Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Дождж пацішэў, але не спыніўся, увайшоў у сілу i ліў, як i раней, пляжылі над лесам i сажалкамі грамы, успорвала неба маланка. Яўмен стаяў каля грушкі, не сваёй — самасейкі. Грушак гэтых, дзічак-самасеек, тут па лесе, каля вады было незлічона, дзе ў нейкі неадкладны час прысядалі над кусцікам хлапчукі, там неўзабаве i раслі грушкі. Тая ж, пад якой стаяў зараз Яўмен, тулілася да хвойкі. I грушка, i хвойка не здольны былі схаваць яго ад дажджу. Дождж мачыў, прашываў наскрозь лістоту, квецень i голкі дрэў, мачыў, прашываў наскрозь i яго. Але нягледзячы на тое, што ён быў ужо ўвесь мокры, i кроплі дажджу з дрэў падалі больш буйныя, чымсьці там, на гале, i больш халодныя, i было ядрана, Яўмен адчуваў смагу. Так хацелася піць, што хоць з гарматы страляй. Па хваёвых іголках, па лісці грушкі гушкаліся, як на арэлях, празрыстыя кроплі вады. Некаторыя з гэтых кропель, як ix усё роўна нехта казытаў, дрыжалі i падалі на адзенне, на твар Яўмена, казыталі твар i шчокі. I Яўмен не ўстрымаўся, пачаў збіраць, злізваць вуснамі, языком кроплі дажджавой вады з іголак i лістоты, з кветак грушкi. Ён злізваў ix i адчуваў, як адыходзіць смага i цела, сэрца поўняцца сілай i рашучасцю. Ніколі ў жыцці яму не даводзілася так смачна піць, i адкуль бы тая вада нi была, з якой бы крыніцы ён ні браў яе, яна не так утольвала смагу, як гэтая. I нічога на свеце не існавала такога, з чым магчыма было параўнаць гэтую ваду. Былі ў тых кроплях нябесны гром i майскія маланкі, яны азорвалі яго змучанае за дзень цела белай усмешкай грушы, шукалi i знаходзілі ўсмешку ў ім, абуджалі ў ім радасць. Радасць маленства, радасць шчаслівых сноў. Яўмен на піўся, набраў з іголак i кветак жменю вады, памыў ёю твар i, памаладзелы, лёгкі, бягом кінуўся ад свайго сховішча да канавы. Ён ведаў, што трэба рабіць, ведаў, як абвесці вакол пальца вартаўнікоў i дырэктара рыбгаса. Навальнца i вада з кветак надалі яму дзёрзкасці i адвагі, хутчэй безразважнасці. I план яго быў вельмі дзёрзкі i рызыковы, але ён не сумняваўся, што здзейсніць яго. Ён абыдзецца яму ў дваццаць пяць рублёў штрафу, а мо крыху i болей. Але што тыя дваццаць пяць рублёў, што, калі i болей, грошы — вада, ёсць — i няма. Затое ж ён зловіць такога карпа, якога яшчэ ніхто ў яго вёсцы не лавіў.
Яўмен як быў у адзенні, у ватоўцы, перабрыў канаву, спыніўся на другім беразе, атросся па-звярынаму, агледзеўся: дзе вартаўнікі, дзе «газік» дырэктара? Навокал было пуста. Дождж пазаганяў ix у хаты, пад стрэхі, ці то мо яны знямелі ад яго нахабнасці, падумаў Яўмен. I ў адкрытую пакрочыў да сажалкі. Да самай дальняй, у якую палез бы красці карпаў толькі бязглузды дурань. Але менавіта на гэтай бязглуздзіцы, недарэчнасці быў i пабудаваны яго план i разлічаны на тое, што не ўкладваецца ў галаве чалавека. Які гэта разумны чалавек сярод белага дня пойдзе вось так, адкрыта на крадзёж, які разумны чалавек добраахвотна возьме i кінецца дваццацьпяткай. I сам Яўмен ішоў, але пасміхаўся з сябе, са сваей дурасці. Пасміхаўся i набліжаўся да сажалак. I яму ніколькі не шкада было той дваццацьпяткі, якую ён у наступную хвіліну выкіне амаль што сабаку пад хвост.
Драйман, правы i левы Ядрыт-тваю i яшчэ нейкія незнаёмыя людзі пабеглі да яго, як толькі ён спыніўся каля сажалкі. Яўмен прывітальна памахаў ім вудай, счакаў, калі яны наблізяцца, будуць ад яго на такой адлегласці, што змогуць разгледзець пустую кайстру, што няма ў ёй аніводнай рыбіны: з дваццаццю пяццю рублямі ён ужо развітаўся, a лішніх грошай не хацеў плаціць — за кожную рыбіну, што злоўлена ў рыбгасных сажалках, акрамя асноўнага штрафу, належала яшчэ плаціць па тры рублі. I вось тых трох рублёў ён ужо шкадаваў. I калі дырэктар, вартаўнікі былі ўжо амаль побач з ім, ён паказаў ім пустую кайстру, нават вывярнуў яе, развёў рукамі: маўляў, пуста ў мяне, нічога я не злавіў, i кінуўся наўцёкі.