Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
За морам Хвалынскім - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

За морам Хвалынскім

Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:

Вострасюжэтная аповесць вядомай пісьменніцы Вольгі Іпатавай «За морам Хвалынскім» напісана на гістарычным матэрыяле старажытнай Полаччыны. Малады палачанін Алекса, налюбіўшы прыгажуню Бярозу, накіроўваецца ў пошуках звезенай каханай за трыдзевяць зямель, за мора Хвалынскае. Яшчэ пра адзін трагічны, ужо жаночы лес, княгіні Лізаветы Астрожскай, расказана ў аповесці «Чорная княгіня». Сярод герояў аповесці Сымон Будны, Васіль Астрожскі i іншыя.
1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 156
Перейти на страницу:

Бібо глядзеў услед воінам пацямнелымі вачамі, гартанна прыцмокваў:

— На каня сяду! Пагладжу яго, вах! У добрага каня скура атласная, мяккая, як у жанчыны! Сядло закажу — горы скалануцца!

— Ты i праўда пра коней, як пра жанчын, гаворыш,— не вытрымаў Алекса.

— Жанчына — нічога, але ж яе дастаць лягчэй, чым добрага каня. Конь — сябар, ён не прадасць, не будзе хныкаць i піліць сэрца!

Алексу не крыўдзілі такія размовы. Кожнаму з ix — сваё. За гэтымі агромністымі, непрыветнымі, небяспечнымі гарамі — Хвалынскае мора, а за ім... Там усё пойдзе лягчэй, ён дабярэцца i да Джургеня, i да Бухары...

Дыхаць рабілася цяжэй, паветра, рэзкае, нібы з лядоўні, рэзала ў грудзях. Ламіла зубы ад рачной вады, што шалёна бегла па коўзкіх каменнях.

У харчэўнях падавалі кіслае густое малако, сотавы мёд, кавалкі бараніны, густа пасыпанай пякучай чырвонай мукой-перцам. Бібо еў, хаваючы твар, зарослы густой рыжай барадою. Яны з Алексам набылі, як усе тут, шырокія плашчы з валянай воўны, шчыльныя i цёплыя, якія не прапускалі ні дажджу, ні сцюжы.

Аднойчы хлопцы непрыкметна сядзелі ў куце харчэўні. Дзверы шырока расчыніліся, у цесны, складзены з грубага камення дом уваліўся невялікі атрад. Наперадзе ішоў немалады ўжо, статны горац, у белым шарсцяным плашчы, у цёмна-сінім суконным каптане, густа расшытым серабрыстымі ўзорамі. Похвы, абсыпаныя бліскучымі, як тоўчанымі, каменьчыкамі, ярка заззялі пры свеце факелаў, з якімі ішлі яго спадарожнікі.

Ён нешта выкрыкнуў хрыпла i загадна, i тут замітусіліся гаспадар i яго сын. На вуліцы таксама ўсчалася мітульга.

Прыезджыя расселіся вакол ачага, грэючыся, гучна гамонячы між сабой. Бібо, глянуўшы на ix, яшчэ больш сціснуўся, унурыўся ў плашч, хаваючыся за Алексу.

Праз кароткі час на шырокі стол, вынесены да ачага, пачалі стаўляць місы з варанай фасоляй, сыр, арэхавыя каўбаскі, вяленыя гронкі вінаграду. Запахла маладым віном, якое лілі ў невялікія шыракагорлыя збанкі са скуранога меха. Зноў нешта коратка сказаў старэйшы, i гаспадар пабег да двух падарожнікаў, паказаў на стол, запрашаючы.

Алекса глянуў на Бібо, той шапнуў яму:

— Я — хворы, скажы ім, растлумач!

Алекса, як мог, паспрабаваў тлумачыць, але старэйшы абурана ўсклікнуў нешта, i астатнія кінуліся ў кут, спрабуючы выгнаць адтуль невукаў, што асмеліліся адмовіцца ад запрашэння.

Але тут Бібо ўскочыў, выхапіў з-за пояса шырокі нож, аскаліўшы зубы, зароў абурана i дзіка. Алекса ўскочыў таксама, ліхаманкава рвучы нож з похваў. Загрымелі, падаючы i разбіваючыся, чорныя гліняныя місы...

Воіны таксама залязгалі кінжаламі i нажамі, але тут старэйшы даў ім знак — сныніцца.

Падышоў да двух спадарожнікаў, доўга ўглядаўся ў Бібо — той стаяў, не апускаючы пагляд.

— Біболат? — спытаў коратка.

Бібо гэтак жа коратка кіўнуў. Нечакана для ўсіх абняліся, пасля загаварылі хутка-хутка, перабіваючы адзін аднаго.

Алекса ўбачыў, што светлыя вочы сябра наліліся слязьмі, ён схіліў галаву i доўга маўчаў, а пасля падняў яе i стаў гучна чытаць невядомую Алексу малітву. Астатнія скінулі шапкі i пачалі паўтараць за Бібо незнаёмыя, але напоўненыя смуткам, болем i шчасцем словы...

Сустрэты імі ў харчэўні чалавек аказаўся родзічам Бібо — жанаты ён быў на адной з ягоных стрыечных сясцёр. Ён i расказаў хлопцу аб тым, што мінулай зімой, калі ў аўл прыехаў начальнік князевай варты — той самы малодшы брат Бібо — здарыўся абвал. Каменнем засыпаны быў увесь край аўла — i дом Бібо таксама. I пад тым каменным абвалам загінулі бацька i маці Біболата, як клікалі тут Бібо, а таксама сястра, самая малодшая, якую не паспелі выдаць замуж... «Боская кара на ім, але нашто загінулі іншыя?» — падумаў Алекса.

Цэлы тыдзень з аўла ў аўл вазілі Бібо i яго госця. Родзічаў — блізкіх i далёкіх — аказалася процьма, i ўсе яны адзін перад адным стараліся аказаць пашану цудам уцалеламу патомку паважанай тут, у гарах, сям'і.

— Я не сказаў ім праўду,— прызнаўся Бібо Алексу.— Раз загінуў Бекбулат, нашто яго бэсціць? Я сказаў, што зляцеў у бездань i разбіўся, a выратавалі мяне купцы i сілай, беспрытомнага, вывезлі адгэтуль...

У гарах ляжала зіма, калі Алекса выбіраўся з гасціннага аўла. Трашчаў снег пад буркамі, блакітныя цені скакалі па асляпляльна белай дарозе, зеленаватыя шапкі гор нерухома i велічна высіліся навокал. Бібо стрымаў слова — падарыў сябру гнедага, у белых яблыках i з белай зорачкай на лбе скакуна.

Цяжкія перамётныя сумы віселі па яго баках. Ляжаў там доўгі i пляскаты хлеб, які пякуць у тутэйшых ачагах, цвёрдыя, як камень, сыры, мясціліся скураныя чобаты i падсцілка з воўны.

— А можа, застанешся тут? Красунь i ў нас хапае, Пілігрым Кахання! — апошні раз прагаварыў Бібо. I, як заўсёды на гэтае прозвішча i словы, адмоўна пахітаў галавою Алекса.

1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 156
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)