Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
У верлібравых паэмах сярэдзіны 1990-х – пачатку 2000-х гг. відавочная дапрацоўка ранейшых тэм і матываў. Так, канцоўка «Гліны» з’яўляецца сімвалічным працягам роздуму пра палёт стралы, праз які яна становіцца «палётам самім», як сімвал бясконцага шляху «па сапраўднасці», адсылаючы да версэтаў 1980-х гг. («Палёт», «Птах», «Палёт стралы»): «І толькі страла / У нерухомай пространі гліны / Ляціць / З пачатку ў канец» [106, с. 34].
Наогул ступень афарыстычнасці паэм трылогіі надзвычай высокая нават для Разанава: тут ледзь не кожная частка – афарызм, алегорыя, дзе ў гранічна сціслых выразах заключана глыбокая сімволіка. У «не падрыхтаванага» чытача можа ўзнікнуць шэраг пытанняў адносна таго, ці можна лічыць гэта паэзіяй наогул, навошта патрэбны такі творчы пошук, навошта паэт адыйшоў ад сілабатонікі, дзе бліскуча самавыяўляўся і да т.п. з усім вынікальным. Не жадаючы абараняць творчы метад паэта ад падобных магчымых (і непазбежных) прэтэнзіяў, выкажам меркаванне, што разглядаемыя творы ўсё ж цалкам правамерна ідэнтыфікаваныя аўтарам як паэмы не толькі па аб’ёме і ідэйна-тэматычным ахопе, але і з гледзішча іх уласна паэтычнасці (прычым – у вышэйшым выяўленні).
Прамоўленая, апошняя тэза, як і заўжды ў падобным выпадку, застаецца бяздоказнай, паколькі для розных людзей, нават не гаворачы пра ўзровень паэтычнай «адукаванасці» (ёсць жа яшчэ псіхафізіялагічны складнік), гэтае пытанне застаецца суб’ектыўным. Калі структурны аналіз здольны выявіць, скажам, недасканаласць рытму ці рыфмоўкі, то падобных «аб’ектыўных паказчыкаў» пры гаворцы пра разанаўскія паэмы, што разглядаюцца, прывесці немагчыма. Можа быць, важным для ўспрымання медытатыўнай лірыкі паэта (па яго ўласным вызначэнні – «стралы, пушчанай некуды, – у ноч», г. зн. без канкрэтнага адрасату і цалкам вытлумачальнай задумы) з’яўляецца настрой, з якім чалавек падыходзіць да тэксту, зрэшты, ступень даверу паэту – як падчас экстрасэнсорнага лячэння, калі яно дзейснае толькі пры ўмове ўзаемадаверу між доктарам і пацыентам...
Спрэчнай падаецца таксама тэза пра элітарнасць ці звышскладанасць паэтыкі А. Разанава (пра што пераканаўча піша і Г. Кісліцына [56, c. 70]): лексіка, хаця і насычана словамі з адцягненымі значэннямі ды аказіяналізмамі, з большага простая, пісьмо празрыстае, нават часам вельмі рацыяналістычнае. Можа быць, пытанне толькі ў тым, ці захоча сам чытач адсунуць у бок пэўныя стэрэатыпы і непахісныя ўяўленні пра тое, якой мусіць быць паэзія, навязаныя «класічнай» паэтыкай, адукацыяй і г.д., захапіцца няроўным рытмам, адкрыцца той энергетыцы, якой поўняцца радкі паэм, даверыцца аўтару і разам з ім паспрабаваць намацаць «пачатак часу, дзе Бог разрозніваеразасабляе Свае раўнаісныя іпастасі – Жыццё і Смерць»?..
Акрамя архетыповай трылогіі да таго ж структурнага тыпу можна аднесці паэмы «Рагвалод» (1999) і «Усяслаў Чарадзей» (1994, 1998, 2006), што пабудаваныя на тым жа тэкстастваральным прынцыпе адштурхоўвання ад ключавога слова-сімвала, што і паэмы трылогіі. Аб’екты творчага асэнсавання (знакамітыя постаці беларускай гісторыі) дазваляюць аўтару весці пранізлівы дыялог з слаўнай мінуўшчынай, у якой – адбітак цяперашняга і будучыні. Разанаўскія паэмы гэтага тыпу найменей укладаюцца ў фарматы літаратуразнаўчых тэрмінаў. Іх аналіз – з цытаваннем, раскладаннем прыёмаў і метадаў – малапрадуктыўны, паколькі навуковая тэрміналогія ў гэтым выпадку не паспявае за дыскурсам паэтычным. Уваходзячы ў сумоўе, словы пачынаюць жыць сваім жыццём, «не жадаючы» быць вытлумачанымі болей за тое, пра што яны кажуць.
Такім чынам, паэма А. Разанава, што ўвабрала-скандэнсавала ў сабе рысы іншых аўтарскіх форм, можа разглядацца як тып тэксту з адметнай, паўтаральнай з твора ў твор, арганізацыяй паэтычнага радка, а таксама саміх тэкстастваральных прынцыпаў. Пералічым галоўныя рысы, што вызначаюць гэты тыпалагічна новы ўзор паэмы: мінімізацыя лексічных сродкаў поруч з ёмістасцю выказвання, прывязанасць усіх частак паэмы да агульнай ідэі праз ключавыя словы, зварот да інтуітыўнага, метафізічнага досведу дзеля выяўлення пэўных канцэптаў, алюзій, паралеляў.
Падводзячы рысу пад асэнсаваным у першым раздзеле корпусам тэкстаў, можам канстатаваць, што само азначэнне «традыцыйныя паэтычныя формы» з’яўляецца даволі ўмоўным, паколькі датычыць толькі фармальнага боку вершаў і паэм А. Разанава і з большага адпавядае адносна паэтыкі твораў зборнікаў «Адраджэнне» і «Назаўжды». Тэксты ж далейшых зборнікаў (паэмы) паводле сваіх унутрыжанравых якасцяў уяўляюць складаныя ўтварэнні, кожнае з якіх валодае спецыфічнымі рысамі і класіфікавалася намі ў першую чаргу з пункту гледжання спосабу вершаскладання. Так, паэмы зборніка «Каардынаты быцця» мы раздзялілі на вершаваныя (г. зн. графічна аформленыя як верш) і версэйныя (верш у прозе). Вершаваныя паэмы ў сваю чаргу падзяляюцца на рыфмаваныя сілабатанічныя, дольнікавыя (рыфмаваныя, бязрыфмавыя, з чарговай рыфмай), верлібравыя.