Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
У заключных праграмных радках «Паэмы чырвоных вяровак» (1991) зафіксаваны настрой чакання перамен, спароджаны крахам імперыі, што даў нацыянальным сілам новае дыханне, жаданне «уваскрасаць і лётаць»: «Страх адступаўся. / Вецер ёю пах: / каб мелі шчасце / ўваскрасаць і лётаць, / усходзіла / ў дзіравых чарапах, / паволі распускаючыся, / лотаць» [102, с. 56].
Такім чынам, цэлых дзесяць гадоў (ад 1981 г. да 1991 г.) А. Разанаў не працуе ў жанры паэмы, ізноў звяртаючыся да яго ў сярэдзіны 1990-х: ад 1994 г. да 2000 г. ім напісана пяць твораў з гэтай жанравай пазнакай. У адрозненне ад большасці паэм кніг «Каардынаты быцця» і «Шлях-360», у назве ніводнага з гэтых твораў слова «паэма» не ўжыта. Па сваіх фармальна-жанравых адметнасцях гэтыя творы можна аб’яднаць у адну тыпалагічную групу. Тры з іх – «Гліна» (1994 г.), «Камень» (1995, 1998 гг.), «Жалеза» (2000 г.), якія выйшлі ў 2000 г. асобнай кнігай, утвараюць канцэптуальную трылогію. Гэтая частка творчасці А. Разанава слаба асэнсаваная ў айчынным літаратуразнаўстве.
Да сярэдзіны 1990-х гг. эстэтычная сістэма пісьменніка займела адносную цэласнаць і сфармаванасць: з’явіліся ўсе існыя на сёння аўтарскія паэтычныя формы, большасць з якіх дасягнула піку ў плане жанравай аформленасці, а, магчыма, і вычарпанасці (так, апошні вершаказ датуецца 1996 г., форма зномы пасля кнігі «Паляванне ў райскай даліне» болей не сустракаецца). Фармальна паэт вяртаецца да верлібравых паэм, але паводле задумы разглядаемыя паэмы могуць быць супастаўлены з такой аўтарскай формай, як вершаказ, дзе цэнтральным аб’ектам паэтызацыі часта таксама з’яўляецца архетыповы сімвал.
На прыкладзе першай часткі паэмы «Гліна» можна праілюстраваць асноўныя ўнутрыжанравыя ўласцівасці, характэрныя для складовых частак усіх паэм трылогіі: «Ніцма ляжыш / І ў глыбокім сненні / хаваеш сваю душу. // Загавару з табою – / Адкажаш, / Але не пачуеш. // Рукою цябе крану – / Запомніш. / Але не ўбачыш. // Ты ў самым пачатку часу, / Дзе Бог / Разрознівае-разасабляе / Свае раўнаісныя іпастасі – / Жыццё і Смерць» [106, с. 5]. Як бачым, паводле спосабу версіфікацыі паэмы адносяцца да верлібру з своеасаблівай рытмікаінтанацыйнай арганізацыяй. Кожная частка пранумараваная і складаецца з некалькіх міні-строф (у прыведзеным урыўку – з чатырох), што адасабляюцца чыстым радком. «Гліна» і «Камень» маюць роўную колькасць частак – 58, «Жалеза» – 62.
Архетыповыя словы-сімвалы, заяўленыя ў назвах (сам паэт у дачыненні да падобных ключавых слоў у вершаказах ужывае паняцце «дамінантныя рыфмы», што бачыцца дарэчным і для гэтых паэм), з’яўляюцца зыходнымі пунктамі тэкстаўтварэння. Спосабы і прыёмы такога тэкстаўтварэння вельмі разнастайныя. Так, унутраная пабудова вышэйпрацытаванай страфы трымаецца на свайго роду звароце да архетыповага слова праз увядзенне формы дзеяслова другой асобы адзіночнага ліку. Неаднойчы такі спосаб апісання аб’екта скарыстоўваецца ў паэме «Камень». Напрыклад: «Думны без думак, / Чысты без чысціні, / Тойсамы16 / Знутры і знадворку, / Утульваешся ў нябыт...» [106, с. 51], альбо: «Жалезам / пастукаю па табе – / Іскрына Выблісне і пагасне, / Водгук / Аб’явіцца і растане» [106, с. 41] і інш. Зваротная форма скарыстоўваецца і ў паэме «Жалеза», але ўжо радзей.
Іншы варыянт – апісанне якасцяў аб’екта праз дзеяслоўную форму трэцяй асобы часта нават без прамога называння ключавога слова, скарыстання займенніка: «Знаходзіць сама ў сабе / Безліч рэчаў, / Але саму сябе / Губляе» [106, с. 27].
У двух вышэйапісаных спосабах адбываецца найперш алегарычнае асэнсаванне пэўных унутраных уласцівасцей дамінантнай рыфмы. Магчымы і іншы шлях апісання, а менавіта – праз метафарычнае супастаўленне з словам-сімвалам пэўнай ідэі. У наступным урыўку тэкст пабудаваны паводле гэтага прынцыпу: «Нібы ўбіваюцца ўглыб / Апоры, / Калі будуецца дом, / З глыбіні / Праступаюць задумы, / Каб неўзабаве / Звязацца ў цэласны тэкст, // Як гліна» [106, с. 26]. Механізм стварэння мастацкага тэксту тут параўноўваецца з працэсам будавання.