Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Ядрыт-тваю, направа трэба.
Другі ж заўпарціцца, як вол:
— Нe, ядрыт-тваю, налева.
I яны забудуцца пра яго, пра Яўмена, раз'едуцца: адзін — направа, другі — налева.
Вартаўнікі параўняліся, спешыліся, i, як нi дзіўна, спрэчкі на гэты раз паміж імі не адбылося. Яны адначасова, як добра вымуштраваттыя салдаты, адкінулі ад сябе на дарогу веласіпеды, адзін — направа, другі — налева i выкінулі кулакі, правы i левы, пагразілі кулакамі Яўмену. Той толькі паціснуў плячыма, зірнуў на дарогу, туды, у далячынь, дзе знаходзілася цэнтральная канава рыбгаса, i ўсё зразумеў: там, каля цэнтральнай канавы, стаяў зялёны «газік» дырэктара рыбгаса i каля «газіка» стаялі людзі — далоні казыркамі, тварамі да канавы, глядзелі ў яго, Яўменаў, бок. У аднаго з тых людзей каля «газіка», мо ў самога дырэктара, быў у руках бінокль. Яўмен падхапіў вуду i рушыў у лес. Для блізіру прайшоўся крыху лесам i зноў выйшаў на канаву. Але толькі ўладкаваўся, закінуў вуду, як на другім баку канавы спыніўся «газік», ляпнулі дзверцы, усхапіліся, пабеглі ўглыб рыбкі. Яўмен падняў галаву, з кабіны «газіка» цяжка вылазіў пажылы мажны мужчына:
— Прекратите ловить рыбу!
Голасу i слоў гэтых Яўмен, вядома, не чуў, але ён добра ведаў дырэктара рыбгаса. Ведаў, калі, каму i што той можа сказаць. Ад абурэння ці з іншай нейкай нагоды, слоў дырэктару рыбгаса заўсёды не хапала. Ён увесь кіпеў i пыхаў, калі бачыў вясковага рыбака на канаве, але быў папераджальна-ветлівы: «Прекратите ловить рыбу!» I Яўмену, шчыра кажучы, было шкада гэтага чалавека. На канавах, каля сажалак, ён бачыў дырэктара больш часта, чымсьці дырэктар яго. Дырэктар са світання да ночы не пакідаў свайго «газіка», канавы, сажалак, нібыта быў яшчэ адным звышштатным, але да неверагоднасці сумленным i працавітым i ўедлівым вартаўніком.
Яўмен борздзенька падхапіўся i порскнуў у кусты, нават не ўзняў галавы на дырэктара, баяўся сустрэцца з ім вачыма, убачыць яго вочы, вельмі баяўся: а раптам яны будуць такімі ж, як i ў Драймана, што тады рабіць? Ён перастане тады яго баяцца i паважаць, ён назнарок, назло, каб дапячы яму, палезе ў сажалкі за карпамі. Цяжка будзе жыць i нікога i нічога не баяцца, без боязі немагчыма ўсё ж жыццё, немагчыма, каб не было ў табе ніякага закону, каб табе ўсё было дазволена. Кожны чалавек павінен мець свой закон, бачыць перад сабой рысу, за якую ён не павінен пераступаць, бо, заступіўшы за яе, ён выракаецца сам сябе, выракаецца ад чалавечага ў сабе.
Ён зноў прайшоўся трохі лесам i апынуўся на гале. I як толькі выйшаў на тое гала, усё навокал спахмурнела. Сонца зацягнула хмарамі, хмарамі зацягнула лес i ваду. Лес i вада злавесна аціхлі, аціхлі, знямелі ўмомант птушкі, а дрэвы ў гэтай цішы нібыта падраслі. Не сціснуліся, як, здаецца, трэба было сціснуцца ім у чаканні грымот, у чаканні мо i смерці якога з ix, a распраміліся, як зпяможанай птушкі крылы, раскінулі голле. У паветры ўжо не было больш парнасці, пасвяжэла паветра, стала нават ядраным, крамяным, знікла, утапталася ў зямлю машкарэча. I без дажджу яшчэ адначасова з бліскавіцай грымнуў першы гром. I нарадзіўся вецер. Такі вецер, што загуло ўсё, застагнала, захадзілі ходырам зямля, i дрэвы, i кусты, заплёхалася, забілася ў бераг вада. I ўсё гэта азвалася, загуло i застагнала i ў Яўмене, як i ў той хвоі, пад якой ён стаяў, абапёршыся на яе ствол плячом. Падхопленае віхурай узнялося, паляцела, завіравала смецце — мінулагодняе лісце, прасохлая гліца, голле, пыл, пясок. З гэтага голля i гліцы, зжоўклых лісцяў віхор утварыў нейкае дзівоснае дрэва. Дрэва, якое расло ўніз, у зямлю, макаўкай, без камля, без каранёў, адзінае толькі счарнелае, даўным-даўно ўжо адмёрлае лісце i голле. Дрэва хісталася ва ўсе бакі, пялася дапасці макаўкай да зямлі, учапіцца за зямлю. Але адтуль, куды яно нацэлілася гэтай сваёй макаўкай, як бы i сыходзіў вецер, там i нараджаўся віхор, дзьмуў у макаўку дрэў, не даваў яму дакрануцца зямлі, гойдаў, кружыў, нёс у неба тое, што калісьці было не самым дрэвам, але прыналежала дрэву. А па вершалінах жывых дрэў босымі нагамі бег, шапацеў маладой майскай лістотай майскі лёгкі, чысты i свежы, што маладзік, дождж. Падбег нячутна да віхру i абрынуўся на яго ліўнем, стаптаў створанае ім сухое дрэва, знішчыў i той віхор i супакоіў вецер.
Яўмен адарваўся ад хвоі. Надыходзіў яго час. Выспела яго мінута. Ён, не тоячыся, па-гаснадарску выйшаў на канаву i ўжо ўзяў кірунак да таго месца, дзе браўся некалькі гадзін назад карп. Але тут з боку сажалак высунуў з кустоў галаву Драйман. Яўмен ад прыкрасці аж плюнуў сабе пад погі. Нечага было рабіць, трэба было адвесці вартаўніка ад свайго запаветнага месца. I Яўмен, зноў жа не тоячыся, не аглядваючыся на Драймана, пакрочыў па беразе. Адышоўся з паўкіламетра, спыніўся, разматаў вуду i толькі яе закінуў, як каля паплаўка блёхнула палка. На другім беразе канавы стаялі, моклі пад дажджом Ядрыт-тваю-налева i Ядрыт-тваю-направа. Яўмен усміхнуўся ім, але тыя ніяк не адрэагавалі на гэтую яго добразычлівасць. Скоса зірнулі адзін на аднаго, затупалі, замахалі злосна рукамі: ідзі, маўляў, ідзі адсюль, немчура. I ён пайшоў, па дажджы, па гразі, што ўжо нарабіў дождж. Зрабіў добры крук, прайшоў амаль што не ўсю канаву. Але дзе б ні спыняўся, тут як тут былі ці то Драйман, ці то Ядрыт-тваю-налева з Ядрыт-тваю-направа, ці то сам дырэктар рыбгаса, ківалі яму пальцам, круцілі пальцам каля скроняў. «Ды яны ж мяне пасуць,— зразумеў ён нарэшце, калі зноў yжo быў непадалёку ад таго свайго запаветнага месца.— Яны ж мяне ўзялі ў кола, заціснулі, абклалі з усіх бакоў i пасуць».