Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Нам блізкая думка І. Бабкова, што графічны падзел на асобныя вершы ў зборніку «Шлях-360» досыць умоўны: «Усе тэксты пераходзяць уласныя межы, сыходзяцца ў адзіны твор, у адзіны бясконцы маналёг – экзістэнцыйны эпас. У грунце гэтага эпасу – досьвед пашырэньня сьвядомасьці, упусканьня ў яе сьвету і прагаворваньне сьвету ў бясконцых неразумных дыялёгах» [13, с. 61 – 62].
Але ўсё-ткі адзін магістральны матыў А. Разанава, якім з’яўляецца канцэпт Шляху13, выяўлены перадусім у «Першай паэме шляху», абмінуць немагчыма. Як адзначае Г. Кісліцына, у «Шляху-360» «вобраз шляху» выклікаў найбольшую ўвагу з боку крытыкаў, якія называюць гэты зборнік «дэкларацыяй філасофскіх поглядаў паэта, яго творчым крэда» [56, с. 74]. Так, А. Сідарэвіч у рэцэнзіі на кнігу сягае ад евангельскіх трактовак вобразу (артыкул датуецца 1982 г.!) – да бачання ў ім гегелеўскай заканамернасці развіцця, якое заключаецца ў «бясконцым станаўленні» «эга» лірычнага героя [гл.: 116, с. 172]. Г. Адамовіч бачыць у «Шляху-360» «вобраз самога чалавека: непарыўнае паглыбленне ў самога сябе і выйсце на новыя межы самавыяўлення, пошук шляхоў да навакольнага свету і раскрыццё шматстайных форм існавання» [1, с. 160].
Словы «вобраз шляху» вышэй былі ўзятыя ў двукоссе з прычыны іх прысутнасці ў тэкстах названых крытыкаў. На нашую ж думку, больш слушна казаць пра канцэпт Шляху (разгорнутую дэфініцыю паняцця «канцэпт» мы прыводзілі вышэй) – пэўную канцэптуальную выснову, што выяўляе бачанне адносінаў паміж лірычным героем і «Шляхам» і сканцэнтравана ў фразе: «я той, хто шлях і хто па ім ідзе» [95, с. 17]. У разуменні сутнасці гэтай фразы, а таксама сістэмы вобразаў, што дапамагае прыйсці да яе фармулёўкі, крытыкі з большага сыходзяцца. Найбольш слушную і ёмістую, на нашую думку, яе расшыфроўку падае А. Сідарэвіч: «Сказаўшы «я той, хто шлях і хто па ім ідзе», паэт гаворыць: я – цялесны і праз цела іду да духоўнасці, выракаючыся ў сабе жывёліны (сабакі і свінні...)» [116, с. 172].
Да гэтага дадзім, што «шлях праз цела» (якое адначасна гэтым самым шляхам і з’яўляецца), паслядоўна апісаны ў паэме, адсылае да вядомага ва ўсходніх духоўных практыках прынцыпу адсячэння прыхільнасцяў [гл.: 44, с. 106 – 107], а таксама да разумення Шляху (Дао) старажытнымі кітайцамі (вядомы трактат Лао Цзы «Дао дэ дзын»14). А вось, як сам паэт удакладняе сэнс свайго разумення Шляху: «Адначасова шлях як бы ўбірае тое, што было ўчора і кожны новы дзень. Ён гэтаму шляху дазваляе ісці і адбывацца непаўторна. І калі асабовы шлях у дачыненні да канкрэтнай асобы застаецца ў значнай меры прыватным шляхам, прыватнай дарогай, то шлях творцы, шлях паэта... – гэта шлях самой рэчаіснасці» [134, с. 6].
Пры гэтым, нельга, каб пры інтэрпрэтацыі вобразнай сістэмы А. Разанава пераважваў нейкі адзін (напрыклад «усходні») падыход. Паэт адкрыты для разнастайных ведаў і вучэнняў, што фільтруюцца і сінкрэтызуюцца ў яго творах, адкрываючы новыя сэнсы і падтэксты. Гэтак жа і ўся сусветная культура мае ўзаемапранікальныя адносіны. Так, канцэптуальная выснова, пра якую мы гаворым, моцна перагукаецца з словамі Хрыста: «Я – шлях, і ісціна, і жыццё» (паводле пер. а. Чарняўскага – «Я – дарога, і праўда, і жыццё» [80, с. 196]) – выслоўем з Евангелля пав. Яна, што з’яўляецца базісным для хрысціянскай дактрыны. Можна меркаваць, што разанаўскае «я той, хто шлях той і хто па ім ідзе» з’яўляецца перыфразам евангельскай цытаты, толькі без згадвання двух астатніх кампанентаў трыадзінства (ісціны і жыцця). На гэтым пакуль спынімся ў інтрэпрэтаванні канцэпту Шляху, паколькі далейшае паглыбленне ў дадзеную праблематыку адвядзе нас ад мэтаў даследавання, што пагражае саступіць месца не літаратуразнаўчаму, а тэасофскаму дыскурсу.
Наступнай пасля «Шляху-360» кнігай, дзе з’явіліся паэмы, была «Паляванне ў райскай даліне» (1995) – зборнік, дзе, на думку самога паэта, ён «найбольш гарманічна ўвасобіўся» параўнальна з папярэднімі [134, с. 6]. Маецца на ўвазе тое, што тут прысутнічаюць усе, апроч вершаў, паэтычныя жанры, у якіх працуе паэт – версэты, паэмы, пункціры, вершаказы, зномы, а таксама перастварэнні з Веліміра Хлебнікава.
Нізку паэм склалі тры сілаба-танічныя тэксты, напісаныя на пачатку 1990-х гадоў («Паэма пагашаных люстэрак15», «Паэма парушанай мяжы», «Паэма чырвоных вяровак»). Паколькі названыя творы ў розны час даволі шырока разглядаліся крытыкай (Г. Кісліцына, Е. Лявонава, У. Верына) і з п. гледжання асноўных стылёвых і рытмікаінтанацыйных рысаў не маюць кардынальных адрозненняў ад разгледжаных у папярэднім падраздзеле, мы не будзем спыняцца на іх разглядзе. Адзначым толькі тое, што праз іх паэт прадэманстраваў (а, магчыма, мусіў даводзіць), што сярод эксперыментаў у бок празаізацыі «не развучыўся» пісаць класічным вершам. У гэтых творах маем прыклады рытміка-інтанацыйнай дасканаласці, якаснай рыфмоўкі, неардынарнай вобразнасці.