Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
— Я да таварыша Касіянава… Ён выклікаў мяне. Я жонка арыштаванага Пятра Замоцкага.
Даліла павярнулася і пабачыла худзенькую кабету ў сукенцы, падобнай да гімназічнай, з вялізнымі спалоханымі вачыма, якія з жахам зазіралі ў пакой, пасярод якога ляжалі насілкі з накрытым белай, чысьцюткай, адпрасаванай прасьцінай целам. У гэтым быў таксама асаблівы зьдзек — брудны, закарэлы труп вязьня накрываць дасканала чыстай казённай тканінай. Нкусавец сярдзіта захінуў сабой насілкі.
— Налева па калідоры, грамадзянка. Чаму вы без суправаджаючага? Што за непарадак?
— Я тут! — маладзенькі шпіёналоў падляцеў да кабеты. — Я ж вам казаў — пачакаць. Тут нельга хадзіць адной.
— Прабачце… — прашаптала жанчына, усё яшчэ не адрываючы вачэй ад насілак. — Я выпадкова… Мне падалося, што… А… мой муж… ён дзе? Мне дадуць яго пабачыць?
— Вам усё патлумачаць, — маладзён схапіў жанчыну за плечы і сілай разьвярнуў у калідор. — Ідзіце, куды сказана.
Даліла рушыла сьледам. Раптам жанчына адпіхнула суправаджаючага з моцай, неверагоднай для ейнага худзенькага цела, і бегма кінулася назад, у пакой са страшнымі насілкамі.
— Стой, сьцерва! Страляць буду! — закрычаў нкусавец і выхапіў рэвальвер. Вось тут Даліла і адчула, што можа выканаць сваю гістарычную місію… Зараз штурхне забойцу ці прыме кулю на сябе…
— Ну якая вы нярвовая, грамадзяначка, — жонку Замоцкага трымаў амаль у прыяцельскіх абдоймах каржакаваты, які нёс раней насілкі.— Адразу з таварышам Касіянавым пабачцеся, а тады лётайце сабе. Калі захочаце.
— Я ведаю — гэта Пятрок! Я адчуваю! — жанчына задыхалася ад хваляваньня. — Скажыце мне праўду!
— Таварыш Касіянаў скажа.
— Дайце я толькі пагляджу, хто там, на насілках!
Даліла моўчкі глядзела, як жанчыну валакуць, ледзь не выносяць. І — што цяпер? Каго біць, штурхаць, страляць? А вось і знаёмае па расповедах хлапцоў сьцісканьне цела. Як быццам цябе хочуць зьмясьціць у вельмі вузкую труну…
І Даліла вярнулася ў хату ля могілак.
Хлопцы без яе “адарваліся”. Макс з падбітым вокам — Генусь прыклаўся. За тое, што Далілу справакаваў на падарожжа. Едрусь парваў струну на гітары… А якіх яшчэ вынікаў чакаць ад саракахвіліннага няспыннага нярвовага брынканьня?
А Даліла была змрочнай, як раструшчанае люстэрка. Так нічога і не зьмяніла. Дарэмна схадзіла. Такое болей не павінна паўтарацца.
Гульня №5
— І вось сядзіць ён у чорным паліто. І, уяўляеце сабе, усьміхаецца!
Даліла сыходзіла праведным гневам, як кактус апунцыя – маленькімі калючымі атожылкамі. З кожнага атожылку магла таксама вырасьці вялікая шыпастая расьліна.
Едрусь паспрабаваў запярэчыць – усіх катавалі, таму судзіць тых, хто даваў паказаньні, нельга… А паказаньні давалі практычна ўсе. Макс распавядаў не аднойчы, што старонкі ў сьледчых справах крывёй запырсканыя. Толькі ў 1933-м яшчэ зьдзекваліся так, каб чалавека можна было пасьля падлячыць ды выпусьціць. Невядома, як мы б прайшлі праз гэтыя пакуты. Напэўна, таксама здавалі б усіх і згаджаліся на ўсё. Даліла толькі фыркнула – і сказала, што гэта “апраўданьне позы”. Вельмі распаўсюджаны на сёньня ў асяродку інтэлектуалаў занятак. На іспытах у тэатральныя вучэльні ды інстытуты жадаючым далучыцца да гільдыі блазнаў і трубадураў даюць заданьне стаць неяк асабліва вычварна, камандуюць: падымі правую нагу, завядзі левую руку за сьпіну, абапрыся правай рукой аб падлогу… А тады трэба прыдумаць і сыграць абставіны, у якіх тая поза будзе абсалютна натуральнай. Напрыклад, калі ты стаіш ракача, узьняўшы руку над галавой — гэта сьмешна. А калі ў руцэ пантофля, і ты зьбіраешся забіць прусака — ужо нармальна. Вось і той, хто дэфармаваўся ў таталітарнай сістэме, падрыхтаваўся лізаць азадак альбо захінуўся ад удару, сьціснуўся, угнуўся, зашыўся пад лаву — прыдумвае сабе высакародныя апраўданьні.
Цэлыя бліскучыя, дасьціпныя артыкулы і манаграфіі бываюць прысьвечаныя апраўданьню позы…
Бо натуральная для чалавека толькі адна — вольна выпрастаўшыся.
Даліла разумела, што ісьці Туды яшчэ раз пакуль ня можа. Саслабла. А пакінуць усё надоўга яна не хацела. Да таго ж, новы чалавек можа ўбачыць нешта новае…
І да Гульні далучылі мяне.
Хлопцы, дарэчы, былі супраць. Кожны парываўся пайсьці сам. Але Даліла пераканала — трэба пусьціць новенькую. Мне сумленна распавялі пра рызыку.
Я апранулася так, як параіў Макс, знаўца часу. Ня стала браць у бацькоў нацыянальныя строі. Вампука ўсё гэта, іхнія вышыванкі, камізэлькі, андаракі… Для “ражаных”. Зайшла да знаёмай мастачкі Вольгі, пазычыла сукенку з нефарбаванага лёну, на дробных гузічках, і высокія чаравікі з чорнай патрэсканай скуры — усё сапраўднае, канца саракавых гадоў. Волечка, дарэчы, у чарговы раз мяне зьдзівіла: іду да яе, а яна сядзіць насупраць пад’езда свайго дому-“сталінкі” на зэдліку і крышыць перад сабою батон. Побач фатограф Сева. Перад імі стаіць венскае крэсла, цераз скразную, у выглядзе вензеля, сьпінку якога Сева цэліць аб’ектывам. Я не адразу скеміла, што да чаго. У сьцяне Вользінага дому нішы — пад ідэалагічна правільныя помнікі. Колькі гадоў пустыя… Дык адну нішу Волечка заслала парчой і расклала нацюрморт у стылі старых галандцаў: чаканеныя з металу вазы, ружы, піёны, вінаград, гарбузы, яблыкі, персікі, лімоны… А хлеб крышыцца — каб яшчэ і галубы сюды падляталі.