Маўчанне травы: Паэма лёсу
- Автор: Зуёнак Васіль
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маўчанне травы: Паэма лёсу». Краткое содержание книги:
Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.
Перейти на страницу:
15
Абшчына
Я ішоў праз трыццаць год. Узбор'е
Жыта надвячоркам дажынала.
А мяне мільёнасэрцым болем
Памяць несмяротная жагнала.
Дух сяўбы займаўся, і ў разорах
Вечнасцю вякоў зямля чарнела.
Я ішоў праз трыццаць год — дакорам
Дзён, дасюль у сэрцы не згарэлых.
З-пад рукі крылом свяціла зерне,
Як вякоў нязведаных юнацтва:
Над раллёй, над цішынёй вячэрняй,
Над людскім нялёгкім нашым брацтвам.
На прадзім'і рунь зазелянее,
За сяўбой — жніво паверне кола.
Проста ўсё і ясна. Толькі мне як
Не зрабіцца ў яснасці той кволым,
Не скарыцца плыннасці спакойнай,
Не паддацца зману летуценняў:
Над зямлёю — войны, войны, войны,
I над векам — цені, цені, цені...
Я ішоў, а горкая палоска
Прарастала зноў праз гул камбайнаў,
I ўзыходзіў ветахам за вёскай
Серп над паднявольнымі гарбамі.
Гэта ўжо мы потым без агрэхаў
У тамы грунтоўныя запішам,
Як вайна прыходзіла пад стрэхі,—
Бачна ўсё са шматгадовых вышак.
Бачны карані і сэнс трагедый:
Хто змагаўся, хто чакаў, хто здрадзіў.
Я тады пра карані не ведаў,
Толькі знаў: хлеб у мяне — украдзен.
Я тады галодны быў штодзённа
I штоночна, кожную хвіліну,
Але бацька не ўгнявіў загона
I ў зямлю апошні пуд укінуў.
Бацька знаў мужыцкую заруку:
Жыта сей, хоць сядзе смерць на плечы.
Голада кашчавую задуху
Толькі новым коласам адпрэчыш...
Хто па клунку, хто па два — не болей
Ухапілі збожжа ў тую восень.
Ды і немец «удзяліў», каб поле
На нішто ва Ўзбор'і не звялося.
Ён стаяў, як гаспадар, пры свірне
I насенне вызначаў падворна,
Хоць не верыў: «Пажаруць жа, свінні,
I зямлі ўсёй не ахопяць ворнай».
— Знайце: зерне кожнае на ўліку.
Хто паесць,— сказаў, як пуд адважыў,—
Той супроць Германіі вялікай
Ёсць бандыт і злосны сабатажнік.—
Ён не знаў, што ўсе былі бандыты
І што з фондаў гэтых вось — германскіх
Па-зладзейску ўсе цягнулі жыта,
Лезлі ў сабатажнікі авансам.
Бо трывога ўсіх сабрала мігам:
«Едуць збожжа забіраць машыны.
Вось вам і «суполка»! — з'ешце фігу...
На развод мышам і то не кінуць».
Дзе, калі і хто — народ не ведаў —
Вестку нёс,— каму якая справа!
Насыпай хутчэй!.. А ля абеда
Падаспела з воласці аблава.
І Захар на жарабцу прытрухаў,
Мітусіўся і даводзіў немцу:
«Вымецем ўсё — да пацярухі!»
Той халодна пазіраў у шкельцы,
Як бы і не чуў яго старання,
Як бы адмахнуўся: «Трэба сеяць.
Трэба сеяць зноў, паны сяляне».
Тут Васіль і глянуў на Яўсея:
Што ты скажаш, браце мой, на гэта? —
Гаспадарскі клопат немца точыць...
А Захар? Ну й гад жа несусветны...
«Пад мятлу!» — і не глядзіць у вочы.
A казаў жа, абяцаў: «Сажніце,
Дзецям хоць збярыце на акрасу.
Ды і самі зубы на паліцу
Зімаваць не будзеце тым часам».
Разумелі ўсе: яно і трэба,
Але як тут жаць, з якою верай
Падступіцца сёлета да хлеба:
Чый ён будзе, да каго заверне?
Быццам і сцяною, ды няпэўнай
Хлеб стаіць. Каму ён скібу ўздыме?
Каб знаццё, што немцу,— лепей пеўня
Падпусціць — і хай ідзе ўсё дымам!..
А калі спячэш, а тут і нашы
Вернуцца — на каравай згарэлы...
Ды і ў сэрцы для такіх замашак
Штосьці да канца не адбалела.
Сейбіта рука — хіба магла ты
Красануць запалку з лёгкім спрытам?..
Сейбіта рука — не вінавата,
Што сцяною вымахала жыта...
Пра жывое думаюць жывыя —
I цішком Узбор'е выйшла ў поле.
Не стаўлялі тычкі межавыя,
Хоць падворна бралі жнеі долю.
I ўмалот па хатах разлічылі,
Але зерне ссыпалі агулам.
Клець адна, ды і ніхто ляйчынай
Не цягнуў да ўласніцкага шула.
Хай на паратунак непадобна,
A пажыць схітрылі так да часу:
Быццам і калгасам, ды асобна,
Быццам і асобна, ды калгасам...
Я «суполку» падтрымаў таксама:
Важкія снапы стаўляў у бабкі.
Серп гарбаціўся ў руках у мамы,
Ні на хвілю не даваў паслабкі.
Гнуў і гнуў жняю стальной прынукай,
Смехам гартаваным пасміхаўся:
«Не адзін жа я сагнуўся крукам —
Гнецца перад коласам зямля ўся».
І заходзіў з постаці на постаць,
Над іржэўем стомленыя плечы
На паўдыха дазваляў выпростваць,
Каб зірнуць, а ці далёка вечар...
Ды скруціць тугое перавясла,
Ды папіць знядужана вадзіцы...
Быў і я ў той час калгасна-ўласны,
Як здаецца, не апошняй спіцай.
Бо якраз круцілася ўсё кола
З-за мяне і да мяне падобных:
Тая луста, што прыносіў колас,
Дзецям нават вельмі даспадобы.
Без яе, бывала, ані кроку —
З малаком ці проста ўсухамятку —
Ухапіў, апростаў і галёкай!
Будзеш з ёй і радасны, і гладкі.
Але выйшла так, што ўся «суполка»,
Перамазгаваная Ўзбор'ем,—
Ні табе прыпёку, ні прымолку,—
Ляснула з усім жытцом адборным.
Пакаціла збожжа без аглядкі
Чорту ў зубы, а дакладней — немцу.
І ніхто яшчэ не меў здагадкі,
Што праз ноч агнём яно ўзаўецца.
Перейти на страницу: