Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Голас прафесара зноў набраў моцы.
— І ўвогуле, чаму вы вырашылі, што мяне варта шкадаваць? Я заслужыў усё, што маю. Ваша фантазія пра мяне беспадстаўная. Запэўніваю вас — я сапраўды даносчык і здраднік, і на мне сапраўды кроў маіх сяброў.
Ён сказаў гэта так, што сэрца дзяўчыны пахаладзела... І паверыла. Перад тым, як выйсьці з аўдыторыі, Валяр’ян Іванавіч азірнуўся:
— Памыйце прабіркі. І ня так неахайна, як мінулы раз. Не зачапіце па няўклюднасьці вялікую колбу. Працэс мусіць доўжыцца да дзесяці трыццаці раніцы. А з заўтрашняга дня вы пераводзіцеся на пасаду лабаранта біялагічнага факультэта. Я ўжо дамовіўся з дэканам.
Дзьверы зачыніліся. Антаніна моўчкі стаяла і глядзела. На апліку ля дзьвярэй вісеў белы халат. Ягоныя рукавы нагадвалі зьмятыя крылы.
Дзіўна, звычайна Скаловіч старанна распроствае, перш чым павесіць, свае “хімічныя дасьпехі”.
Зялёныя вочы дзяўчыны згасьлі… Холад падымаўся ад сэрца да вуснаў, расьцякаўся па руках да кончыкаў пальцаў… Як холадна… Як у магіле.
Яго вусны былі такімі гарачымі падчас іх першага пацалунку — тады, пад дажджом. Па-праўдзе, гэта яна яго пацалавала, сама. Немаладога, непрыгожага, суровага прафесара з невысносным характарам. Тады ён раптоўна сьціснуў яе ў абдоймах — і адказаў на пацалунак. А потым адштурхнуў ад сябе і прачытаў цэлую лекцыю пра неўтаймаваную эратычную энергію падлеткаў і этыку адносінаў між студэнтамі і выкладчыкамі.
Часам здавалася, што яна проста прымроіла тое, пасьля чаго між імі прагучала “ты”… Імгненьні шчасьця… І — такое жорсткае расстаньне.
Але яе нянавісьці і крыўды не хапіла надоўга.
Антаніна, як у сьне, падышла да стала з прабіркамі, колбамі ды іншым начыньнем сучасных алхімікаў, якія ня верылі ў філасофскі камень. Каб каму з яе знаёмых расказаць, што яе нешта зьядноўвае з фанабэрыстым і геніяльным нягоднікам Скаловічам — пасьмяяліся б. Цяпер і яна можа пасьмяяцца. Такім тонам ня маняць. Няўжо ён і праўда — даносчык? Забойца? І ходзіць у камісарыят па сваёй волі? І ня варты каханьня? І… не кахае яе?
Вось што адзіна важнае.
Ён-не-кахае-яе.
Аскалёпкі разьбітай надзеі ўпіліся ў душу. Калі душа сьцякае нябачнай крывёю, гэта надоўга.
Антаніна моўчкі ўтаропілася на колбу з каламутнай белай вадкасьцю. Вось быў бы лепшы сродак ад болю… Толькі невядома, каму лепей прыняць – ёй, яму… Ці – напалам… Шлюбны келіх вар’яцкага часу. На рудых валасах, заплеценых у касу, скакалі вогненныя водсьветы промняў сонца, што прабіваліся праз чырвоную зорку на вітражы.
Раптам дзьверы ў лабараторыю расчыніліся. Антаніна з раптоўнай надзеяй павярнулася. Антон, муж… Шырокаплечы, блакітнавокі, надзейны. З твару дзяўчыны нібыта імгненна сьцерлі нейкі тонкі сьветлы выраз. За Антонам сунуўся ягоны прыяцель Андрэй – Антаніна яго не любіла, і нават пабойвалася. Здаецца, таварыш Антона па колішняй службе ў асобым атрадзе. Валасы, бровы, вейкі амаль белыя, а твар ружовы, як шынка. І вочы сьветлыя… Як гузікі ад салдацкіх кальсонаў.
Андрэй чамусьці зачыніў за сабой дзьверы лабаранцкай на ключ. Адкуль у яго ключ? А Антон, пачуўшы за сьпіной пагрукваньне замка, раптам імкліва падыйшоў да жонкі і моцна ўдарыў па твары.
Антаніна пахіснулася… Яе падхапілі моцныя рукі – гэта белабровы. Прыціснуў сьпінай да сябе, рукі — як абцугі. Голас над вухам, сіплы, нібы ў карчмара:
— Ты што, Антон? Не павінна быць сьлядоў!
Камсорг грэбліва скрывіўся і сказаў, як плюнуў, у твар жонкі.
— Сучка! Ну што, не нацягнуў цябе сёньня твой прафесар? Мусіць, у яго праблемы з гэтым. Прабірак нанюхаўся.
Антаніна тузанулася, але Андрэй яшчэ мацней сьціснуў яе.
— Пусьціце мяне! У нас... са Скаловічам… нічога не было…
— Тады ён цалкавіты мудак.
Антаніна ўбачыла, што Антон бярэ са стала колбу з каламутнай вадкасьцю.
— Пастаў на месца! Гэта нельга чапаць да заўтра. Ты сапсуеш Валяр’яну Іванавічу досьлед! Да таго ж тут кіслата. Апячэшся.
Антон нявесела ўсьміхнуўся.
— Якая клапатлівая ў мяне жоначка. Дзень і ноч толькі пра мяне думае.
— Слухай, а можна яе… разок… наастачу? – прагучэў над вухам Антаніны задыханы, як ад бегу, голас Андрэя.— Гарачая дзеўка.
— Можа, пад Скаловічам і гарачая была, — прашыпеў Антон. – Але ты, Андрык, кінь дурное, а то моркву тваю адарву. Гэта мая жанчына! Ня мне – дык нікому.
І па твары яго прабег цень болю. Даўняга, стоенага, які на дне душы даўно ператварыўся ў атруту нянавісьці.