Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Калі лірычны герой пункціраў сталага Разанава вандроўнік, то ў пункцірах зборніка «Назаўжды», як ён сам сябе ідэнтыфікуе, – перакладнік. Уменне пачуць мову птушак, лесу, вады – ці не першасная задача паэта-барда-песняра з старажытных, яшчэ друідавых часоў? Аўтар пункціраў імкнецца тую мову пачуць і перакласцізанатаваць: «Перакладаю шэпт дажджу, / пагляд вачэй, / трымценне гаю…/ Кранаю, / слухаю, / гляджу, / я не пішу – перакладаю» [93, c. 68].
Канстатуючы змяненне эксперыментальных формаў А. Разанава разам з усёй паэтычнай сістэмай, У. Верына фіксуе такія адрозненні пункціраў зборніка «Назаўжды» ад пазнейшых: «болей развітыя, бо канцэнтруюцца не вакол метафары, а вакол тэмы; думка заўсёды раскрыта поўнасцю, няма «недагаворанасці» пазнейшых пункціраў. Паэт усё імкнецца ўвасобіць у словах, растлумачыць, таму пункціры гэтага зборніка нагадваюць маралі ад ненапісанай байкі» [32, с. 34].
Поруч з версэтамі і квантэмамі ў сваім зборніку «Вастрыё стралы», амаль праз пятнаццаць гадоў пасля першай, А. Разанаў змяшчае другую падборку пункціраў. У параўнанні з пункцірамі кнігі «Назаўжды» гэтыя творы маюць больш акрэсленую форму і пераважна не рыфмаваныя.
У. Калеснік у рэцэнзіі на зборнік піша: «У пункцірах падводзяцца вынікі ключавых матываў кнігі, часта выказаныя раней думкі тут набываюць большую афарыстычнасць гучання і мацней кладуцца на душу. Тут паднімаецца шлагбаум пазнавальнай недаступнасці з’явы, паэт дэманструе чытачу, што ён усё ж мастак, якому дадзена выказваць агульныя ідэі ў канкрэтных вобразах, адкрытых пачуццёваму ўспрыманню» [52, c. 31]. Г. Кісліцына мяркуе, што канкрэтныя вобразы, увасобленыя ў пункцірах, «не падагульняюць сказанае на папярэдніх старонках, а[...] з’яўляюцца тым паэтычным матэрыялам, які пазней будзе выкарыстаны ў версэтах і квантэмах». На нашую думку, пункцір варта разглядаць як цалкам самастойны жанр, які ствараецца паралельна з іншымі эксперыментальнымі формамі паэта, але не як датлумачванне ці падсумаванне якойсьці з іх. І гэты жанр не менш важны для паэта за астатнія, няхай і буйнейшыя памерамі (нагадаем, што на сёння пункцір – найбольш прадуктыўная форма творчасці А. Разанава). Сам паэт наступным чынам выкажацца пра герметызм і жанравую адметнасць мініяцюры: «У мікрасвеце мініяцюр не менш таямніц і магчымасцяў, чым у макрасвеце іншых жанраў. У мініяцюры пачынае «гучаць», істотнець не толькі асобнае слова, але і асобная літара, гук. Гук – «электрон» верша. / Мініяцюра прадбачыць паэму: як зерне больш колас, чым сцябло, так і яна больш мікрапаэма, чым мікраверш».
Адзначаная У. Калеснікам ступень пачуццёвай адкрытасці ў пункціра сапраўды высокая, і гэта натуральна, калі ўлічыць, што многія пункціры напісаныя ад першай асобы альбо «завязаныя» на суб’ектыўным адчуванні рэчаіснасці лірычным героем: «Вяртаюся да ранейшых размоў, / да ранейшых сустрэч, / магчымасцей і абавязкаў – / каб узяць тое, чаго не ўзяў, / каб пакінуць тое, / чаго не пакінуў» [99, с. 141].
У пункцірах з «Вастрыя стралы» назіраецца як тэматычная шматпланавасць, так і разнастайнасць у саміх прыёмах стварэння тэксту, што, верагодна, абумоўлена тым вялікім прамежкам часу, за які яны ствараліся. Тут прысутнічаюць усе тры тыпы пункціраў. Рыфмаваныя пункціры стылёва і тэматычна набліжаюцца да пункціраў кнігі «Назаўжды» і напісаныя тым самым харэем: «Карэнне і лісцё. / Бальшак жыцця зямнога. / Цябе сустрэне Ўсё, / праводзіць Анічога» [99, с. 133]. Тэма шляху, дарогі, бальшака як вобразу вечнай праблемы чалавечага выбару, запачаткаваная яшчэ ў дэбютнай кнізе «Адраджэнне» (верш «Пошук»), мае тут ужо іншае раскрыццё: пры вялікай колькасці варыянтаў жыццёвых маршрутаў, іх канчатковы вынік ва ўсіх аднолькавы. Як бачна з працытаванага, рыфмаваная паэтычная мініяцюра займела большую лаканічнасць. Рыфмаваныя пункціры часта выяўляюць традыцыйныя вобразнасць і метафорыку. Пры гэтым, часам у іх сустракаюцца аказіяналізмы («міжчассе», «прадчассе», «утульвацца ў бяспеку» – «адтульвацца для свабоды», «белаплынныя» аблокі), што зрэдку сустракаюцца і ў пазнейшых пункцірах.
Пункціры пераходнага тыпу з кнігі «Вастрыё стралы» праз шырэйшы тэматычны ахоп набліжаюцца да версэтаў і зномаў. Яны характарызуюцца цягай аўтара да рэфлексіяў, парадоксаў, нечаканых філасофскіх высноў. Нярэдка ў іх ілюструецца нязладжанасць, шматслойнасць рэчаіснасці, альбо, як у наступным прыкладзе, унутраная «падвоенасць» лірычнага героя: «Наведваюся ў мясціны, / дзе ўжо некалі быў, / і не ведаю, як растлумачыць / дрэвам, людзям, сабе самому, / што ўжо мяне двое, / і не ведаю, чым запоўніць / прагал паміж мною гэтым і тым» [99, с. 129]. Можа падацца, што ў гэтых развагах Разанава праяўляецца пэўная інфантыльнасць, але, як ужо адзначалася пры гаворцы пра «Паэму рыбіны», здольнасць глядзець дзіцячымі вачыма – адзнака сапраўднага паэта. Акрамя таго, вербальная эканомія, адыход ад складаных метафізічных фармулёвак, выяўленне быційнай праблематыкі праз «простыя» словы, карыстаючыся тэрміналогіяй Ю. Лотмана [гл.: 67], можна разглядаць як «мінус-прыёмы» на фоне ранейшай структуры тэксту А. Разанава, нярэдка перагрувашчанай шматслоўнасцю.