Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
— Ты разумееш, Замоцкі? Гэта ня мы, гэта Скаловіч вінаваты ў тым, што ты трапіў сюды. Скажы гэтаму чалавеку, што пра яго думаеш, ня бойся. А можа быць, ён сам правінаваціўся перад савецкай уладай, а ад нас гэта схаваў? Можа быць, гэта ён мусіў быць на тваім месцы?
Замоцкі падымаецца, як у сьне. Ногі дрыжаць. Бледны твар Скаловіча падаецца яму тварам самой сьмерці, самым паскудным, што ёсьць у жыцьці. Зьнішчыць яго — і вернецца сьвятло і дабро.
— Ты, ты… Сволач… — у горле зьняволенага хрыпіць нянавісьць. Ён, як самнамбула, набліжаецца да здрадніка, цягнучы рукі… Хімік глядзіць неяк незразумела — нібыта з затоеным болем. Не адхінаецца, не адводзіць вачэй… І па-ранейшаму крывіць, крывіць свае вусны… Схапіць за горла...
— Толькі не па твары! Чуеш, Замоцкі, па твары нельга! Пачакай!
Але Замоцкі цягнецца да бледнага аблічча кашчавымі пальцамі, на двух з якіх сарваныя пазногці.
Сьледчы вычэквае, потым падае знак канвойнаму. Той падыходзіць да Замоцкага і акуратна б’е па галаве прыкладам вінтоўкі. Чэрап нібыта ўзрываецца. Пятро падае ў трыста першы раз на гранітныя пліты.
— Я ж казаў, толькі трохі аглушыць!
— Ды я ня моцна, таварыш лейтэнант… Відаць, у чэрапе была трэшчына.
Ужо згасаючы позірк выкладчыка педтэхнікуму скіраваны пад стол… І бачыць, выразна, як уласную сьмерць, што з-пад чорнага дыхтоўнага паліто чалавека, які сядзіць за сталом, высоўваюцца ногі, дакладна такія ж, як у самога Замоцкага. Босыя, чорныя ад бруду і крыві, і нават сьвежыя чырвоныя струменьчыкі па гэтых нагах, прыкручаных дротам да ножак цяжкога крэсла, па кроплі сьцякаюць у лужынку на гранітных плітах.
Відовішча аддаляецца… Замоцкі разумее, што яго цягнуць за ногі. І гэта апошняе, што ён разумее ў гэтым жыцьці…
…Даліла ня памятае, як патрапіла ў іншы пакой, куды перацягнулі нябожчыка. Сьцены тут пафарбаваныя зялёнай алейнай фарбай колеру бэзавай лістоты. У пакоі пісьмовы стол, два сьціплыя крэслы, драўляны зэдлік, лямпачка ў жалезнай круглай “клетцы”… Пах карболкі — як у бальніцы. Нічога страшнага. Калі не лічыць мёртвага цела вязьня, што выцягнуўся на падлозе з шэрых гранітных плітаў, нібыта ўпаляваны зьвер. Далілу ўсё яшчэ калоціць ад апошняга моцнага пачуцьця, якое перажыў перад сьмерцю нябожчык — ад нянавісьці. Ёй хочацца кагосьці забіць — з-за того, што перажыў мёртвы. Пакой пусты. Нікому няма справы да выкладчыка педтэхнікуму Пятра Замоцкага, які не дажыў да таго, каб стаць гатовым вырабам канвееру... Не, не канвееру сьмерці, сьмерць — гэта збой, гэта адкіды… Подласьці, ці што…
Даліла адарвалася ад сьцяны. Наша феміністка ведала, што ў яе цяпер ёсьць лічаныя хвіліны, перад тым, як невядомая сіла выцісьне Адсюль. І, вядома, спадзявалася правесьці гэтыя хвіліны куды карысьней за хлопцаў-першапраходцаў. Няшчаснаму Замоцкаму не дапаможаш… Трэба знайсьці той пакой, дзе сядзіць хімік. Магчыма, за гэтымі дзьвярыма… Даліла націскае на новенькую жалезную ручку ў форме зоркі… Дзьверы не адчыняюцца. Ідзе да другіх дзьвярэй — тыя таксама замкнёныя.
І што, варта было сюды трапляць, каб правесьці час у кампаніі з нябожчыкам? Мая сяброўка кінулася да пісьмовага стала — можа быць, хоць тут нейкія вартыя дакументы, таямніцы? З шуфлядаў пасыпаліся на падлогу жоўтыя пустыя аркушы. Дзіўна, але Даліла выдатна ведала, што насамрэч на гэтых аркушах ёсьць тэкст, проста ейная сьвядомасьць не магла яго ўспрыняць, як вока ня можа разгледзець нешта занадта далёкае. Мінулае праглядалася, як пейзаж з вакна цягніка — то ўсё зьлівалася ад хуткасьці, то на нейкім павароце ці на прыпынку можна было ўхапіць каліўца чужога жыцьця. Асобныя кадры, маленькія эпізоды… І зноў — размытыя, няпэўныя відарысы.
Трэба пастукаць у дзьверы… Закрычаць… Калі Генуся Тут білі, у яго засталіся сінякі. Значыць, у прынцыпе, Тут цябе могуць і забіць, няхай ты і з часу лядовых палацаў.
Даліла рашуча падышла да дзьвярэй… Але перш, чым яна пасьпела яшчэ раз тузануць за ручку-зорку, па той бок пачуліся крокі. У замку павярнуўся ключ, і ў пакой увайшлі трое ў форме. Адзін, каржакаваты, як мядзьведзь, нёс на плячах складзеныя насілкі.
— Грузіце.
Расчыненыя дзьверы — тое, што трэба… Даліла асьцярожна абышла прыхадняў…
— Стой! Ты да каго, грамадзянка?
Даліла здрыганулася ад нечаканасьці. Хлопцы ж расказвалі, што пакуль сам не “праявішся”, не пачнеш з кімсьці размаўляць, дзейнічаць — ты для тутэйшых прывід.
Сьветлавалосы нкусавец з тварам, пабітым воспай глядзеў проста на яе… Не, дакладней, праз яе. Таму што з-за сьпіны Далілы, з калідору адказаў няўпэўнены жаночы голас: