Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
І калі ў гэтым горадзе нехта робіць казку — хто можа зьнішчыць гэты горад? Ды яшчэ ў ім ёсьць такія людзі, як Волечка, якія ніколі не пытаюцца, нашто табе тое ці іншае. Нават камсамольскі значок трыццатых гадоў з калекцыі Вользінага дзядулі.
Я начапіла на сукенку з дробнымі гузікамі значок і праігнаравала загад студэнтам пятага курсу сабрацца на інстытуцкім стадыёне для падрыхтоўкі да сьвята горада — мы мусілі ісьці падчас урачыстасьцяў салдацкім строем у чырвона-зялёных спартовых касьцюмчыках і махаць чырвона-зялёнымі сьцягамі. Замест гэтага, рызыкуючы “двойкай” па фізкультуры, рушыла на могілкі.
За крок да сьцяны з абразам “Маленьне аб Чашы” Даліла прымусіла мяне дастаць металёвы шарык-завушнiцу з губы.
А татушку-чарапушку, рэцыдыў цяжкога ўзросту, усё роўна на левай лапатцы наўрад забачаць. Ня ў лазьню зьбіраюся.
Я весела ўсьміхнулася сябрам і зрабіла крок наперад.
…У верхняй частцы высокага вакна красаваўся новенькі вітраж — чырвоная зорка, серп, молат…
Каляровае шкло магло кінуць адценьне на растворы і перашкодзіць убачыць іх сапраўдныя колеры падчас досьледаў. Але ніхто не наважыўся нават рэкнуць пра тое, каб прыбраць сімвалы савецкай улады з вакна універсітэцкай лабараторыі. Толькі змрочны дэкан хімічнага факультэта Валяр’ян Іванавіч Скаловіч напісаў заяву на імя рэктара. Рэктар, зьбялелы, як папера, на якой была напісаная заява, выклікаў да сябе славутага хіміка. Што яны казалі за зачыненымі дзьвярыма — невядома, але заява бясьсьледна зьнікла. У адрозьненьне ад зоркі ў вакне.
Антаніна, закусіўшы губу, глядзела на сьпіну высокага мужчыны ў белым халаце. Мужчына вельмі акуратна пераліваў белую каламутную вадкасьць з прабіркі ў вялікую колбу, напалову напоўненую празрыстым расчыньнем. Упэўненыя рухі, хударлявая, але моцная постаць…
— Валяр’ян Іванавіч, вы не адказалі мне.
— Я не абавязаны адказваць на абсалютна дурныя і некарэктныя пытаньні сваіх падначаленых, — нізкі глыбокі голас мужчыны гучаў зьедліва, як серная кіслата. Здавалася, гэты голас таксама можа праліцца на падлогу, і нават з камня пойдзе ёдкі дым. Антаніна нярвова адвяла за вуха пасмачку рудых непаслухмяных валасоў.
— Валяр’ян Іванавіч…
— Студэнтка Аксючыц! Я пачынаю шкадаваць, што ўзяў вас на пасаду лабаранткі. Вы, здаецца, ня маеце нават самага элементарнага ўяўленьня пра тэхніку бясьпекі падчас працы з атрутнымі хімічнымі рэчывамі! Ніякіх староньніх размоў!
Голас грымеў так, што нязвыклы чалавек мімаволі адхіснуўся б назад. Але рухі мужчыны пры гэтым ні на зьмірг ня страцілі сваёй разьмеранасьці. Ды і дзяўчына, відаць, да падобных грымотаў прызвычаілася, бо толькі яшчэ мацней прыкусіла ніжнюю губу. З боку гэта выглядала зусім па-дзіцячы… Хаця дзяўчына была прыгожай той шчасьлівай прыгажосьцю, калі ўзрост губляе значэньне — такія аднолькава вабяць вока і ў пятнаццаць, і ў сорак. Дасканалая гнуткая постаць, высокія грудзі, вялікія зялёныя вочы з “русалчыным” разрэзам — трохі прыўзьнятыя зьнешнія куткі, выгінастыя бровы, высокі белы лоб… Велікаватыя ружовыя вусны, зараз горка падцятыя… Забіцца ці забіць за такую прыгажосьць.
Мужчына скончыў працу, нясьпешна паклаў прылады на месца і павярнуўся. Ён быў ужо немалады — гадоў сорак, але пастава выпрастаная, як у таго, хто любіць пазіраць на ўсіх звысоку або шмат займаўся гімнастыкай. Цёмныя вочы змрочна і ганарыста глядзелі на лабарантку. Худы твар мужчыны наўрад хто назваў бы прыгожым. Бледная скура, вялікі нос кручком, рэзкія лініі ад носу да фанабэрыстых вуснаў, глыбокая вертыкальная зморшчына між прамых густых броваў...
— Ну, што вы стаіце, таварыш Антаніна? Здаецца, вам плоцяць не за сузіраньне свайго прафесара, а за тое, каб вы ў ліку іншага мылі пустыя прабіркі. Калі, вядома, гэты надзвычай складаны працэс даступны вашаму інтэлекту. Ну, будзеце далей выяўляць з сябе саляны слуп?