Маўчанне травы: Паэма лёсу
- Автор: Зуёнак Васіль
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маўчанне травы: Паэма лёсу». Краткое содержание книги:
Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.
Перейти на страницу:
Склад успыхнуў, дзе сабралі ў воласць
Ворагі пабор'е з гаспадарак.
«Хоць і ў нас прыпаску ні на волас,
Ды й яны не нажыруюць карак»,—
Так бадзёрыў бацька спахмурнелы,
Калі я з мярзлушак напрадвесні
Ўмінаў гацак акамянелы,
Што не лез у горла, хоць ты трэсні.
Той гацак не гоцаць, не да гульбаў
Падбіваў — ён быў пасланы полем
Падтрымаць жыццё. Прамёрзлай бульбе
Кланяюся й сёння даўнім болем.
Кланяюся шчаўю і мядункам
З лугавой чырвонай канюшыны,
Што былі вясновым паратункам —
Голад абхітралі і глушылі.
У палі, хмызы і сенажаці
Бегаў я, бо з доўгім днём быў згодзен:
Не ўгрызеш пустыя сцены ў хаце,
А на волі што-нішто ды знойдзеш.
Я на смак вясну сваю запомніў.
Нюх і слых, і зрок — табе служылі,
Галадухі злой пустая поўня,
Што звінела глуха аб спажыве.
Прэсны водар даўкай зеляніны,
Слодыч і гаркота красавання,—
Утрыманец травяной краіны —
Перасмакаваў я ўсё дазвання...
Восень і вясна. А паміж імі
Старастоўства бацька мерыў здрадай:
Хоць сілком, a ўжо і ты ў рэжыме
Нейкі вінт і ўжо круціся з гадам.
І цябе ўжо неўпрыкмет прышылі
Гузікам да фрыцавай шырынкі,
I жыві, як з каменем на шыі:
Адпявай штодня свае памінкі.
Стараста і ўсё. Затворам шчоўкнуць,
Бухнуць стрэлам, як прагаласуюць.
A ўжо там даводзь, што не гаршчок ты,
Калі ў печ цябе на вілках сунуць.
Хто ні прэцца — свой альбо ca свету —
Кожнага узборцы, як з палёгкай,
Шлюць да Васіля: лічы пры гэтым,
Ці людзям, ці нелюдзям ты лёкай.
Як тапелец — бо ўжо вірам збіла —
Мусіць за саломінку хапацца,
Так хацела перад чорнай сілай
Вёска ўся за Васіля схавацца.
A праўдзівей нават — захінуцца,
Як за вугал: каб адтуль угледзець,
Дзе лягчэй з бядою размінуцца
І калі там двор яна аб'едзе.
Ну а Васілю куды падацца,
Дзе шукаць дарог ад ліхалецця?
Крыл няма ад пекла адарвацца:
Сам не бог і не анёлы дзеці.
І хоць нанач накарміць ix трэба,
Каб хоць там, у снах, не рэзаў голад.
Толькі чым?.. Ні скварчыны, ні хлеба.
Пакаці шаром — усюды гола.
І Васіль караў сябе няшчадна:
Гэта ж ён найбольш віноўны, можа,
Што з дзяльбою выйшла так няскладна,
Што не раздалі па хатах збожжа.
«Як жа,— меркаваў,— супроць калгаса?
Як паруйнаваць, што толькі ўзводзіў?» —
І з людзьмі прыкідваў і сам-насам,
A выходзіць, не бярог, a шкодзіў.
Быў калгас для немца вунь як зручны!
Хапнулі жытцо, як з той засады...
А цяпер? Ізноўку хвост закручан:
Кажуць, новы меціцца парадак.
Так ляжаў Васіль пад гнётам думак
У бяссонні аж да трэціх пеўняў
І цягнуў праз ноч адзін ладунак
У душы — разгубленасць, няпэўнасць...
Перейти на страницу: