За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Алекса вагаўся. Конь глядзеў міма замучаным ліловым вокам, бакі яго, мокрыя i дрыжачыя, сутаргава паднімаліся i апускаліся.
— Аддавай! — шапнуў Бібо.— Я падару табе лепшага, хаця i гэты — карабахскай народы. Ну!
— Добра,— сказаў нарэшце Алекса.— Бяры яго. Нам i праўда трэба ісці. Да Хвалынскага мора...
Назаўтра рана яны з Бібо рушылі далей. Караванны шлях ішоў налева, яны ж пайшлі направа — туды, дзе чакалі Бібо горы i адкуль, як абяцаў ён, шлях да мора будзе карацейшым.
Дзень за днём ішлі i ішлі хлопцы па дарогах, што перапляталіся, разыходзіліся i зноў сыходзіліся то ў шырокі ўтаптаны шлях, то ў амаль непрыкметную сцяжынку скрозь зараснікі калючага кустоўя. Алекса быў паляўнічым, i гэта прыдалося ім: у сілкі, зробленыя ім, абавязкова трапляў то малады заяц, то перапёлка, i, згаладнелыя на былых харчах рабоў, хлопцы ад'ядаліся смажаным на гарачым вуголлі мясам, палітым кіслай поліўкай з ягад. Трохі мяса яны прадавалі па дарозе — i катомкі за ix плячыма павялічваліся. Да таго ж Бібо ў час аднаго з начлегаў наткнуўся на гняздоўе горнага крышталю, з якога робяць кубкі для пітва i каралі для жанчын. Яны прадалі яго, a ўзамен набылі медны кумган, у якім грэлі чай. З'явіліся у іх і абутак, і аўчыны, бо ночы рабіліся ўсё даўжэйшымі яны цяпер был i часам з шэранню, што сярэбранымі ўзорамі клалася на чорную аўчыну, што сагравала ix ноччу. З адной скуры, пакуль яны мацавалі каменнем i глінай агароджу ў адным селішчы, пашыла ім маладая ўдава дзве папахі — каб не студзіла галовы.
Дарога мянялася — ішоў стэп, пасля сталі горбіцца вакол жоўтыя ўзгоркі, усё вышэйшыя i вышэйшыя, пасля камяністыя высйы... A ногі ўсё болей адчувалі вышыню. І вось аднойчы Бібо паказаў наперад, вочы яго ўспыхнулі, твар засвяціўся:
— Горы!
Алекса спачатку не ўбачыў нічога такога,— аблокі тоўпіліся над краем неба, аблокі з дзіўнымі вострымі абрысамі. Але Бібо, абхапіўшы яго за плечы, тыкаў рукой наперад, паказваў абрысы гор, называў ix,— i тады Алекса сапраўды ўбачыў, што гэта вяршыні не бачаных дасюль гор, а белае — снег, які ніколі не растае, бо так высока тыя вяршыні.
— Я думаў, што яны бліжэй да сонца i там цёпла, а тут, бач ты — наадварот! — прызнаўся ён, пачасаўшы патыліцу.
— Ты ж сам бачыш, што ў гарах халадней! — рассмяяўся Бібо. Ён быў сам не свой ад радасці — узбуджаны, ледзь не прытанцоўваў i ўсё парываўся абняць Алексу.
Але к вечару яго радасць нібыта згасла. Пераломваючы ў магутных руках хварасціны, ён падоўгу, застываючы, глядзеў на агонь i пра нешта думаў.
— Аб чым ты тут марыш?— неўзабаве запытаўся Алекса, з нецярпеннем выхапіўшы сухастоіну, бо вогнішча пачало трашчаць i паціху згасаць, не атрымаўшы чарговай порцыі паліва.— Дома ж ужо вось-вось будзеш!
— Таму i думаю,— глуха адказаў Бібо.
Ён моўчкі паеў варанай фасолі (тут, у гарах, ім прапаноўвалі востры сыр альбо скудныя прыпасы тутэйшай зямлі — фасолю, боб, гарох), захутаўшыся ў аўчыну, лёг непадалёку ад Алексы.
Палачанін не стаў турбаваць спадарожніка, памыў місы, зрабіў сабе ложак з галінак маладой хвойкі.
Цемра ахутала ix адразу, як толькі схавалася за ўзгоркі сонца, i амаль адразу пачало рэзка халаднець. Малінава-шэрым свяцілася вогнішча, шэры попел хутка зацягваў яго. Пранізліва пераклікаліся між сабой птушкі.
— Мне ж трэба забіць яго,— сказаў раптам Бібо.
Алекса не адгукнуўся, толькі павярнуўся на бок, гатовы слухаць. I Бібо зразумеў гэта, загаварыў глуха i перарывіста.
— Усе чатыры гады... жыў гэтым. Кінжал у грудзі здрадніку,— i ўсё! A толькі цяпер задумаўся — як жыць пасля? Брат жа гэта родны... меншы!
— Дык ён жа... ён прадаў цябе. Успомпі, колькі перажыта ў рабстве. А мог бы там i застацца навечна! — Алекса не вытрымаў, сеў.
— А ты — забіў бы?
— Забіў бы! — цвёрда сказаў Алекса.— А што брат — гэта яшчэ горш. Такога першым, каб на зямлі не смуродзіў.
— Правільна...— уздыхнуў, кладучыся, Бібо.— I я так думаю. А вось горла нешта перацінае, не прадыхнуць...
А горы ўздымаліся ўсё вышэй i вышэй. Скуднела раслінпасць, i больш каменнай рабілася зямля. Яна не ўбірала ў сябе чалавечы крок, a нібы выштурхоўвала, адштурхоўвала яго, i ён гулка адгукаўся ў нярадасных, таксама варожых вышынях. Прынамсі, так здавалася Алексу. Ішлі яны, стараючыся меней трапляць на вочы, хаваліся, калі ехалі насустрач то селянін на ішаку — маленькіх гэтых, трохі смешных, але вынослівых жывёлін Алекса ўбачыў упершыню, то воіны ў высокіх папахах, у чорных плашчах, перацягненых сярэбранымі паясамі з вялізнымі бляхамі, на холеных, любоўна дагледжаных конях.