Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Ключом да разумення паэм кнігі «Каардынаты быцця» будуць і словы У. Конана: «творы экспрэсіўныя, прарочыя і бадай што апакаліптычныя, насычаныя скрытымі цытатамі з Бібліі, алюзіямі на сусветную міфалогію і навуковыя адкрыцці, на катаклізмы нашага драматычнага стагоддзя. І разам з тым гэта зусім не мадэрнісцкія абстракцыі і не постмадэрнісцкія гратэскі, як думалі некаторыя крытыкі і чытачы паводле павярхоўнага ўражання. У паэмах ёсць глыбокае асэнсаванне рэальнага, прынамсі, «застойнага» савецкага часу і знявечанай беларускай прасторы. Ёсць нават прыкметы асабіста перажытага аўтарам лакальнага, вясковага і сямейнага, побыту з часоў дзяцінства і юнацтва» [58, с. 245].
Паэтычная цэласнасць паэм А. Разанава ўзнікае ў выніку надзвычай арыгінальнага счаплення асобных кампанентаў знакавай сістэмы, трансфармацыі ў ёй элементаў традыцыйнай паэтыкі і наватарскага засваення найноўшых творчых здабыткаў еўрапейскіх школ. Магутным эстэтычным стымулятарам эксперыментальнага пошуку з’яўляюцца асобныя непрыкметныя спачатку «адхіленні», «парушэнні», «канатацыі» ў традыцыйнай паэтыцы, за якімі выразна прысутнічае сама рэчаіснасць мінулага стагоддзя з яго катастрофамі і трагедыямі, а таксама драматычны экзістэнцыяльны вопыт самога творцы. Невыпадкова і тое, што ўсе згаданыя працэсы асабліва паслядоўна заяўлялі аб сабе ў жанры паэмы.
Такім чынам, сярэдзіна 1970-х для А. Разанава – час пошуку не толькі тэкставых форм, але і, перадусім, – распрацоўкі новай вобразна-выяўленчай сістэмы, якая наклала моцны адбітак на далейшую творчасць паэта. Разам з тым гэта пошук творчага выхаду за межы традыцыйнага для савецкай паэзіі тэматычнага кола (праз зварот да рэлігійных алюзій, выкарыстанне вопыту сусветнай літаратуры і філасофіі). Усё гэта прывяло да стварэння вельмі наватарскай для беларускай паэзіі творчай канцэпцыі, што выявілася ў паэмах разгледжанага зборніка. У гэтым раздзеле быў падрабязна разгледжаны шэраг адрозных па форме і тэматыцы паэм, у якіх найбольш яскрава выявіліся азначаныя тэндэнцыі.
У своеасаблівым жанры разанаўскай паэмы куды больш цяжка заўважыць, вылічыць і асэнсаваць бясконцую колькасць унутраных і знешніх сувязей частак тэксту з яго мастацкай цэласнасцю, індывідуальнай эстэтычнай сістэмы паэта з пазамастацкай рэальнасцю гісторыі і сучаснасці. У паэтычнай творчасці А. Разанава эпоха адноснай устойлівасці традыцыйнай мастацкай сістэмы змяняецца часам творчых пошукаў, мастацкіх эксперыментаў, актыўнай форматворчасці. Сучасныя прыёмы і спосабы, распрацаваныя і ўзбагачаныя ў семіятычнай паэтыцы, даюць магчымасць гэтыя эпахальныя змены заўважыць, апісаць і асэнсаваць.
1.3. Тыпалагічныя рысы паэм канцэптуальнай трылогіі «Гліна», «Камень», «Жалеза».
Перш як перайсці да разгляду азначаных у загалоўку паэм, для захавання цэласнасці і храналогіі даследавання, неабходны каментар адносна іншых паэм, створаных А. Разанавым у прамежку між тэкстамі папярэдняга падраздзела і заяўленай трылогіяй.
Аб’ём працы не дазваляе нам належным чынам прааналізаваць паэмы зборніка «Шлях-360», якія, да таго ж, вельмі грунтоўна разглядаюцца ў манаграфіі Г. Кісліцынай. Нас жа, як адзначалася, цікавіць найперш паваротны момант у развіцці паэтыкі А. Разанава, зафіксаваны ў папярэднім раздзеле, таму абмяжуемся толькі сціслым аглядам. У паэмах «Шляху-360» (1981) дэманструецца яшчэ большая дасканаласць у валоданні тэхнікай сілабатанічнага вершаскладання («Паэма запаленых свечак», «Паэма гарачага лісця», «Упоцемках, з ліхтаром»), дольніка («Першая паэма шляху», «Другая паэма шляху»), верлібру («Паэма каментарыю»), верша ў прозе (версэ) («Паэма рэха», «Паэма палявання»). У межах аднаго твора звыклы верлібравы аповед можа спалучацца з інверсійнай, інтуітыўна-плынесвядомаснай манерай пісьма («Паэма каментарыю»). Для сілаба-танічных паэм характэрныя пафаснаснасць, надрыўная інтанацыя. У цэлым жа, з п. гледжання стылёвых прыёмаў і сродкаў вобразнасці, у імкненні да пераасэнсавання самой сутнасці верша А. Разанаў працягвае творчы пошук, распачаты ў папярэднім зборніку, што дазваляе нам не спыняцца на аналізе іх фармальных рысаў.