За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
— Ты не піў? — здзівіўся Алекса.
— Я ведаў усё,— Мікалай аддзяліўся ад сцяны і працягнуў руку, паказваючы. Пры слабым святле лучыны бліснуў кінжал.— Калі б вам не ўдалося самім справіцца, я б дапамог,— працягваў ён.— Я з вамі.
— Куды? — здзівіўся Бібо, падазрона гледзячы на высокага, з магутнай бычынай шыяй Мікалая.— У Царгорад?
— Не! — коратка адрэзаў Мікалай.— Навошта? Я там жыў i стаў рабом. Там няма мне жыцця i будучага. Я пайду з вамі. Пакуль. А там...
— Можа, пойдзеш адзін? — усё яшчэ падазрона прагаварыў Бібо.— Ты рамей. Ці можна вам давяраць?
— А што ён будзе мець з нас? — здзівіўся Алекса.— Няхай ідзе. Утрох лягчэй.
— Сапраўды, хутчэй адсюль! — сурова загадаў Мікалай.— Там разбірацца будзеце. А не хочаце мяне — ну што ж, абыдуся i без вас. Але вам будзе без мяне цяжэй.
Яны ціха дзьмухнулі на лучыну i нячутна растварыліся ў цемры...
Але выйсці да ракі было не так проста. Прайшло колькі хвілін, i калі на панылае «эгей!»,— якое рэгулярна даносілася ад вежы, стражнікі не адказалі, адтуль хутка данёсся тупат цяжкіх ботаў. У Любечы пільна сачылі за парадкам, з Любеча паходзіў сам дзед вялікага Уладзіміра Чырвонае Сонейка, бацька Дабрыні i Малушы, Малк Любечанін! А пасля ўзняўся вэрхал — шматлікія смалякі асвяцілі двор, тунель з дзвюма вежамі, што ля варотаў, мост i моставую вежу. Але троіца даўно сядзела ў адной з вялізных ямаў, прызначаных для захавання зерня. Яма мясцілася ля аднаго з падземных хадоў, якія вялі да ракі.
— Не паспелі! — прашаптаў Бібо, урываючыся ў груду мяккага, нядаўна сабранага зерня.
— Цішэй! — прашыпеў Мікалай.
I сапраўды — стражнікі дабеглі ўжо i да ямаў. Пільна аглядалі яны кожную, нават кінулі камень у адну з ям, ужо запоўненую вадой на выпадак асады. Падышлі i да той, дзе хавалі зерне. Але непадалёку стаяў ахоўнік, глядзеў адданымі вачыма на начальніка стражнікаў, i нельга было падумаць на яго, што ён задрамаў — можа, толькі на адну хвіліну, але на тую якраз хвіліну, што была патрэбна смельчакам, каб забрацца ў яму.
Грукнула покрыўка над галовамі Бібо, Мікалая i Алексы, i зноў стала цёмна i ціха. Алекса з цяжкасцю высунуў галаву з зерня, выцер пот, што праступіў на твары, страсянуў галавой.
Толькі пад ранак удалося ім выбрацца з ямы i дабрацца да ракі, а пасля, перайлыўшы яе на ўкрадзенай у разявакі-гаспадара лодцы, выйсці на дарогу, што ішла ўніз да Кіева. Трэба было абысці Кіеў, далей — Пераяслаў i выйсці на дарогу, якая напрамкі паварочвала на ўсход. Там, прайшоўшы праз стэпы, яна набліжалася да ракі Дон, a'далей, дайшоўшы да Волгі, крута паварочвала на поўдзень, у самае-рэчышча Волгі. Можна было ісці на Тмутаракань — там бліжэй да ясаў i аланаў. Але самае галоўнае — абысці
Кіеў i Пераяслаў. Там, далей, больш небяспечна, але i свабадней.
Толькі праз паўтара месяца яны выйшлі на вялікую дарогу. Дарога была добра наезджаная, ажыўленая, па якой першы час яны ішлі толькі ў цемры, баючыся пагоні.
Дарога i сапраўды была добра наезджанай — насустрач ім рухаліся бясконцыя караваны купцоў. Везлі ў сталіцу русаў — Кіеў — дарагія тканіны, шкляныя вырабы, віно арабскія, персідскія, індыйскія купцы. Ехалі i славянскія купцы. У іншаземных абновах, смуглявыя ад загару, нібы яшчэ пакрытыя пылам далёкіх краін, яны выглядалі як заморскія госці, але трое хлопцаў стараніліся ўсіх. Усё ж аднойчы яны заначавалі на адной са станцый разам з полацкім купцом Раждзенам, якога Алекса ведаў, бо той часта гандляваў на княжым двары. Раждзен быў адным з тых вясёлых, няўрымслівых малойчыкаў, які з аднолькавай лёгкасцю мог бы добра малаціць баявым цэпам у бітве i гандляваць усім, што толькі пашле яму Сварог. Выс'окі, мажны, круглатвары, ён выйшаў раніцай па патрэбе i сутыкнуўся з Алексам, які разам з Бібо выходзіў з будынка двухпавярховай, з гліны лепленай i пабеленай станцыі. Сам Раждзен начаваў наверсе — там масціліся на адпачынак багатыя людзі i важная чадзь, а таксама княжацкія пасланцы. Коні ж Раждзена, яго вартаўнікі i дружыннікі, а таксама вазы з дабром начавалі асобна, за высокай агароджай станцыі ў спецыяльна адведзеным для таго месцы. Раждзен быў у чырвонай вастраверхай шапачцы з кутасікам наверсе, у мяккіх саф'янавых пантофлях i нязвыклай, таксама чырвонага колеру бліскучай кашулі, i таму Алекса, пачуўшы сваё імя, спалохана i адразу імгненна падабраўшыся, утаропіўся ў купца, які весела смяяўся яму насустрач: