Захоп Беларусі марсіянамі
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Захоп Беларусі марсіянамі». Краткое содержание книги:
Невядомы напісаў, што неўзабаве дакладна патлумачыць, як і калі Васіль зможа трапіць у падземны ход. Але калі напіша? Сёньня? Заўтра? Праз тыдзень? Празь месяц? Кроква гэтага ня ведаў.
* * *
«Не сунь нос, куда не надо. Иначе мы яго тебе укоротим». У гэты ж вечар, калі Дудар не знайшоў у падвалах Дома культуры імя Леніна ўваход у лёхі, яго чакаў яшчэ адзін магутны сюрпрыз.
Разьбіраючы ложак перад сном, Алесь знайшоў пад падушкай цыдулку, напісаную на кавалку газэтнай паперы алоўкам. Уладзік ужо спаў, і не было як распытаць пра магчымыя варыянты зьяўлення гэтай эпісталярнай вестачкі.
Дудар, агаломшаны, сеў на ложак і ня ведаў, зь якога боку пачаць асэнсоўваць чарговую навіну. А яна проста валіла яго з ног. Думку пра тое, што гэта Ўладзік мог так пажартаваць, Алесь адкінуў адразу. Падчас адсутнасьці жыльцоў у іхны пакой у прынцыпе мог зайсьці любы жадаючы, бо ён не замыкаўся на ключ. Дзьверы можна было зачыніць адно пры ўваходзе ў саму чатырохпакаёвую кватэру, у якой Алесь і Ўладзік займалі адзін пакой. Але й тыя дзьверы зачыняліся на ключ рэдка, звычайна толькі на ноч.
Не зразумела было і тое, за што невядомыя зьбіраліся ўкараціць нос Дудару. Варыянтаў намацвалася некалькі. Па-першае, гэта мог быць гнеўны водгук на які-небудзь крытычны артыкул, які Алесь надрукаваў у газэце. Пісаў ён і вельмі суворыя матэрыялы: напрыклад, пра нядбайнасьць у экіманскай сельскагаспадарчай камуне. Дудара непрыемна ўразіла, як камунары зьнішчылі, засьмецілі і занядбалі адзін з самых прыгожых куткоў у ваколіцах Полацка. Так, камунары пасадзілі вялікі сад, але сама ранейшая сядзіба, на базе якой паўстала сельскагаспадарчая камуна, моцна заняпала. Ставок зарос урэчнікам, вада ў ім зацьвіла, у парку павысякалі дрэвы, а сам будынак сядзібы выглядаў хутчэй на жабрака, чым на заможнага гаспадара. Дудар пра ўсё гэта напісаў і ведаў, што артыкул атрымаў вялікі розгалас і шмат каму ён не спадабаўся. І цалкам магчыма, што нехта мог у такі спосаб паспрабаваць прыструніць бязвусага, нахабнага пісаку.
Але, але, але... Было шмат іншых варыянтаў больш балюча ўдарыць па аўтару крытычнага матэрыялу. Напрыклад, напісаць на яго данос. Тым больш у горадзе ведалі, пра што можна сказаць і якія ў гэтага пісакі самыя небясьпечныя і балючыя месцы.
Тут было іншае. Дудар нейкім інстынктыўным пачуцьцём здагадваўся, што ўсё гэта зьвязана з надземных ходам.
Доўгі час ён ня мог заснуць. Вырашыў нічога не казаць Уладзіку пра цыдулку. Інакш трэба было яму тлумачыць усе ранейшыя падзеі. Лепш, каб гэтая гісторыя засталася таямніцай.
* * *
Полацкія падзеі зноў захапілі ў свой вір Крокву. Журналісцкія клопаты часова адлучылі яго ад думак і разваг пра лёхі. Васіль націснуў апошнюю клявішу клявіятуры кампутара і пачаў чытаць тое, што атрымалася.
«Гэтымі днямі Полацкі музэй беларускага кнігадрукаваньня адзначае сваё 10-годзьдзе. Адкрыцьцё музэя было прымеркавана да 500-гадовага юбілею слыннага палачаніна Францыска Скарыны. Напярэдадні Скарынаўскіх урачыстасьцяў, 27 ліпеня, адбылася гістарычная падзея — Вярхоўны Савет Беларусі прыняў "Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі", нібыта робячы шаноўнаму юбіляру адпаведны падарунак. Таму верасьнёўскія Скарынаўскія мерапрыемствы праходзілі з падвойным энтузіязмам і ўрачыстасьцю. Беларусь адзначала вяртаньне да ўласнага шляху. Нават спрадвечны тутэйшы страх як быццам бы раптам выпетрыўся. Полацкія гарадзкія ўлады, упершыню рыхтуючыся да нацыянальнага сьвята, былі вымушаны зьвяртацца па дапамогу да нядаўніх антысаветчыкаў. Напрыклад, надпісы для музэя кнігадрукаваньня перакладалі мясцовыя пісьменьнікі, нядаўнія "кліенты" тутэйшага аддзелу КДБ. Яны ж дапамагалі аддзелу культуры Полацкага гарвыканкаму пісаць сцэнар Скарынаўскіх урачыстасьцяў. Сёньня чыноўнікі з гарвыканкаму абыходзяць тых пісьменьнікаў за тры вярсты. Свой шлях пад нагамі мы зноў згубілі.
510 гадоў Скарыны ў яго родным горадзе адзначаецца сьціпла. Толькі ў некаторых дзіцячых бібліятэках прайшлі мерапрыемствы — як пазначана ў інфармацыйных абвестках — на тэму "Ён — наш славуты зямляк". Меўся на ўвазе, відавочна, Францыск Скарына.
Сьвяткаваньне ж юбілею музэя беларускага кнігадрукаваньня перанесена на канец верасьня. Прычына самая банальная — адсутнасць сродкаў. Сродкаў музэю не хапае на самае неабходнае. А самі музэйшчыкі атрымліваюць не заробкі, а хутчэй дапамогу па беспрацоўі. Нядаўна ў музэй прынесьлі кнігу, што выйшла ў друкарні Полацкай езуіцкай акадэміі ў 1799 годзе, — "Развагі аб хрысьціянскіх абавязках". У беларускіх музэях і бібліятэках такой кнігі няма. Дырэктар Полацкага музэя-запаведніка ліхаманкава шукае 250 даляраў, каб набыць старадрук. Грошы пакуль так і не знайшліся, а гэта значыць, што і гэтую кнігу вывезуць на продаж за мяжу. Што ўжо казаць пра набыцьцё скарынаўскіх кніг на эўрапейскіх кніжных аўкцыёнах. Кніг, выдадзеных Скарынам, у По-лацку няма.