Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Калі казаць пра ідэйны змест і тэматычную эвалюцыю, то неабходна яшчэ раз адзначыць наступную тэндэнцыю метамарфозаў аўтабіяграфічнага пачатку ў творах А. Разанава. У ранніх творах пісьменніцкае «я», хаця часцяком і ў алегарычным-завуаляваным выглядзе, мела дачыненне да пэўных рэальных падзей яго біяграфіі (напрыклад, вясковага, вайсковага ці настаўніцкага досведу) – вершы «Паганіні», «Тамаза Кампанела», «...Які запал, які размах!», «Паэма незавершанага сказа», «Паэма рыбіны», «Паэма сланечніка» і інш. У пазнейшых жа творах, як пабачым, аўтабіяграфізм мае іншы характар. Да прыкладу, у версэтах пісьменніцкае «я» скіраванае найперш да досведу духоўнага. Так, нават калі ў творы і прамаўляецца ад імя лірычнага героя, з гранічна заметафарызаванага вобразнага кантэксту немагчыма зразумець, якія рэаліі ці канкрэтныя жыццёвыя падзеі пабудзілі аўтара да яго напісання. У пункцірах жа наадварот – адбываецца пісьмо «з натуры», дзейсніцца фіксацыя пэўных праяў рэчаіснасці без глыбокай рэфлексіі. Адпаведна, у пазнейшых творах А. Разанава памяншаецца (а часам і сыходзіць да нуля) і ступень іх публіцызму.
Раздзел ІІ ЭКСПЕРЫМЕНТАЛЬНЫЯ ПАЭТЫЧНЫЯ ФОРМЫ А. РАЗАНАВА І ІХ ЖАНРАВАЯ СПЕЦЫФІКА
Паэзія павінна пераўзыходзіць нават майстэрства. Яны сінонімы да пэўнага ўзроўню, далей разасабляюцца: майстэрства рухаецца па пракладзеных рэйках, паэзія ідзе бездарожжам.
З гутаркі з Алесем Разанавым
[10–А, с. 180].
У межах кожнай паэтычнай формы, вынайдзенай А. Разанавым, можна вылучыць шэраг спецыфічных жанрава-стылёвых рысаў. У разанавазнаўстве да гэтых формаў, як правіла, дадаюцца азначэнні «эксперыментальныя» ці «эксперыментальна-аўтарскія». У залежнасці ад творчай задумы і канцэптуальных задач паэт звяртаецца да той ці іншай эксперыментальнай формы, выразна размяжоўваючы іх тэкстастваральныя прынцыпы і захоўваючы ключавыя ўнутраныя рысы. Вось, як сам А. Разанаў гаворыць пра гэта: «У сваёй творчай прасторы я дакладна распазнаю і акрэсліваю тое, што напісалася ці хоча напісацца: версэты, вершаказы, зномы, пункціры ці традыцыйныя вершы» [10–А, с. 178].
Калі ў першым раздзеле намі быў абраны храналагічны прынцып структурнага аналізу, то для другога раздзела зыходным будзе вызначэнне ступені празаізацыі эксперыментальных паэтычных формаў А. Разанава. Гэтыя формы паводле ступені павелічэння празаізацыі – г. зн. набліжанасці да прозы – мы размесцілі наступным чынам: пункціры, квантэмы, версэты, вершаказы, зномы (апошнія ў нашай працы не разглядаюцца, паколькі не могуць быць аднесены да паэтычных формаў).
Варта адзначыць, што ў такім размяшчэнні мы пярэчым класіфікацыі У. Верынай, згодна з якой найбольш набліжанымі да традыцыйнага верша выступаюць квантэмы, а версэты «больш празаічныя» за вершаказы [гл.: 32, с. 34]. Даследчыца матывуе гэта тым, што і квантэмы, і вершаказы «абапіраюцца на гукапіс, і факт наяўнасці гукавых паўтораў надае ім больш «паэтычнасці» [32, с. 34]. Мы ж звяртаем увагу на тое, што пункцір з рытміка-метрычнага гледжання прайшоў шлях ад класічнага сілаба-танічнага верша да верлібра, а квантэма з’яўляецца мадыфікацыяй гэтай эксперыментальнай формы ў накірунку да фармальнай празаізацыі. Вершаказ жа адносіцца да ўзору версэйнай прозы, тады як версэт мае яскравыя рысы верлібра – свабоднага верша17.
Прапанаваная іерархічная мадэль мае характар грубага набліжэння з прычыны адсутнасці адзінства крытэраў вызначэння гэтай тэндэнцыі. Так, кожная з класіфікаваных формаў валодае рознымі ступенямі фармальна-жанравай статычнасці. Вершаказы пры найбольшай рытміка-метрычнай нязменнасці таксама маюць пэўныя эвалюцыйныя асаблівасці. Жанр версэта пры ўяўнай статычнасці развіваецца па парабале, прыходзячы да найбольшай празаізацыі ў творах кнігі «Рэчаіснасць» (што праяўляецца ўжо на графічным узроўні), і вяртаючыся да адносна разняволенай мадэлі ў найноўшых узорах. Да ўсяго, не зразумела, якое месца ў прапанаванай іерархіі займае паэма ў прозе, з’яўленне якой можа разглядацца як перадумова для версэтавай формы. Не ўключаючы паэму ў прозе у прадстаўленую класіфікацыю, мы ўмоўна адносім яе да той жа структурнай ячэйкі, што і версэт – г. зн. найбольш набліжанай да прозы з усіх паэтычных жанраў.