Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Абодва творы складаюцца з вялікай колькасці невялікіх частакстрофаў (паколькі маем справу з паэмамі ў прозе, такі тэрмін бачыцца дарэчным), якія, як правіла, апісваюць завершаную сітуацыю, выражаюць закончаную думку. У зборніку «Каардынаты быцця» гэтыя часткі графічна вылучаны як абзац без чырвонага радка, тады як пры пазнейшым перавыданні (кніга «Танец з вужакамі» 1999 г.) – адпавядаюць звычайнаму абзацу і адасабляюцца чыстым радком. Акрамя таго, творы пазнейшага выдання маюць аўтарскую дапрацоўку: некаторыя «цьмяныя месцы», недагаворванні, сэнс якіх часам нялёгка зразумець, раскрытыя і патлумачаныя. Так, прыкладам, у «Паэме рыбіны»: «Так ён лавіў і састарыўся, і знямогся – і тады засмуціўся сэрцам: бо тое, што ловіцца ў вечнасці – як давядзецца ў век… няхай не дарэмна лавілася – ён дарэмна… ён без нічога…» [94, c. 48] – заменена на: «Так ён лавіў, і састарыўся, і знямогся – і тады засмуціўся-засмуткаваў, бо тое, што ловіцца ў вечнасці, – яшчэ не вядома ці зловіцца ў век. Няхай недарэмна лавілася – ён сам дарэмны, ён сам без нічога…» [105, c. 157 – 158], утварае асобную частку. Надалей будзем разглядаць гэтыя паэмы паводле апошняга выдання.
Першы раздзел «Паэмы рыбіны» паводле зместу ўяўляе бытапісальны абразок з вясковага жыцця: сын (ад асобы якога вядзецца аповед) чакае на падворку бацьку – вясковага анучніка, які адранку паехаў «куды не сказаў». Другі раздзел складаецца з рэфлексій лірычнага героя, што вынікаюць з яго аповеду пра жыццё бацькі, у які ўпісана прыпавесць пра рыбіну. Сюжэтны план «Паэмы сланечніка» звязаны з гісторыяй пра лёс Тэклі. Аповед тут таксама вядзецца ад першай асобы.
І ў тэматычна-кампазіцыйным плане паэмаў шмат агульнага: па два ключавыя персанажы з аднолькавай схемай адносінаў паміж сабой – апавядальнік і той, пра каго апавядаецца; дзеянне адбываецца ў падобных дэкарацыях беларускай вёскі паэта ў часе дзяцінства паэта. Нягледзячы на ўяўную рэалістычнасць аповеду, персанажы існуюць у віртуальна-эксперыментальнай рэчаіснасці. Можна пагадзіцца з вызначэннем У. Верынай пра тое, што ў «Паэме рыбіны» «няма сюжэта, а ёсць толькі сімуляцыя яго: падзеі не развіваюцца і не адбываюцца нават – яны канстатуюцца і звязваюцца паміж сабой толькі лірычным пачуццём» [32, с. 34].
Першы раздзел «Паэмы рыбіны» выглядае як звычайная замалёўка, што моцна кантрастуе з другім раздзелам, насычаным алегорыямі і псіхалагізмам. Кантрастнасць у «Паэме рыбіны» з’яўляецца ключавым прыёмам падачы матэрыялу. Так, на кантрасце пачуццёвых экспрэсіўна-эмацыйных пасажаў і абстрагавана-канстатавальнага апісання – па сутнасці, сінтэзе празаічнай і паэтычнай матэрый – пабудаваныя многія часткі паэмы: «…О як ты лёсу свайму пярэчыў, о як на яго спадзяваўся пярэчачы: вывезе… І біў нізавошта каня, і лютаваў у хаце… – Па незнаёмай мясціне цягнецца воз анучніка» [105, c. 155].
З рэалістычных побытавых замалёвак-апісанняў вынікаюць раптоўныя метафізічныя рэфлексіі, сентэнцыі, рытарычныя запыты, што выражаюцца не адцягненымі філасофскімі паняццямі, а нібыта простымі словамі «сялянскай» мудрасці: «Аднойчы згубіў ты ключы ад крамы – быў крамнікам, хадзілі шукаць іх усёю хатай: па розных баках, па розных закутках, дзе ты быў напярэдадні – і адшукалі… А як растлумачыш сёння, дзе быў і што страціў?» [105, c. 156].
Азначаны кантраст найбольш заўважны пры супастаўленні аповеду пра лёс анучніка і «прыпавесці аб рыбаках і рыбінах», якую ён расказваў сваім дзецям. Прыпавесць гэтая нясе вялікую сімвалічную нагрузку: па знешніх рысах яна адсылае да казкі пра старога і залатую рыбку, якая, дарэчы, і ў пушкінскім увасабленні блізкая да прыпавесці: «Усе лавілі звычайных і толькі адзін незвычайную, усе вярталіся з рыбаю, а ён ні з чым…» [105 c. 157]. Адсюль узнікае блізкі да біблейскага матыў аддзякі за веру, што палягае ў ідэі чакання, заўсёднага жыццёвага пошуку: «Калі ёсць звычайная рыба, павінна быць незвычайная, і, значыць, хто ловіць яе, той зловіць» [105 c. 157].
Далей чалавек «састарыўся і знямогся – і тады засмуціўся-засмуткаваў (ізноў відавочная казачна-прыпавесцевая стылістыка. – А. І.), бо тое, што ловіцца ў вечнасці, – яшчэ невядома, ці зловіцца ў век» [105, c. 157 – 158]. Па лаканічнасці і сэнсавым герметызме апошняя сентэнцыя ўспрымаецца як фармулёўка адной з «мараляў» ці філасафем прыпавесці. І гэта не адзіная філасафема. Чытаем далей: рыба тая прыплыла «па абавязку незразумелым…Як гутарылі – невядома, але вядома – сказаў ён: узнагародзь… А яна сказала: ты ўжо ўзнагароджаны» – узнагароджаны, трэба разумець, самім чаканнем, што можна інтэрпрэтаваць як увасабленне духоўнага вопыту як галоўнай каштоўнасці чалавечага жыцця. На схіле дзён чалавек турбуецца не аб тым матэрыяльным, што нажыў, а аб тым, як ён гэтае жыццё пражыў: «Але галоўнае ўжо адбылося, ўжо вестка яму далася, што ён недарэмна лавіў, што злавіў найбольш…» [105, c. 158]. Найбольш за многіх іншых, што лавілі «звычайную», «штодзённую», «нямую» рыбу, г. зн. прагнулі задавальнення матэрыяльна-побытавых патрэбаў.