Гэта самотная зорка Венера
- Автор: Аляшкевіч Аляксандр
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Гэта самотная зорка Венера». Краткое содержание книги:
– Свежае малако. Папі, Міхась.
Колькі імгненняў яна з пяшчотай назірала, як Сварг пажадліва запіхае ў рот хатнюю здобу і запівае яе пахучым сырадоем.
– Данкэ, Марта, дайн кухэн шмект![17] – вярнуўшы апарожнены збан, шчыра падзякаваў разведчык.
– Я за грыбамі, – хітанула галавой дзяўчына на сваю кашолку.– Дапаможаш, Вольф?
Сварг узняўся з бярвеня, яны таропка рушылі ў глыб бору. Праз колькі часу Сварг паклікаў Марту да паляны, на якой узнімалася высокая зялёная папараць.Яшчэ ўчора на зваротнай дарозе ў лагер ён прыкмеціў тут россып прыгожых белых грыбоў. Яму так і карцела, як некалі ў дзяцінстве, узяць у рукі кашолку і рынуцца з пажаднымі вачыма ў зараснік за гэтымі дзівоснымі ляснымі падарункамі. І вось сёння, здаецца, мара яго здзяйсняецца.Калі перад вачыма Марты паўсталі стройнымі шарэнгамі шапкі баравікоў, яна не стрымала сваіх радасных пачуццяў.
– Гот зай данк![18] Колькі баравікоў! Вольфу Міхасю падапарадкоўваюцца нават грыбы!
Нагнуўшыся, яна пачала таропка збіраць падарункі лесу ў кашолку. Сварг жа, прыпыніўшыся непадалёк ад дзяўчыны, зачаравана любаваўся нязвычнай рухавасцю і гнуткасцю прыгожага жаночага стану. Потым ён праводзіў Марту да ўскраіны бору…
Праз дзень яны зноў сустрэліся каля паляўнічай пасткі. Дзяўчо пачаставала яго смачным гарачым снеданнем. Пасля яны паволі рушылі па лясной сцяжыне, што бы тая вужака, пятляла пасярод высокіх стройных соснаў, і неўзабаве выйшлі да нешырокай, але вірлівай лясной рэчкі.
– Скупаемся! – прапанавала натхнёна Марта. – Толькі я – першая! – І таропка схавалася ў маладых кустах, якія падступалі да самай вады.
Неўзабаве Сварг пачуў усплеск вады і задзірлівы дзявочы голас:
– Гэй, Вольф, я ўжо плыву! Даганяй, ці ты баішся вады?!.
Сварг таропка зняў з сябе вопратку, ступіў босымі нагамі ў цёплую воду. Асядлаўшы хвалю, шырокімі рухавымі грабкамі ён дагнаў Марту пасярод чыстага воднага люстэрка. Тая, прыпыніўшыся, абліла яго бялёсымі пырскамі.
– Вось табе, Вольф Міхась! Бараніся!
Потым, выбраўшыся на бераг, яны прылеглі аголеныя на невялічкую капу сена, што стаяла паблізу ад рэчкі. Іхнія позіркі звярнуліся да высокага нябеснага блакіту, па якім толькі сям–там плылі адзінокія маленькія бялявыя аблокі.
– А як будзе на тваёй мове, Міхась, хіммель?– раптам спыталася дзяўчо.
– Неба, – хутка адказаў разведчык.
– Не–ба, – задуменна паўтарыла дзяўчына і хітанула злёгку галавой на жоўты яскравы круг, што узняўся ўжо над борам. – А зоннэ?
– Сонца.
– Унд волькен?
– Аблокі.
– А лібэ?
– Каханне.
– Каханне. Каханне, – паўтарыла услых дзяўчына дзіўнае чужое слова і раптам, павярнула галаву, ласкава вымавіла:
– Бай Марта цу Міхась іст Лібэ[19] – каханне!
– Міхась таксама кахае Марту – аух лібт, – мягка вымавіў Сварг і, павярнуўшыся, прыцягнуў рукою дзяўчыну да сябе…
Потым колькі часу яны ляжалі моўчкі. Нарэшце Сварг ціха спытаўся:
– А хто ў Марты ёсць з роду?
– Муці унд Фаці, юнгэрэ швэстэр[20], – хутка прашаптала дзяўчо.
– А ў мяне тры браты, – ціха адзначыў Сварг.
– Драй брюдэр? – здзівілася дзяўчына і ўзнялася з капы, дацягнулася да сарафана. – Усё. Мне патрэбна ўжо дамоў.
Разведчык праводзіў дзяўчыну да пачатку бору.
– Я прыду ў лес паслязаўтра, – азірнулася яна на сцяжыне.
– Да сустрэчы, Марта, – ласкава дакрануўся Сварг да тонкай дзявочай рукі.
– Біс бальд, [21] Міхась! – злёгку ўздрыгнулі далікатныя пальцы Марты ў далоні разведчыка.
Сварг доўга яшчэ стаяў ля пералеску, зачаравана ўзіраючыся ў вытанчаную дзявочую фігуру, што аддалялася ад яго па ўтаптанай лугавой сцежцы, думаючы пра тое, што адразу па прыходзе харугваў князя Давыда і іх нападу на варожы бург, ён возьме з сабой Марту дамоў, не як палоніцу, а як нявесту. Ці пагадзіцца вось толькі сама Марта?
У прызначаны дзень спаткання разведчык звычна заняў сваё назіральнае месца ў хмызняку, сочачы з хваляваннем за сцяжынай – ці не бачна на ёй такой знаёмай і роднай яму постаці каханай? І толькі час ад часу кідаў лёгкі позірк на далёкі варожы бург на ўзгорку. За колькі дзён назіранняў ён ужо высветліў усё, што павінен быў ведаць аб цытадэлі. Гарнізон налічваў не больш як пяцьдзесят крыгераў, якія паводзілі сябе даволі бяспечна, яўна не чакаючы якогасьці нападу. Знаходзіўся ў замку і ягоны высокародны ганарысты ўладар. Браць прыступам бург патрэбна было з не вельмі трывалай бакавой паўночнай сцяны і пажадана пад покрывам ночы, ці на золку. Усе гэтыя звесткі разведчык паведаміў ужо сотніку. Таму і не зводзіў сваіх дапытлівых воч са сцяжыны, што бегла ад чужога сялення да бору. Калі ж на ёй з'явіцца Марта?
17
Дзякуй, Марта, твой пірог смачны!
18
О Божа!
19
У Марты ды Міхася каханне
20
Маці і тата, малодшая сястра
21
Да сустрэчы