Гэта самотная зорка Венера
- Автор: Аляшкевіч Аляксандр
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Гэта самотная зорка Венера». Краткое содержание книги:
Але ўсё ж паэта нярэдка запрашалі госцем на творчыя вечарыны няздараў–вершаплётаў. І нават давалі колькі хвілін агучыць публіцы свае пранізлівыя шчырыя радкі. Мо з–за таго, што сама прысутнасць на імпрэзе паэта падымала ўласную годнасць у вачах тых, хто спачываў на ёй на лаўрах?
Вось на адной з гэткіх пышных літараратурных вечарын паэт раптам адкрыў для сябе яшчэ адну бясспрэчную нябесную ісціну, што, бы тая веснавая жураўліная песня, прымусіла ягонае сэрца пачашчана забіцца: “Theos est Amor” – “Бог ёсць любоў”.
Ён ужо заканчваў, стоячы на невысокай авансцэне, узнёсла і шчыра дэкламваць свой новы верш, як раптам, кінуўшы беглы позірк на прыціхлую бардаўскую публіку, нібы спатыкнуўся вачыма аб статную дзявочую постаць у асляпляльным блакіце, што ўзнікла на парозе залы. Густыя бялявыя валасы прыгажуні былі акуратна сабраныя на галаве ў пучок і прышпілены залацістым грэбнем. Лёгкая падоўжаная сукенка вабна акрэслівала вытанчаную дзявочую фігуру. Чароўная незнаёмка была яўна не з літаратурнай тусоўкі, бо ейны бялюткі твар праменіў цнатлівым святлом цікаўнасці да таго, што адбывалася наўкол. Дзяўчына захапляльна пазірала на паэта. І ён, апынуўшыся імгненна ў палоне вялікіх зорных дзявочых віроў, дачытаў верш і пад гукі музыкі, што раптам напоўнілі прастору, пад апладысменты залы рушыў да таямнічай блокаўскай незнаёмкі. Яна таксама зрушылася яму насустрач. І неўзабаве яны закружыліся ў віхуры меладычнага танца, што зайгралі музыкі.
– Якія–такія ветры занеслі на нашу сціплую вечарыну гэткую светлую, яскравую зорку? – у шчырым захапленні партнёркай спытаўся ён, ледзь танец узяў больш павольны рытм.
– Ветры? – усміхнулася незнаёмка загадкавай усмешкай Венеры Мілоскай.– Ды ваш сёняшні лаўрэат… мая школьная сяброўка. Вось даслала запрашэнне на імпрэзу сваёй кнігі. Няёмка было адмовіць.
– Ну і як, павіншавалі ўжо сваю сяброўку з поспехам?
Дзяўчына, ад гнуткага стану ледзь улоўная ў руках, злёгку хітанула прыгожымі бялявымі валасамі.
– Павіншавала, хоць мне не надта падабаюцца ейныя вершы. Я ў захапленні ад вашых нізак – чыстых, пранізлівых і шчырых. Бы ў іх пульсуе само жыццё…
– Тады ўношу прапанову – сысці з вечарыны, – мовіў гучна паэт, – бо далей тут не будзе нічога цікаўнага, акрамя застольнага перапалу таленавітых ласуноў да дармавога пітва, – паказаў ён вачыма на літаратурны гурт, які пачынаў ўжо тоўпіцца з пажаднымі вачыма вакол сталоў, што былі накрыты ў глыбіні залы і ламіліся ад напояў і багатай прыкускі.
– Прапанова прымаецца! – зычліва адказала дзяўчына.– Не люблю сцэн абжорства і пустаслоўя нецвярозых прамоўцаў.
Праз колькі хвілін яны паволі ўжо ішлі па прыцемненай вуліцы, насустрач вечароваму мігаценню высокіх фанароў і зорак, што адна за адной запальваліся на пачарнелай тканіне неба. Непраглядная пялёнка ночы агарнула іх ўжо ў сціплым пакоі паэта, калі маладыя аголеныя пругкія целы зліліся ў пажадлівым трапяткім подыху кахання…
Яны сустракаліся на кожным тыдні, звычайна выхаднымі. І амаль што не вялі размоў. Бо навошта дзівосным зоркам, што ляцяць поруч, словы? Ці не гаворыць красамоўней за ўсё сам іхні непараўнальны асляпляльны бляск? Яны ляжалі на ложку непакрытыя і, сузіраючы без цені сарамлівасці прыгажосць адно аднаго, толькі лёгкім дотыкам чуйных пальцаў запальвалі козытлівую цёплую асалоду на дрыготкай маладой скуры… Раніцой, калі падушка яшчэ захоўвала цяпло пайшоўшай каханай, паэт браўся за аловак і з ягонай натхнёнай душы ліліся узнёслыя, светлыя радкі.
Так доўжылася да самага лістападу, калі раптам наляцелы прахалодны паўночны вецер сарваў пажоўклае лісце з дрэваў і густым залатым дыванам услаў імі сцяжыны паблізу інтэрната. З восеньскай непагаддзю прыйшла і прахалода ў адносінах закаханых.
Яна ў прыталеным паліто, не распранаючыся, яўна не ў настроі, прайшла ў пакой, колькі хвілін у задуменні стаяла ля акна, нарэшце мовіла да паэта.
– Як ты жывеш у гэтым абшарпаным шэрым пакоі? Ні вады, ні душа…
– Ды так, – паспрабаваў ён аджартавацца, – скардзіцца, здаецца, няма на што. Які– неякі кут, каб прыткнуць галаву, усё ж ёсць. Ды яшчэ да яго кавалак хлеба…
– Усё б табе пераводзіць ў жартачкі! – суха перапыніла яна. – Нельга чалавеку так жыць, бы таму сабаку ў будцы. Сёння я размаўляла з бацькам. Ён у мяне адказны работнік міністэрства і не супроць узяць цябе ў свой аддзел. У цябе ж вышэйшая адукацыя. Круху падвучышся. Будзеш атрымліваць добры заробак, дадуць прасторную кватэру. Як, згода?