Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Стрыжнёвым элементам арганізацыі тэксту паэм А. Разанава з’яўляецца рытм, праз які ў разглядаемай паэме перадаецца як ураўнаважанасць філасофскага роздуму ў І-й і ІV-й частках, так і ліхаманкавая тэмпаральнасць у ІІ-й і ІІІ-й. Рытм і рыфма «прыходзяць да згоды» у апошняй частцы твора. Так, і лірычны герой, пераадолеўшы мінулае, адгортвае чыстую старонку, скіроўваючы свой пагляд наперад – да новага гарызонта. Вобраз поля, які ўзнікае тут, адсылае да пазнейшых, версэтавых распрацовак, дзе месца дзеяння грае асаблівую сімвалічную ролю: «Неўпрыкмет узнікнёнае – / поле белае… белы свет, / на якія глядзець нанова, / праз якія пракласці след… / і азначаны далягляд – / неасвоенаю высновай / пра асобу, / пра час, пра лад» [94, c. 63].
На ўсёй творчасці А. Разанава як гэта не раз адзначалася крытыкай (А. Вярцінскі, А. Кабаковіч, Г. Кісліцына, Н. Ламека, Е. Лявонава і інш.), ляжыць магутны адбітак традыцыі – як з фальклорных, глыбінна генетычных пластоў, гэтак і з літаратурна-культурных кантэкстаў розных эпох. Сутнасць творчага пошуку не ў пераадоленні набыткаў папярэднікаў, але ў іх творчым пераасэнсаванні. Сам паэт наступным выкажацца пра гэта ў адной з сваіх філасафем (зномаў): «Традыцыя – сувязь, доўгае «замыканне»: для яе абавязковыя два цэнтры адліку, два асяродкі творчасці. Яна не існуе, а ўсталёўваецца, не даецца, а дасягаецца: «няякасны» прыёмнік не можа ўсталяваць якаснай сувязі. Гаворым пра сваю традыцыйнасць... Але каб стаць дастаткова традыцыйнымі, неабходна стаць дастаткова творчымі» [102, с. 207].
Даследчыца А. Кабаковіч у артыкуле «Права на складанасць» следам за М. Бахціным адзначае, што для паэм разглядаемага зборніка характэрны такі паэтычны прыём, як «дыялог з папярэднікамі», маючы на ўвазе найперш варыяцыю вобраза Максіма Багадановіча ў «Паэме вяхі» (1974) – васілёк ў жыце – як сімвала «бескарыслівасці мастацтва» [гл.: 50, с. 158 – 160]. У тым жа артыкуле А. Кабаковіч канстатуе, што паэты аднаго з Разанавым пакалення амаль не звяртаюцца да гэтай, нібыта вычарпанай, тэмы, і паэту даводзіцца «адсылаць чытача да першакрыніцы». Апроч валошкі ў «Паэме вяхі» узнікае вобраз Страцім-лебедзя «сярод адрынутых птушак, якія хацелі жыць» [94, с. 26 – 27] – як сімвал самаахвярнасці мастака, калі працягваць сэнсавы шэраг даследчыцы.
Натуральна, абазнаны чытач ужо на вобразах валошкі ў жыце і Страцім-лебедзя разумее, каму прысвечаны гэты твор. Прыхаваная цытата з развітальнага верша М. Багдановіча толькі дадае экспрэсіўнасці, павышае «градус» паэтычнага напалу: Гартаюцца – не адгартаюцца старонкі / самотнай кнігі – кнігі твайго жыцця: / і ты не самотны, / і не самотныя птушкі ляцяць / праз цябе ў Беларусь... [94,с.26–27]. Маюцца ў паэме і іншыя прыклады інтэртэкстуальнасці з творамі Багдановіча.
Вось, як адзін з тэарэтыкаў постмадэрнізма, італьянскі пісьменнік і семіётык Умберта Эка характарызуе паняцце інтэртэкстуальнасці, разважаючы пра «формы інтэртэкстуальнага дыялога» (тое, што А. Кабаковіч абазначае, як дыялог з папярэднікамі): «Гэта (інтэртэкстуальнасць. – А. І.) характэрна для так званай постмадэрновай літаратуры[...] – цытаваць, скарыстоўваючы часам пад разнастайнымі стылістычнымі апранахамі формы двухкосся, для таго, каб чытач сканцэнтраваў увагу не на змесце цытаты, а на спосабах, якімі гэты ўрывак з першага тэксту быў уведзены ў наратыўную тканіну другога тэксту» [137, с. 66]. Пра сувязь творчасці А. Разанава з іншымі аспектамі постмадэрнізму напісана ў артыкуле Евы Лявонавай «Паэзія не хлеб надзённы, але – наддзённы». Алесь Разанаў і постмадэрнізм» [гл.: 71].
Казаць, што А. Разанаў ў сярэдзіне 1970-х уводзіў у свае тэксты схаваныя цытаты выключна дзеля інтэртэкставай гульні, будзе няслушным, як некарэктна абвяшчаць паэта пачынальнікам беларускага постмадэрнізму. Хутчэй варта казаць, што постаць Разанава ў беларускай паэзіі запаўняла прагалы кантэксту мадэрновага (гаворка пра такія авангардныя плыні, як экспрэсіянізм, футурызм, дадаізм, сюррэалізм), што з канца 1920-х гг. быў надоўга перапынены сацрэалізмам [гл.: 14]. Але ўводзімыя ім мастацкія сродкі, прыёмы і паэтычныя формы, якія і ў беларускім савецкім літаратурным кантэксце ўспрымаюцца як авангардныя, праклалі сцяжыну для паслядоўнікаў, што працуюць у рэчышчы паэтыкі постмадэрнізму сёння (А. Мінкін, І. Бабкоў, М. Баярын і вялікая колькасць маладзейшых паэтаў.