Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Злева, з таго боку, адкуль з'явіўся «газік», панесла дымам. Яўмен павярнуўся насустрач дыму, але пах ён толькі смаллём, патыхала тванню ад балота, якое ўтварылася там ад паводкавай вады. I Яўмен здагадаўся, што агонь запалілі вартаўнікі, каб не так маркотна было сядзець, каб не так ела ix мошка. Дырэктар рыбгаса прымусіў вартаўнікоў сцерагчы балота, лічыў, пэўна, больш верагодным, што карп, які збег з сажалак, пойдзе гуляць у гэтае балота. А карп не такі дурны, хай сам дырэктар лезе i гуляе ў той твані, у тым ламаччы, а ён будзе бегаць па канаве ў чыстай вадзе, у тым жа балоце i верабей каленаў не замочыць, там толькі жабы, ды карасікі з пазногаць, ды плоткі-сухарэбрыцы, ды маленькія акуньчыкі — дзіцячая ўцеха i радасць.
Прыпарвала, прыпадалі мошкі i камары, аж скрыгацелі ў балоце i на сажалках жабы. Яўмен не чуў гэтага скрыгацення, але бачыў перад сабой, у канаве, што жабы збіваюцца ў кучы, рапяхом сядзяць адна на адной, цягнуць з вады блішчастыя зялёныя мысы i як каўтаюць нешта, раздзімаюць, раздзімаюць горла. Набліжалася навальніца, i яна была вельмі дарэчы Яўмену, у навальніцу карп зноў падыдзе да таго месца, якое ён прыкарміў, у навальніцу ён не такі баязлівы i не такі асцярожны, болей узрушаны, узбуджаны, як гэта бывае i з чалавекам, з ім, Яўменам, бывае. Выводзіць яго з раўнавагі навальніца, i зараз яна яшчэ дзесьці далека, a ўсё ўжо ў ім дрыжыць, усё напята, напружана, абвострана, хочацца рухацца, бегчы, дзейнічаць, дзейнічаць. Але Яўмен стрымаў сябе: пакуль не пачнецца навальніца, нікуды ён не пойдзе, нечага дурніцу пароць, лепей пасядзець тут, агледзецца.
Яўмен разматаў i закінуў вуду, прыхаваў, як магчыма было, у кустах вудзільна, каб яно не вытыркалася, не навісала над вадой, не лезла каму не трэба ў вочы, зашыўся сам у кусты, прыкрыўся голлем, лёг на спіну, прыкрыў шапкай твар i зноў прыдрамаў крыху. Mo б заснуў i па-сапраўднаму, навальніца хіліла да сну, але штосьці перашкаджала забыццю, прыгнятала яго, як усё роўна нехта стаў у нагах, сцёбаў галінкай па ботах i прыгаворваў: не cпi, не спі. Ён перавярнуўся на жывот i адчуў прысутпасць чалавека побач, патыхала потам, трайным адэкалонам i дарагімі цыгарэтамі. Яўмен выпаўз ca свайго сховішча i нос у нос сустрэўся ca сваім суседам, вясковым настаўнікам. Той таксама ішоў на рыбу, на карпа, пра гэта можна было меркаваць па рукзаку, які вісеў у яго за спіной, a ў Яўменавай вёсцы ў рукзаках, акрамя сетак, нічога i не насілі, i па рыбалоўным гумавым касцюме, у які быў апрануты настаўнік. Касцюм гэты рабілі дзесьці ў горадзе, i прызначаўся ён людзям, якія працавалі каля вады ці то ў дождж у якасці спяцоўкі. Але вяскоўцы Яўмена дапетрылі, што спяцоўка гэтая можа спатрэбіцца i ім, прыстасавалі яе да сваіх рыбацкіх, а праўдзівей кажучы, браканьерскіх спраў. З алюмінію ці то з іншага мяккага металу накляпалі сабе на назе трубак-кольцаў. Надзявалі на ногі гэтыя кольцы, потым на ix — гумавыя боты, а потым ужо залазілі ў гумавы касцюм. Калашыну ў тым месцы, дзе сядзела на назе трубка, туга перацягвалі вяроўчынай, i вада ўжо не магла трапіць да цела. Вось у такім касцюме з перацягнутымі вяроўчынай калашынамі i паўстаў перад Яўменам настаўнік. Збянтэжыўся ад нечаканай сустрэчы. Яўмен хоць i сам быў браканьер, але не вельмі ўхваляў усе гэтыя сеткі-кольцы, касцюмы, прызнаваў толькі вуды, настаўнік ведаў аб гэтым. Яўмен i настаўнік сябравалі. Mo i не так сябравалі, як адчувалі адзін да аднаго павагу i нейкую зацікаўленасць. Настаўнік паважаў яшчэ Яўмена за тое, што ён яго адзінага вылучаў сярод усёй вёскі, здароўкаўся з ім, паважаў за дужасць, за розум, за разумныя рукі i за прыгажосць, пароду нейкую, што адчувалася ў гэтым безгалосым, абдзеленым лёсам чалавеку. Яўмен мог рабіць усякую справу i па гаспадарцы, быў i слесарам i сталяром. Слухаў i разумеў чалавека так, як не здольны слухаць i разумець другога іншы ca слыхам i з голасам. A Яўмена проста цягнула да настаўніка, да адукаванага чалавека, які да ўсяго ж быў фізікам, мог адладзіць любы тэлевізар i не грэбаваў, мог узяць з ім, з Яўменам, i чарку. I наогул да фізіка ў вёсцы ляпіліся ўсе дзеці i вось такія, як ён, Яўмен, хоць фізік не вылучаўся ні заможнасцю, нi ростам, ні паставай.