Гэта самотная зорка Венера
- Автор: Аляшкевіч Аляксандр
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Гэта самотная зорка Венера». Краткое содержание книги:
– Табе лепш пакуль ляжаць, паэт. Мне зручней размаўляць з тымі, хто ляжыць. Прысаджвацца ж не буду. Я ненадоўга.
– Разумею, – больш не спрабуючы ўзняць галаву, толькі крыху павярнуўшы яе ў бок старога, ціха прамовіў хворы.
– Ну, дык навошта ты мяне клікаў? – зноў пачулася з паўцемры.
У светлых вачах маладога чалавека адбіўся сум.
– Захварэў я, Божа. Каторы дзень ужо не ўстаю з ложка. Няўжо прыйшоў мой час?.. Але ж я не напісаў яшчэ сваёй лепшай кнігі…
– Усе чалавечыя хваробы ад самаго чалавека, – спакойна заўважыў стары.
– Так яно, Божа, мая хвароба ад самоты і адзіноты, – нягучна вымавіў хворы. – Ты ж ведаеш, мяне пакінула любая. Але як жа ствараць вершы без кахання? Можа, дапаможаш, вернеш любую да мяне?
Вочы маладога чалавека з надзеяй зірнулі на старога, але той маўчаў.
– Прабач, Божа, даруй за недарэчную просьбу, – сумна прашаптаў хворы. – Я забыўся, што ты стварыў нас, людзей, вольнымі. І за тую волю нават сам узышоў на Галгофу. Але хоць крайком вока можна зірнуць на любую. Можа, яна таксама зараз дзесьці пакутуе?
– Гэта можна, – ціха прамовіў стары. – Толькі б я не раіў. Праўда не заўсёды бывае салодкаю.
– Хай. Мне б толькі на хвілінку пабачыць…
– Воля твая, паэт, – уздыхнуў стары і ўзняў угору руку.
Дальняя сцяна пакоя раптам растала, бы той цукар у кіпні. На яго месцы ўзнік куток нейкага начнога кафэ з невялічкім круглым столікам, за якім сядзелі высокі смуглы мужчына і маладая бялявая жанчына. Трымаючы ў руках напоўненыя віном кілішкі, яны пра штосьці весела гаманілі. Але вось смуглы мужчына прыхінуў да сябе галаву жанчыны, пацалаваў яе ў пульхныя губы…
Убачыўшы, як па шчацэ маладога чалавека скацілася сляза, стары апусціў руку. Карціна тут жа знікла. На свае месца, бы з туману, выплыла сцяна пакоя.
– Я ж папярэджваў цябе, паэт. Праўда не заўсёды бывае прыемнай для чалавека, – прамовіў стары.
– Няхай. Але я цяпер ведаю яе, – прашаптаў малады чалавек. Голас яго дрыжэў, позірк згас. – Забяры мяне, Божа. Чуеш? Мне няма для каго больш жыць…
Стары ўважліва зірнуў на хворага. Горкі сум бліснуў у яго задуменных вачах.
– Што ж, воля твая, паэт, – сказаў ён. – Хай твая пакутная душа знойдзе нарэшце свой доўгачаканы спакой…
Ад моцнага подыху старога полымя свечкі на пісьмовым стале патухла, пакой агарнула цемра…
…Над зарослымі магілкамі кружыліся вароны. Неба было зацягнута пунсовымі аблокамі. Крапаў дробны прахалодны дождж. Ля свежага пясчанага грудка, што быў у пачатку пахаванняў, стаяла на каленях маладая жанчына. Мокрыя растрапаныя валасы вужакамі спадалі на ўгнутыя плечы. Па бледным апухлым твары каціліся слёзы. Жанчына ціха ўсхліпвала:
– Ты прабач мяне, любы. Я не думала, што ўсё так скончыцца. Я проста хацела, каб ты крыху прыраўнаваў мяне. Ты ж увесь свой час бавіў за пісьмовым сталом, а мне хацелася хоць крышачку ўвагі. Даруй, мілы. Божа, калі ты чуеш, забяры мяне, адпраў да любага. Я не магу без ягонага кахання. Божа, чуеш?..
– Воля твая, жанчына.
Да грудка выйшаў сівы стары. Ён скрушна зірнуў на абмяклае цела маладой жанчыны, якое спаўзло на пажоўклую траву.
– Неразумная жанчына. Хіба ж паэт не ствараў вершы ў твой гонар! Ты была ягоным жыццём і натхненнем. Хай жа вашы душы зноў плывуць побач. Бо што песня без слоў.
Стары перавёў позірк на свежы пясчаны грудок з вялікім драўляным крыжам.
– Вось і напісаў ты сваю лепшую кнігу, паэт!
Стары павярнуўся, паволі рушыў да ўваходнай брамкі, а калі дасягнуў утаптанай сцежкі, на хвіліну прыпыніўся. Мудрыя вочы дапытліва зірнулі ў нябесны блакіт. Відаць, сачылі, як дзесьці там, сярод неабсяжнай прасторы і бясконцых зорак злучаюцца дзве аблудныя душы. Стары нарэшце ўсміхнуўся, бы той касец, задаволены сваёй працай, і пайшоў далей…
Мо зноў хто звярнуўся да яго са шчырай пакаяльнай малітвай? Га, Магутны Божа? Quo vadis, Domine?..
НЯВЕСТА ВАЎКА апавяданне
Ваўкі мы – вольнае наша жыццё.