Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Яўмен на каленцах паўзе да камля грушы, абдымае яе, прыціскаецца да яе тварам. I груша, як абзываецца на гэты яго дотык, пяшчоту, пацягваецца, трапеча квеценню i лістотай. Дрэва здаецца Яўмену жывым, цёплым, ад яго сыходзіць, струменіць, казыча нос, сціскае сэрца пах таго, што ён адрынуў, спрабаваў адрынуць. Вольга паўстае перад ім. Ён яшчэ мацней, здзіраючы скуру, прыціскаецца тварам да дрэва, да мяккага i цёплага белага моху, які ўжо расце на камлі, прыціскаецца так, што, здаецца, зліваецца, зрастаецца з грушай. I паступова Яўмен забывае пра сябе, пра свой боль, ён адыходзіць ад яго, адпускае сэрца. Яўмен выпростваецца, дыхае ўсё спакайней i спакайней. I засынае. Але перад тым як заснуць, у кароткім, дрыготка-рэальным прамежку, які заўсёды існуе паміж сном i явай, Яўмену здаецца, што яго ўжо няма на свеце, ёсць толькі грушка-самасейка. A ў сне ён зноў палюе за карпам, ідзе з вудай на плячы берагам канавы, што цячэ каля яго роднай вёскі, ідзе па пяску, па жвіры. I раптам пясок гэты, жвір знікае, знікаюць лес, канава, веска. Ён у горадзе, у тым самым вялікім горадзе, у якім засталася Вольга. Яны стаяць на тратуары, тратуар перакапаны траншэяй, якую трэба пераскочыць, каб ісці далей. Ён пераскоквае, але ўжо, здаецца, не з Вольгай, а мо i з Вольгай. Чалавек побач з ім у нейкім тумане, бачыць яго Яўмен цьмяна, ведае толькі, што ёсць чалавек побач. Ён стаіць з тым чалавекам на самым краю траншэі i чамусьці не на асфальце, а на цаглінах. Цагліны хістаюцца, цэмент яшчэ не паспеў ix схапіць, асыпаецца зямля, i Яўмен паволі асоўваецца ў траншэю, ведае, што трэба зрабіць адзіны толькі крок i зноў будзе цвёрдае, але ж ведае, што ён грушка, a ў грушкi няма ног. Ён бачыць свае ногі i не здольны прымусіць ix, загадаць ім крочыць наперад. Нехта нябачны робіць гэты крок за яго. Яўмен зноў на цвёрдым, толькі цвёрдае гэтае нейкае нетрывалае, ненадзейнае, цагліны не цагліны — якіясьці шакаладныя цукеркі. Ён крочыць па гэтых цукерках-цаглінах, яны крохка падломваюцца пад ім, ногі гразнуць у нечым ліпучым i салодкім. Але ўжо бачны наперадзе асфальт, бачна вуліца, зялёная, абсаджаная дрэвамі, па ёй хуценька, як жукі, поўзаюць туды-сюды рознакаляровыя машыны, сунецца тралейбус, за машынамі, тралейбусам праглядваюць шматнавярховыя гмахі будынкаў, a паміж гэтымі гмахамі i вуліцай вада, сажалка, расце на беразе грушка, а пад гэтай грушкай вылез з вады, адпачывае карп, зявіць рот, штосьці спрабуе сказаць яму, Яўмену. Яўмен падымае нагу, каб ступіць на асфальт, наблізіцца да карпа, і... прачынаецца. Доўга ляжыць нерухома, думае, што за дзіўны сон прысніўся яму, з кім гэта ён ішоў па тым хісткім, дрыготкім тратуары, куды гэта ён ішоў, што хацеў яму сказаць карп? Гадае i не можа прыгадаць. Нейкі незразумелы і, шкада, не да канца дагледжаны сон. Але незразумеласць гэтая i абарванасць не засмучаюць яго, ён адчувае сябе бадзёрым i свежым, з задавальненнем ляпае даланёй па грушцы, устае, выдзіраецца з голля-калючак на прастору, крочыць да канавы. Ідзе ён хутка, ступае легка, але твар яго каменны, як i ў той вечар, калі ён упершыню ўзяў Вольгу за руку i выцягнуў яе з інтэрната.
IV.
Апынуўшыся каля вады, Яўмен не спяшаўся размотваць вуду. Як лось, што прыйшоў на вадапой, стаіўся на некаторы час у кустах, кратаў гарбатым i чуйным носам, цягнуў у сабе паветра, прыглядваўся, слухаў нагамі, целам, што адбываецца навокал. Дзесьці далека за сажалкамі, каля складоў, paўлi нябачныя яму машыны, ён чуў ix прысутнасць праз зямлю, таму што ведаў пра ix. Усю раніцу машыны вазілі да складоў камбікорм, каб карміць на сажалках карпаў. Шафёраў Яўмен не баяўся, сцерагчыся ix, зразумела, трэба было, а баяцца, чаго баяцца сваіх людзей. Патыхала ад сажалак усё тым жа дымком i юшкай, i гарэлачкай патыхала, легкавых машын, праўда, зараз ён ужo адтуль, дзе знаходзіўся, не бачыў. Яны былі схаваны ад яго мінулагоднімі сухімі i бурымі зараснікамі чароту. Але зямля даносіла да яго гукі стрэлаў, што грымелі над гэтымі зараснікамі. Паляванне на качак працягвалася, раз-пораз скаланалася зямля, i на Яўмена выляталі па адной i парамі, i чародкамі качкі, спуджана цягнулі ў лес, у балота. Ён задзіраў галаву, праводзіў ix позіркам i радаваўся, што качкам пашанцавала вырвацца з таго пекла ў зарасніках чароту, жадаў ім шчасця, каб яны не толькі ўберагліся смерці, але i вывелі качанят, навучылі ix плаваць, адляделі па восені з імі ў вырай, а вясной зноў вярнуліся сюды да яго. Раз'юшанай восвай загула на дарозе, якая была пракладзена па дамбе, на другім беразе канавы, машына. Гэта ехаў правяраць свае ўладанні дырэктар рыбгаса. Матор яго «газіка» быў спецыяльна адрэгуліраваны так, каб не чутно было здалёку, працаваў легка, i хада «газіка» была лёгкай, зямля не выдавала прысутнасці машыны Яўмену. Дырэктар, дзякуючы сваёй машыне, неаднойчы лавіў хлапчукоў каля канавы, ламаў ix арэхавыя i лазовыя вуды, прыхопліваў ён i Яўмена. Mo i зараз прыхапіў бы, ды машыну выкрыла сонца. Сонечны зайчык адбіўся ад лабавога шкла машыны i стрэліў у вочы Яўмену. Ён умомант зразумеў усё, ссунуўся з пяску ўніз, прысеў у кустах. «Газік» праехаў, Яўмен узняўся, радасна памахаў яму ўслед рукой. З'яўленню дырэктара рыбгаса ён быў шчыра рады: няхай паганяе рыбакоў, адгоніць ix ад канавы — усё ж больш шанцаў, што карп дастанецца яму.