Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 219 220 221 222 223 224 225 226 227 228
Перейти на страницу:

I карп не марынаваў яго. Толькі паспеў легчы ў паркую, як вар, ваду паплавок, як ён ужо клюнуў, не як-небудзь, асцярожна, баязліва, а прагна i смела, з той жа рашучасцю i адвагай, з якой i ён, Яўмен, толькі што лез у рыбгасную сажалку. Клюнуў i адразу патапіў паплавок, пацягнуў вуду, пацягнуў за сабой Яўмена. Той быў расчараваны. Ён думаў, што барацьба будзе доўгай i ўпартай, што карп будзе хітраваць, браць у рот, смактаць i выплёўваць камбікорм, а ён нацешыцца, наглядаючы, як ходзіць рыба, дзыбае за кручок, як скача паплавок, сканае не раз, выцягваючы пустую вуду, будзе слаць небу малітвы i праклёны, будзе слаць малітвы i праклёны карпаваму богу i цару. I ў рэшце рэшт, калі ўжо зведае адчай i радасць, зачэпіць карпа i забудзе пра ўсё на свеце: дваццаць пяць рублёў, што заўтра ці пазаўтраму прыйдзецца выкінуць яму, пра сваю немату, безгалоссе сваё i нават пра Вольгу. Пойдзе ў скокі па беразе, загукае, загукае, загушкае карпа, як дзіця. A ўсё адбылося да слёз проста i жорстка.

Карп з першага ж закіду схапіў нажыўку, схапіў сваю смерць i асуджана пайшоў паміраць, апаліў, апёк гэтым сваім паміраннем i асуджанасцю чалавека, нібыта яны згаварыліся, асудзілі сябе на смерць у адзін i той жа час. Карп уцягнуў чалавека ў ваду, на гэта ў яго яшчэ хапіла моцы, але далей ён пачаў слабець. Паміж ім i чалавекам усё яшчэ ішла гульня, ды толькі вельмі простая, як перацягванне каната. I ў гэтым перацягванні перамог чалавек. Карп сцягнуў яго з берага, з зямлі, вымусіў яго зрабіць два крокі да сябе, да вады, да сваёй роднай стыхіі. Толькі два крокі. Але i ў вадзе чалавек быў на зямлі, адчуваў нагамі зямлю i трывала стаяў на ёй, трымаўся за яе. I вада не перашкаджала яму, а дапамагала, ён паволі, сантыметр за сантыметрам павёў, павёў карпа за сабою, з вады. Той біўся, блёхаў, узбурліваў ваду плаўнікамі i хвастом, а чалавек цягнуў i цягнуў яго з канавы. У ім у той момант усё было жалезным — i цела, i думкі, усё было скіравана на адным: перамагчы, выцягнуць. Але ў той жа час у яго жалезным скамянелым целе палаў агонь. Агонь, які выпальваў усё — сэрца, жаль, спагаду, спачуванне жывому i мацаваў гэтае самае жалеза, мышцы. I калі карп, пераможаны ўжо цалкам, але ўсё яшчэ магутны, неўтаймоўны, лёг каля яго ног, чалавек сеў на зямлю, моцны i шчаслівы на выгляд, але спустошаны, выгараны ўвесь датла ўнутры. Карп пабіўся, паскакаў i аціх, сутаргава задыхаў, зняможана зачмокаў вялізнымі i жоўтымі, бездапаможнымі губамі. Яўмен паспрабаваў падняць яго, але на рукі, на ногі яму пырснула залацістая стужка ікры, спавіла рукі i боты. Яўмен спаласнуўся ў канаве, намачыў кайстру i ўціснуў у яе карпа.

V.

Дождж даўно ўжо скончыўся. Навальніца прагрымела над вёскай, над сажалкамі i пайшла далей. Зноў свяціла сонца. У высокім небе зноў кружылі ластаўкі. Зямля, здаецца, пацягвалася, прагна піла, убірала ў сябе ваду, што наліў дождж, запасілася да будучай навальніцы, да новага дажджу, які будзе бог ведае калі, а яшчэ ж не ўсё на ёй узышло, не ўсё расквітнела.

Яўмен вяртаўся дахаты. Ішоў з уловам, з рыбінай, якую да гэтага нікому не выпадала злавіць з ix вёскі. Але ногі не вельмі неслі яго. Карп, праўда, важыў што трэба, да таго ж ён быў яшчэ жывы, a ўсё жывое куды як пераважае мёртвае, нерухомае. Каля шлюзаў на скрыжаванні сцежак i дарог ён сустрэў Ядрыт-тваю-налева. Той на веласіпедзе ехаў таксама дамоў. Яўмен ведаў, што яго рабочы дзень ужо скончыўся, i не стаў хавацца ад вартаўніка, не думаў нават яму саступіць з дарогі. Той саступіў сам, спешыўся, спыніўся i Яўмен. Як бы там тое сёпня ні было, Ядрыт-тваю-налева не які-небудзь Драйман, i Яўмен яго паважаў. Гэта ж ён, Ядрыт-тваю-налева, спаліў таму Драйману сена, дапёк, пэўна, Драйман. Да таго ж гэты Ядрыт-тваю-налева лічыўся самым багатым у ix вёсцы на дзяцей. I Яўмен не толькі паважаў яго, але i зайздросціў яму. Яўмен неяк зайшоў да яго ў хату, гаспадар з дзецьмі якраз снедалі, каля стала не было дзе i прысесці.

— I гэта ўсе твае? — аж здзівіўся, паказаў на дзяцей Яўмен.

— Багата? — задаволена спытаў гаспадар.

— Багата,— пахітаў галавой Яўмеп.

Гаспадар падхапіўся з услона, з усмешкай забегаў вакол стала:

— Пакажы, пакажы, каторы лішні, зараз выкіну...

Усмешка i цяпер была на яго вуснах, але нейкая сумная.

— Спаймаў усё ж, ядрыт-тваю-налева,— сказаў з дакорам вартаўнік Яўмену.— Ну, немчура, ну, немчура...

— Ага, спаймаў, спаймаў,— захітаў галавой Яўмен.

— Дурань жа ты, ой, які дурань. Заўтра ж прынясуць прэмію, дваццаць пяць рублёў ужо выпісалі табе...

1 ... 219 220 221 222 223 224 225 226 227 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)