзначаючы следам за Г. Кісліцынай лаканічнасць, вызваленасць ад кантэксту, змястоўную насычанасць, кандэнсацыю думкі і наўмысную адсутнасць метафараў, нельга ўсё ж пагадзіцца з тым, што А. Разанаў «пазбягае эпітэтаў» [56, с. 126]. Як падаецца, прыведзеныя вышэй мастацакія азначэнні можна разглядаць як кантэкстуальныя эпітэты, што абыгрываюць фанетычныя спалучэнні ключавых слоў (вернутая вера, частае аблічча, упартая апора).