Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Навошта, навошта... каб яна ведала ды знала. Хіба пра гэта думаеш, калі жывеш, любіш. Хіба ж гэта хто здольны пражыць жытку на зямлі i не пусціць караня, не даць парасткаў. Бусліху, якая за лета не вывела птушанят, буслы не бяруць з сабой у вырай, задзёўбваюць. А яна ж не бусліха, яна ж чалавек. Але што яна магла нарадзіць пасля таго, што ёй выпала, пасля таго, праз што яна прайшла. Яна ж i сама знямела пасля той вайны, пасля таго, як яе тры гады расстрэльвалі, палілі, выпалілі ўсё нутро. Як выжыла, i сама не ведае. Каля прызбы вось гэтай хаты тройчы расстрэльваў яе немец. Паставіў каля вокан, пацэліўся, шчоўк курком, а стрэлу няма. Але яна i без таго стрэлу як не самлела. А немец лясь-лясь затворам i зноў толькі шчоўк... Трэцяга шчоўкання яна ўжо не стала чакаць, i куля, а яна вылецела на трэці раз, прасвістала, як чмель, каля самага вуха. Уцякла яна ад смерці, але адняўся язык, i яна яшчэ тры гады маўчала, калі ўжо скончылася вайна. I толькі калі Сілку пасля фронту сустрэла, зноў загаварыла. А да той сустрэчы, колькі яшчэ адгаравала ў дзеўках на сплаве, як нема адлямантавала сваю маладосць сярод мужыкоў, папанасіла, папацягала калод i на плячах i на легарах, грузіла лесам баржы, ганяла платы па рацэ. I зараз робіць з сынамі ў лесе, далей ад людзей, падсочвае хвоі, збірае смалу-жывіцу з ix. Цяжка, i гады ўжо не тыя, i толькі птушкі ды звяр'ё побач, але i ніхто не ўпікне, ніхто, акрамя самой сябе. I ёсць у яе ўсё ж радасць, ёсць уцеха, гудзе, поўзае па падлозе.
— Дзе ж твой карп? — зноў падступіў да Яўмена, залапатаў, пачаў размахваць рукамі Рыгор. Яўмен падняўся з услона i сышоў з хаты. Плавае яго карп, жыве, мо гэтай месячнай цёплай ноччу пайшоў на нерастовішча i дае жыццё новым карпікам. Адпусціў яго Яўмен, не вытрымаў. Як лупануў яму карп па рэбрах на мастку, як страсянуўся ў кайстры, дык аж дых перахапіла. Вытрас, зараза, выбіў дых, лупануў так, што аж каля пупа забалела. Забалела, застагнала i адпала нешта ад сэрца.
Гэта ж колькі ён без вады, a ўсё яшчэ жывы, здзівіўся Яўмен. Колькі ж у ім жыцця, як ён прагне жыцця. I ў кайстры, у цемры, лічы, за плячыма ў самой смерці б'ецца, сее жыццё, пазбаўляецца ад ікры, імкнецца, каб не згубілася, не знішчылася разам з ім яго семя, корань яго. Не, не зможа ён есці гэтага карпа. I Яўмен бягом панёс яго ў возера, якое дае ваду канаве i сажалкам. I як ён бег да таго возера, ніколі ў жыцці так не бегаў, што на пажар. Запаліўся, упаў на беразе, кінуў карпа ў ваду разам з кайстрай i ледзь паспеў выхапіць з вады тую кайстру. Карп перш нырнуў, схаваўся ў глыбіні, але неўзабаве вынырнуў, стаяў каля Яўмена, аддыхваўся, соп, што чалавек, уздымаліся i ападалі тоўстыя яго бакі. I чалавек ляжаў i соп, што карп, шэрай грудай уздымалася i ападала на бераг яго цела. Яўмен падпоўз да карпа ў вадзе, з пяшчотай пачухаў яму спіну, паказытаў задубелы жоўты лыч. Карп чмыхнуў, але не адплываў, як ўсё роўна чакаў нечага.
— Ідзі,— сказаў Яўмен,— плыві, гуляй. Я цябе адпускаго... Мы ж яшчэ сустрэнемся з табой? Я ведаю, сустрэнемся. Плыві. Мы яшчэ пагаворым.
I карп паплыў, адплыў ад берага, весела ляпнуў хвастом i знік. Яўмен жа прасядзеў каля вады да зорак, усё чакаў, вось-вось выйдзе яго карп, выплыве, каб аддзякаваць, выплыве, i нешта здарыцца, нешта адбудзецца такое, чаго на свеце яшчэ не адбывалася. Але карп не выплыў, i нічога такога не адбылося. Гойсала па вадзе драбяза, выхоплівалася з вады i хавалася ў вадзе, прыпадалі да вільготнага распаранага цела камары i мошкі, у вадзе i на небе ззялі зоркі.
Яўмен узняў галаву i паглядзеў на неба, на зоркі, на месяц. I зноў чаканне чагосьці надзвычайнага ахапіла яго. Нешта радаснае i прыгожае выспявала пад гэтымі маладымі майскімі зоркамі. Нечага чакалі ажураныя ўначы хаты, маўклівыя калодзежныя крукі. Штосьці ўсё ж павінна было адбыцца. Востра пахла вясновай квеценню садоў, квеценню грушы. Пахі гэтыя наплывалі хвалямі, як бы нехта ішоў да яго i быў зараз ужо зусім блізка, даваў яму знак.