Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Зялёныя вочы дзяўчыны глядзелі так адчайна, што звычайны прадстаўнік адамава племя спапяліўся б у іх зялёным агні, упаў бы на калені і маліў аб прабачэньні…
— Валяр’ян, прашу цябе, не хадзі туды.
— Студэнтка Аксючыц! Хто вам дазволіў зьвяртацца да свайго выкладчыка так недапушчальна фамільярна?
Ну, нашто ён зноў будуе гэтую шкляную сьцяну? Дзяўчына ступіла наперад і паклала вузкую даланю на грудзі мужчыны. Той тузануўся, каб адхіснуцца, але ўсё-ткі застаўся на месцы. Толькі яшчэ больш адкінуў назад галаву.
— Я бачыла позву на тваё імя… Чаму яны прыслалі табе позву ва універсітэт? Другім прыносяць дахаты, таемна. Чаму яны хочуць, каб усе ведалі, што ты туды пойдзеш?
Прафесар апусьціў вочы і прамовіў скрозь зубы:
— Таварыш Антаніна, адыдзіце ад мяне. Гэта пераходзіць усе…
— Перастань! — голас Антаніны сарваўся на крык.— Што ты з сабой робіш? Чаму паводзіш сябе з усімі як апошні паскуднік?
— А я і ёсьць апошні паскуднік, — голас мужчыны гучаў цалкам сур’ёзна. З ледзь прыкметным дамешкам горычы. — Хіба Вы не заўважылі, Антаніна, што пасьля майго візіту ў Жоўты Дом з універсітэту зьнікла пару дзясяткаў людзей? Калі вы ня бачыце тут сувязі, значыць, ваш узровень інтэлекту яшчэ ніжэйшы, чым я думаў.
— Я ня веру! — дзяўчына ўчапілася ў белы халат свайго суразмоўцы абедзьвюма рукамі, нібыта баялася, што яго злыя словы зараз садзьмуць яе, як вецер. — Яны зноў напісалі, як мінулы раз, што выклікаюць цябе “для кансультацыі”… Тады ты зьнік на паўгода… Потым вярнуўся такі… На цябе страшна было глядзець. Ад цябе пахла сьмерцю… Але ня страхам. Ня подласьцю. Не баязьлівасьцю. Мяне ты не падманеш сваёй… сваёй бессардэчнай манерай зносінаў.
— Усё, гэта ўжо занадта! — мужчына адарваў ад сябе рукі дзяўчыны. — Займіцеся справай! Пачніце, урэшце, разгадваць душэўныя нюансы ў сваім мужы.
— Я кахаю цябе! — пракрычала Антаніна ў сьпіну прафесару, які пачаў нясьпешна здымаць халат. — Ужо пяць гадоў. З першага курсу. Я выйшла замуж за Антона толькі таму, што ты мяне адштурхнуў!
Голас Валяр’яна Іванавіча ні на залатнік ня страціў атрутнасьці.
— Чыста жаночая логіка. Выйсьці ад крыўды за камсорга універсітэту. Вы ўпэўненыя, што бравы чырвонаармеец Аксючыц вашу логіку зразумее?
Скаловіч павярнуўся да дзяўчыны. Ён застаўся ў чорным пінжаку, зашпіленым на ўсе гузікі, і ў белай кашулі з высокім каўняром. Быццам рыхтаваўся выйсьці на сцэну. Цёмныя вочы глядзелі ўсё гэтак жа звысаку.
— Шаноўная, прафесар, які спакушае студэнтачку, гэта банальна, як гусар, які спакушае гімназістку. Выпіце нанач маёй цёзкі, валяр’янкі.
— Я не магу без цябе. Ты выдатна ведаеш, што я не маню! Што для мяне гэта сур’ёзна. І — прызнайся — для цябе… Тады, пасьля вечарыны ў політэхнічным, калі я ўпала, а ты мяне падхапіў… Калі вярталіся пад дажджом… І потым, калі капнула сабе на руку кіслатою… Ты ж трохі выйшаў са сваёй сталёвай абалонкі?
— Чаму такі паскуднік, як я, ня можа пагуляцца пачуцьцямі наіўнай дзяўчынкі? — холадна адказаў прафесар, гледзячы некуды за вакно з чырвонай зоркай. — Зразумейце, мне за сорак, і мяне ня могуць сур’ёзна зацікавіць маладзенькія інжэню. Шкада, што вы настолькі… бязмозглая, што вырашылі, быццам у мяне ёсьць сэрца.
— Валяр’ян! — Антаніна кінулася да мужчыны, абняла за шыю – ён стаяў нерухома, схаваўшы рукі ў кішэні пінжака. — Я ня ведаю, у якія гульні гуляюць з табой нкусаўцы… Мне ўсё роўна, што гавораць пра цябе іншыя. Чаму ты караеш сябе так жорстка? Чаму ня хочаш, каб цябе любілі? — вусны прафесара здрыгануліся, але ён прамаўчаў. Дзяўчына працягвала гаварыць гарачым шэптам.
— Але я ведаю, што гэта ты выратаваў Паўліка ад арышту, што гэта ты схаваў насьценгазету перад вышукам, і наш выбрык застаўся без наступстваў, і што гэта два дурныя трэцякурсьнікі выпадкова перакулілі партрэт Сталіна ў трыццаць другой аўдыторыі, а ты ўзяў на сябе. І дасюль чытаеш лекцыі на беларускай мове, хаця цябе за гэта тройчы разьбіралі на сходах. І на гэтых лекцыях студэнты сядзяць нават на падваконьнях і на падлозе – не хапае месцаў. Ты вялікі вучоны. І я адчуваю, што ў Жоўтым Доме цябе чакае нешта страшнае. Як ні хаваеш — я бачыла на тваіх руках чырвоныя шнары. Вось тут… І тут… І на шыі, пад каўняром. Дазволь мне выратаваць цябе! Мы можам зьехаць… Вунь паэт Паўлюк Шукайла зьехаў у Ленінград… І яго не арыштавалі.
З твару прафесара зьнік сарказм — засталіся толькі стома і сум.
— Зьбегчы… Божа мой… Наіўнае дзяўчо… Калі б можна было зьбегчы… Тут створаная сістэма, ад якой схавацца немагчыма. Ведаеш, я… спрабаваў. Не, мне дапамагчы нельга. Мая роля прадвызначана. Гэта як у балагане. Клоун можа быць хворы, п’яны, можа паміраць…. Але ад гэтага яго нумар яшчэ сьмяшнейшы.